Усяго было багата, а свінні – толькі ў абальчан
23.09.2019
—
Разное
Усяго было багата, а свінні – толькі ў абальчан
Традыцыйны восеньскі кірмаш устаноў адукацыі Віцебскай вобласці прайшоў у мінулыя выхадныя каля Лядовага палаца ў абласным цэнтры.
На свяце ўраджаю гандляры радавалі пакупнікоў нізкімі цэнамі на бульбу, капусту, моркву і іншую гародніну. Можна было купіць саджанцы вінаграду, пладовых дрэў і кветак, а таксама садовую мэблю і нават эксклюзіўную вопратку і абутак.
Установы адукацыі вобласці прадставілі прадукцыі на 130 тысяч рублёў. Гандаль ішоў даволі бойка. У гэтым мелі магчымасць пераканацца старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, кіраўнік дэпутацкага корпусу вобласці Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін і многія іншыя, хто халодным восеньскім ранкам завітаў на кірмаш.
Кіраўнік вобласці прызнаўся, што такія мерапрыемствы стараецца не прапускаць.
– Павялічваюцца аб’ёмы прадукцыі, што вырабляюць установы адукацыі, адпаведна расце і выручка ад прададзенага тавару, – заўважыў Мікалай Мікалаевіч. – Гэта дае магчымасць дадаткова развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў, заахвочваць навучэнцаў, педагогаў.
Установы адукацыі Шуміліншчыны таксама прадставілі на кірмашы сваю прадукцыю. Гараджане ахвотна бралі агуркі, моркву, буракі, а таксама вырабы цэнтра дзяцей і моладзі. А Обальская школа апроч традыцыйнай гародніны прывезла на кірмаш парсюкоў. Прасілі за жывёліну 150 рублёў. Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома звярнуў увагу кіраўніка вобласці на тое, што сёння падсобныя гаспадаркі школ здатныя вырошчваць не толькі гародніну, але і жыўнасць.
Мерапрыемства праходзіла пад гукі святочнага канцэрта, падрыхтаванага дзіцячымі творчымі калектывамі. Ахвотнікі маглі пачаставацца шашлыком, гарачай поліўкай і разнастайнай выпечкай.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.209 г.