Вучэнні. Спрацавалі зладжана і аператыўна.
У канцы жніўня на базе прыватнага прадпрыемства “Камплект-М” у гарадскім пасёлку прайшлі тактыка-спецыяльныя вучэнні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Іх асноўнай мэтай стала падрыхтоўка персаналу прадпрыемства да ліквідацыі ўзгарання на аб’екце, а таксама праверка зладжанасці дзеянняў выратавальнікаў-пажарных у надзвычайных сітуацыях.
У 11 гадзін на пульт цэнтральнага аператыўнага кіравання ПАВЧ № 1 паступіла тэлефанаванне аб узгаранні ў адным з цахоў дрэваапрацоўчага прадпрыемства “Камплект-М”. Па трывозе на месца ўзгарання выехалі тры пажарныя разлікі, дадаткова былі прыцягнуты сілы сельскіх пажарных аварыйна-выратавальных пастоў нашага раёна.
Папярэдне быў створаны аператыўны штаб па ліквідацыі ўзгарання, у склад якога ўваходзілі не толькі супрацоўнікі РАНС, але яшчэ дырэктар прадпрыемства, адказныя спецыялісты за пажарную бяспеку і за ахову працы.
Дзякуючы зладжаным дзеянням як персаналу прадпрыемства, так і асабоваму складу РАНС, удалося аператыўна ліквідаваць умоўнае ўзгаранне.
— Трэба сказаць, што чарговае вучэнне прайшло на належным узроўні, — паведаміў нам намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Аляксей Раманаў. — У цесным узаемадзеянні з нашымі супрацоўнікамі спрацавалі спецыялісты раёна электрычных сетак, хуткай медыцынскай дапамогі і раённага аддзела ўнутраных спраў. Алгарытм дзеянняў усіх названых служб быў пабудаваны правільна, што і падкрэсліў станоўчы вынік праведзеных вучэнняў.
Сяргей РАЙЧОНАК.