В Ушачском районе появились «остановки безопасности»
Жыхары Кубліч цяпер выдатна будуць ведаць, што пры пажары трэба набіраць 101 ці 112, кідаць у лесе запалкі нельга, курыць і разводзіць вогнішчы небяспечна. Аб гэтым кублічанам нагадвае… аўтобусны прыпынак у цэнтры аграгарадка, які нядаўна прыкметна абнавіўся і прыцягвае ўвагу ўсіх, хто праходзіць, праязджае міма ці чакае грамадскі транспарт.
Выратавальнікі пастаянна шукаюць новыя даступныя рашэнні і спосабы данесці да грамадзян важнасць выканання правіл бяспекі. У многіх раёнах краіны ўжо з’явіліся тэматычныя прыпынкі, а ў рамках адзінага дня бяспекі “абзавяліся” такімі і на Ушаччыне. Сумесны прафілактычны праект рэалізавалі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і Кубліцкі сельсавет. “Вырашылі зрабіць гэтае грамадскае месца інфарматыўным, засяродзіць увагу вяскоўцаў на важным, – зазначае старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Васільеўна Ярмош. – Малюнак падбіралі яркі і запамінальны!”
Над яго афармленнем больш тыдня працаваў ураджэнец Слабодкі, малады мастак Іван Вацьковіч. Сваю лепту ўнесла і дарожная служба, якая выдзеліла фарбы. Таму яркі малюнак расказвае не толькі аб пажарнай, а і дарожнай бяспецы.
Гэта будзе не адзіны такі прыпынак на тэрыторыі сельсавета: хутка такія ж з’явяцца яшчэ і ў некаторых іншых вёсках, і нагадаюць аб правілах пажарнай і электрабяспекі.
Зрэшты, прыкметна пераўвасобіўся нядаўна і аўтобусны прыпынак у Двор Пліне. Для яго быў абраны даволі распаўсюджаны малюнак з лозунгамі “Не курыце ў ложку!”, “Не выпрабоўвайце лёс!”. І недарэмна, каля 90 працэнтаў загінуўшых на пажарах людзей дазволілі сабе такія паводзіны. Над гэтым аб’ектам “чараваў” дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч.
“Дарога ў напрамку мемарыяльнага комплексу “Прарыў” з’яўляецца дастаткова ажыўленай – штодня па ёй перамяшчаецца мноства людзей і машын, а таму мяркуем зрабіць яе “бяспечнай”, тэматычна аформіўшы яшчэ некалькі аўтобусных прыпынкаў”, – адзначае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Яўгенавіч Аваднёў.
“Эфектна і запамінальна!” – падобныя водгукі ўжо давялося пачуць ад тых, хто пабачыў размалёваныя прыпынкі на свае вочы. Будзем спадзявацца, што гэты спосаб прафілактыкі стане не толькі эфектным, але і эфектыўным!
Вольга КАМАРКОВА.