Як выхаваць юнага даследчыка за школьнай партай: новы STEM-клас адкрыўся ў сярэдняй школе № 1 нашага гарадскога пасёлка
Магчымасць сабраць робата або нават паспрабаваць стварыць уласную праграму для камп’ютара з’явілася ў шаркаўшчынскх дзяцей. 6 верасня ў сярэдняй школе № 1 нашага гарадскога пасёлка адбылося ўрачыстае адкрыццё STEM-класа. У 2018 годзе асацыяцыя “Адукацыя для будучыні ” пры садзейнічанні вядучых IT-кампаній аганізавала і правяла рэспубліканскі конкурс “Хачу вучыцца ў STEM-класе”. Сярэдняя школа № 1 з нашага раёна ва ўмовах высокай канкурэнцыі ўвайшла ў лік пераможцаў і заваявала 3 месца з 270 ўдзельнікаў. А ў якасці ўзнагароды атрымала новы STEM-клас. Дзякуючы яму дапытлівыя і таленавітыя шакаўшчынскія дзеці адкрыюць для сябе займальны свет праграміравання і робататэхнікі , адшукаюць і новыя іншыя магчымасці , без якіх складана ўявіць жыццё ў сучасным сучаснага грамадстве.
Спалучэнне дакладных навук, тэхналогій, інжынерыі і матэматыкі, вядомае як абрэвіятура STEM, мяняе свет вакол нас. А адкрыты новы сучасны клас , гэта першы крок да новых тэхналогій і да той будучыні, якіх вы можаце дасягнуць незалежна ад таго, дзе знаходзіцеся,- паведаміў падчас адкрыцця STEM-класа дырэктар асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” Аляксандр Хоміч. У 21 стагоддзі чалавеку не абавязкова жыць у вялікім горадзе, каб атрымаць магчымасць развівацца. Дзякуючы сучасным тэхналогіям і інтэрнету можна знаходзіцца ў любой кропцы планеты, плённа вучыцца і працаваць.
Акрамя гэтага, кіраўнік асацыяцыі адзначыў, што нават у Мінску STEM-класы яшчэ не адчынены, а ў шаркаўшчынскіх дзяцей, якія перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе, з‘явілася магчымасць развівацца і ўжо на навым узроўні вывучаць праграміраванне і робататэхніку, накірункі, надзвычай запатрабаваныя і цікавыя для сучасных дзяцей і моладзі.
У Шаркаўшчыне праект па адкрыцці новага сучаснага STEM- класа быў паспяхова рэалізаваны, дзякуючы сумесным намаганням асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”, аддзела па адукацыі Шаркаўшчынскага райвыканкама і спонсарскай дапамозе, якую аказаў індывідуальны прадпрымальнік з Мінска Сяргей Ганчар. Для паспяховай работы класа ад спонсара школа атрымала 10 ноутбукаў, 5 асноўных і 5 рэзервных канструктараў Лега і тэлевізар. Аддзелам па адукацыі райвыканкама школе аказана неабходная фінансавая дапамога, дзякуючы якой у новым класе быў праведзены рамонт. Эстэтычнае афармленне класа і яго дызайн распрацаваны выпускніцай сярэдняй школы № 1, медалісткай, а ў цяперашні час студэнткай Беларускай акадэміі мастацтваў Маргарытай Аніська. А ўжо ідэі Маргарыты на практыцы рэалізавала і па-мастацку аформіла памяшканне настаўніца Таццяна Валер’еўна Гембіцкая. Дзякуючы падтрымцы ўсіх гэтых людзей з дапамогай новай сучаснай тэхнікі і абсталявання вучні ўжо на новым узроўні будуць вывучаць праграміраванне і распрацоўваць свае ўласныя праекты. Праводзіць заняткі з вучнямі будуць педагогі: Ірэна Іванаўна Тарнёнак, Барыс Серафімавіч Лонскі, Ядзвіга Вітальеўна Балай і Юлія Аляксандраўна Магаліцкая.
