Працоўныя будні сям’і Цішчанка
Кожны раз, калі прыязджаеш у цёплую і прыветлівую вёсачку Трасціно, уражанні застаюцца самыя лепшыя. Пазітыўныя эмоцыі не толькі ад самой вёсачкі, але і ад сустрэчы з людзьмі, якія тут жывуць і працуюць.
– Вельмі раю напісаць пра сям’ю Наталлі і Уладзіміра Цішчанка. Такія малайцы: працавітыя, дружныя, вельмі ўзорная і пазітыўная маладая сям’я, – рэкамендуе па тэлефоне старшыня Трасцінскага сельвыканкама Іна Хількевіч.
Па прапанове Іны Васільеўны накіроўваюся на працоўнае месца маці, яна робіць памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садку ўжо каля шасці гадоў. Кожная раніца дзетак пачынаецца з гігіенічных працэдур, ранішняга сняданка, прагулак на свежым паветры, абеда, дзённага сну – у кожным пункце распарадку памочнік выхавацеля прымае самы непасрэдны ўдзел.
– Іншы раз дамоў прыходзіш стомлены, а трэба яшчэ сваю сям’ю накарміць і кожнаму ўдзяліць увагу. Але сваю справу вельмі люблю, вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, ад іх, як ад сонейка, штодзённа зараджаешся цеплыней і дабрынёй. Яшчэ хачу дадаць: вельмі вялікае значэнне адыгрывае калектыў у якім працуеш, у гэтым плане мне пашанцавала. Ведаю, што ў мяне заўжды ёсць падтрымка, як з боку кіраўніцтва, так і з боку калег – выхавацелей Вольгі Гаўрыленка і Таццяны Пацеенка. Вельмі ўдзячна ім за ўсё, – расказвае суразмоўца.
Як даведалася з размовы, Наталля ў свой час вучылася ў ДПЛ-16 на прадаўца-швачку, але працаваць па спецыяльнасці так і не атрымалася. Ужо падчас навучання пазнаёмілася з будучым мужам, які атрымліваў спецыяльнасць трактарыста-машыніста на гэтым жа патоку. Некаторы час сустракаліся, пасля праводзінаў у армію абяцала чакаць.Час службы праляцеў хутка і прапанову рукі і сэрца дзяўчына прыняла адразу. А мужу пасля службы прапанавалі застацца ў ваеннай часці. Маладой сям’і выдзелілі кватэру. Так яны з Хоцімска перабраліся ў горад Асіповічы, які ў некалькі разоў пераўзыходзіў цэлы наш раён. Абсталяваліся на новым месцы, у сям’і з’явіўся Данік – доўгачаканы першынец.
Многіх можа здзівіць: сёння моладзь наадварот збягае ў горад. Чаму ж Цішчанкі свой выбар зрабілі ў іншы бок?
– У прынцыпе ўсё дазваляла застацца ў горадзе: жыллё, нядрэнны заробак, перспектывы кар’ернага росту. Але прыцягненне роднай любімай зямлі аказалася мацней, з мужам у думках увесь час вярталіся на Хоцімшчыну.Так і не змаглі прамяняць свой куточак, і праз некаторы час з горада мы вярнуліся ў родныя пенаты. Пакуль з’явілася жыллё, прыйшлося некаторы час жыць на здымным. Але ўсе гэтыя нюансы не змянілі нашага рашэння, хоць, прызнаюся, сумненні часам закрадаліся, – працягвае Наталля.
Наталля Уладзіміраўна прызналася, што кожны куток стаў за гэты час ёй родным і дарагім, хоць сама яна родам з вёскі Юзафоўка. Памочнік выхавацеля расказала, што вельмі любіць раніцай прайсціся па любімай сцяжынцы ад дома да працы, калі яшчэ ўсё толькі рыхтуецца сустракаць новы дзень. Гэтак жа любіць сваю вёсачку і глава сямейства, які ўжо на працягу 10 год працуе трактарыстам-механізатарам ААТ «Бабушкино подворье». Уладзіміра Міхайлавіча цэняць на рабоце, так як любую справу, за якую ён не бярэцца, выконвае адказна, з душой. І Наталля і Уладзімір са шматдзетнай сям’і, таму каштоўнасць няпростай сялянскай працы яны ўжо добра ведалі з самага ранняга дзяцінства, калі трэба было дапамагаць бацькам зарабляць на кавалак хлеба.
Візіт у дзіцячы садок супаў з прыемнай падзеяй – днем нараджэння шасцігадовага Багдана. Пакуль дзеткі рыхтаваліся і чакалі ў госці клоўна, вырашыла прагуляцца па пакоях дзіцячага садка і школы. Экскурсія заставіла самыя добрыя ўражанні: добра абсталяваныя класы, чысціня і парадак, як у школе, так і на прылягаючай тэрыторыі. Асобныя ўражанні пакінулі 10 маленькіх выхаванцаў дзіцячага садка, якія не толькі наладзілі экскурсію па групе, пасябравалі са мной, але і зрабілі сапраўдны майстар-клас прыгажосці. А пакуль клоўн забаўляў дзетак, я задала Наталлі Цішчанка пытанне: як маладой сям’і жывецца на вёсцы, ці ўсяго хапае і што б хацелася бачыць у будучым.
– У асноўным хапае ўсяго, калі ж ёсць неабходнасць нешта набыць, можам адправіцца за пакупкамі ў бліжэйшы райцэнтр на машыне, ды і аўтобусы ходзяць пастаянна, калі што. Чаго б хацелася ў будучым: каб вёсачка наша з кожным годам квітнела, з’яўлялася ўсё больш моладзі, нараджаліся дзеткі, была праца. А яшчэ мне падаецца: сэнс мае не тое, дзе жывеш – у горадзе ці вёсцы, важна тое, як ставішся да таго месца, якое выбраў месцам жыцця, дзе стварыў сям’ю. Гэта можа быць і такая маленькая весачка, як наша, а можа быць і вялікі горад – вельмі важна правільна адносіцца да сваёй радзімы і сваімі ўчынкамі імкнуцца ўнесці, няхай і невялічкі, уклад на карысць свайго любімага краю, – працягвае Наталля Цішчанка.
Магчыма на гэтай прыгожай ноце наша сустрэча і скончылася б, але ўсё ж яна была б не поўнай без знаёмства з главой сямейства. На момант, калі мы ўсёй сям’ёй завіталі да прыгожага дому, які адразу выдзяляўся на вуліцы Пралетарскай, бацька займаўся дамашнімі клопатамі. Гэта было вялікім супадзеннем сустрэцца з ім дома, бо большую частку часу ён праводзіць на рабоце.
Яшчэ падчас размовы даведваюся, што ў сям’і падрастаюць сапраўдныя памочнікі: калі патрэбна Данік і Матвей могуць і з татам на трактары папрацаваць, і матулі дапамагчы прыбрацца ў хаце. Ёсць тут і свае традыцыі: самыя любімыя моманты, калі ўся сям’я збіраецца за адным сталом на святы. А вось для хобі асабліва часу няма, хоць у кожнага ёсць любімы занятак: старэйшы Данік любіць футбол і веласіпед, малодшы Матвей – слухаць музыку, маці – прыгатаваць штосьці смачнае для любімых дамачадцаў.
Вось так няспешна і дружна праходзяць будні сям’і. На першы погляд нічога незвычайнага, але разам з тым так цёпла і па-дамашняму, і яшчэ, не паспеўшы развітацца з сям’ёй, зноў хочацца наведацца ў госці за хвілінкамі пазітыва і дабрыні.
Вольга ЗАЙЦАВА