Мы задалі карэліччанам тры пытанні:
- Што можа даць адмова ад аўтамабіля?
- На чым бы Вы рухаліся, каб аўтамабіляў увогуле не было?
- Ці адмовіцеся Вы ад машыны 22 верасня?
Галіна Кузьміч, педагог-псіхолаг Карэліцкага раённага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі:
- Магчымасць спакойна прагуляцца па роднаму пасёлку, убачыць нейкія прыемныя воку і душы дробязі, зразумець, у якім прыгожым месцы мы жывём.
- Безумоўна, на веласіпедзе.
- Канешне, пакіну аўто дома. Тым больш, што ў нашых Карэлічах усё знаходзіцца ў крокавай даступнасці. Увогуле я рэдка карыстаюся аўтамабілем. За руль саджуся толькі ў тым выпадку, калі трэба ехаць у іншы горад.
Аляксандр Куляка, вядучы інжынер Карэліцкага ўчастка электрасувязі:
- Калі чалавек адмовіцца ад машыны, значыць будзе хадзіць пешшу. Як вядома, рух — гэта жыццё, таму мы будзем больш здаровымі.
- Ездзіў бы на веласіпедзе. Калі выйду на пенсію, адрузу ж перасяду на веласіпед. Цяпер гэта немагчыма, бо мая пасада абавязвае хутка рэагаваць на нейкія пытанні і без аўто ніяк не абысціся.
- На жаль, 22 верасня я буду за рулём. Давядзецца праехаць каля 300 кіламетраў па сямейных абставінах. Але ўжо вырашыў, што ў якасці кампенсацыі ў панядзелак пайду на работу пешшу.
Падрыхтавала Іна ЛЕЙКА