У дзень адкрыцця STEM-класа словы падзякі прадстаўнікам асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” выказалі намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі і дырэктар сярэдняй школы № 1 Сяргей Рафаілавіч Ганебны. А потым пад гукі музыкі ганаровыя госці разам з дырэктарам навучальнай установы перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку і ўрачыста адкрылі новы STEM-клас. У які, дарэчы, першым запусцілі робаката: калектыў школы паважае традыцыі і пры гэтым не баіцца іх відазмяняць.
У дзень адкрыцця STEM-класа свае цікавыя праекты, падрыхтаваныя разам з педагогамі гасцям мерапрыемства прадэманстравалі вучні школы: Уладзіслаў Смерцеў і Міхаіл Свяцкі ( 7 клас), Уладзіслаў Александровіч і Дзмітрый Марозаў (5 клас), Віталій Балай (5 клас) Аляксвей Хвяцковіч (9 клас). Настаўніца гісторыі Аксана Анатольеўна Бабоўская з вучаніцай 9 класа Палінай Касцюкевіч прадставілі гістарычны праект, прадэманстраваўшы макет разбуранага ў 1963 годзе касцёла, на месцы знаходжання якога у цэнтры нашага гарадскога пасёлка нядаўна быў усталяваны памятны знак. Яшчэ адзін цікавы праект – сямейны: “Робата Фёдара”, які валодае штучным інтэлектам, разам са сваім сынам Іллёй стварыў Леанід Грыгаровіч. Пры гэтым ён адзначыў, што такі цікавы і перспектыўны накірунак для дзяцей, як робататэхніка, атрымаў усебаковую падтрымку ў бацькоў вучняў. У цяперашні час у школе ўжо ў поўным аб’ёме сфарміраваны вучэбныя групы і вучні пад кіраўніцтвам педагогаў прыступілі да заняткаў. І ўжо сёння ў планах юных даследчыкаў – прыняць удзел і паспрабаваць свае сілы ў рэспубліканскім турніры юных робататэхнікаў у Мінску
-А пакуль што на занятках у STEM -класах дзеці будуць вучыцца ствараць праграмы і сайты, канструіраваць робатаў, выкарыстоўваючы веды законаў фізікі, інфарматыкі, матэматыкі, хіміі, біялогіі, некаторых іншых вучэбных дысцыплін,- адзначае настаўніца інфарматыкі Ірэна Іванаўна Тарнёнак — Гэта павысіць інтарэс шаркаўшчынскіх дзяцей да дакладных навук, павялічыць агульны ўзровень іх ведаў, а таксама стане своеасаблівай матывацыяй для таго, каб выбраць адну з тэхнічных спецыяльнасцяў (надзвычай запатрабаваных у наш час) у перспектыве. І нават калі нашы вучні не звяжуць сваё далейшае жыццё з ІТ-тэхналогіямі, вучоба ў STEM-класе дапаможа ім развіць лагічнае мысленне, навучыць працаваць у камандзе, пазнаёміць з новымі сучаснымі тэхналогіямі.
А вось што расказваюць пра свой новы клас самі дзеці.
Уладзіслаў Александровіч (5 клас): “Мы з сябрамі вельмі чакалі адкрыцця новага STEM-класа.Мае любімыя прадметы матэматыка і інфарматыка стануць яшчэ больш цікавымі, бо вывучаць мы іх зможам з дапамогай новай тэхнікі, выкарыстоўваючы самыя перадавыя тэхналогіі. А гэта вельмі цікава!
Міхаіл Свяцкі ( клас) і Уладзіслаў Смерцеў (7 клас):
-Свой першы праект па робататэхніцы з дапамогай Ірэны Іванаўны Тарнёнак мы распрацавалі, калі ў школе не было яшчэ новых канструктараў лега і неабходнага абсталяванне. З дапамогай платы мікрабіт нам удалося стварыць цікавае прыстасаванне для паліву раслін. Гэта не толькі цікавы, але і надзвычай карысны прадукт. А з адкрыццём новага класа ў школе з’явіліся і новыя магчымасці для правядзення эксперыментаў. Значыць усё самае цікавае яшчэ наперадзе!”.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара і асацыяцыі «Адукацыя для будучыні»