Мужчыну, затрыманаму за забойства жанчыны пад Жлобінам, выставілі абвінавачанне

Дом у вёсцы Кругавец пад Жлобінам, дзе адбылося забойства / sk.gov.by
Следчы камітэт працягвае расследаванне забойства 45-гадовай расіянкі ў Жлобінскім раёне, паведамляе прэс-служба ведамства.
Некалькі гадоў таму жыхарка Мурманскай вобласці купіла дом у вёсцы Кругавец. Летам яна жыла ў гэтым доме разам з трыма непаўналетнімі дзецьмі. Як адзначае следства, жанчына падтрымлівала адносіны з 34-гадовым мужчынам, які дапамагаў ёй па гаспадарцы.
За некалькі дзён да забойства старэйшыя дзеці з'ехалі дадому, а з маці застаўся толькі шасцігадовы сын.
У ноч з 22-га на 23 жніўня, як лічаць следчыя, жанчына пасварылася з п'яным мужчынам. Спачатку ён стукнуў яе, а потым задушыў. Пасля гэтага мужчына закапаў цела побач з мяжой дачнага ўчастка. Са старонкі жанчыны ў сацсетцы ён напісаў дачцэ ад яе імя просьбу нагадаць пін-код банкаўскай карткі. Даведаўшыся пін-код, мужчына зняў частку грошай з рахунку загінулай.
Зранку 23 жніўня мужчына сказаў сыну пацярпелай, што яго маці паехала ў Мінск. Праз дзень ён паехаў з дзіцем на чыгуначную станцыю "Салтанаўка" — нібыта, каб сустрэць жанчыну з цягніка. Там ён пакінуў хлопчыка, а сам з'ехаў на дызель-цягніку ў Гомель.
Хлопчыка знайшлі міліцыянты і сталі шукаць яго маці. Яны знайшлі ўчастак рыхлага грунту каля яе дома. Там знайшлі цела забітай. Неўзабаве праваахоўнікі затрымалі мужчыну.
З яго ўдзелам быў праведзены шэраг следчых дзеянняў, у тым ліку праверка паказанняў на месцы здарэння з ужываннем відэазапісу. Следчыя дапыталі мужа, дзіця, суседзяў пацярпелай па вёсцы Кругавец, а таксама іншых асобаў.
Мужчыну выставілі абвінавачанне ў забойстве. Канчатковая прававая ацэнка яго дзеянням будзе зробленая пасля завяршэння расследавання.