Молодые специалисты-педагоги прибыли на Миорщину
Сёлета ў аддзел па адукацыі прыехалі сем маладых спецыялістаў. Чацвёра – выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, трое скончылі Полацкі педагагічны каледж. Новымі кадрамі папоўніліся СШ № 3 імя Я. Томкі, Дзісенская і Туркоўская школы, Міёрскія яслі-сады № 2 і № 3, раённы Цэнтр дзяцей і моладзі.
З выпускніком гістарычнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава Максімам ФІЛІПОВІЧАМ пазнаёміліся 11 гадоў таму ў Цвецінскай сярэдняй школе. Мне, маладой настаўніцы, далі класнае кіраўніцтва ў пятым класе. Пяць хлопчыкаў і тры дзяўчынкі. Непасрэдныя, шчырыя, старанныя. Максім вызначаўся спакойным стрыманым характарам і разважлівасцю, цікавіўся гісторыяй і фільмамі пра Вялікую Айчынную вайну.
– У школе ў дні самакіравання падабалася весці ўрокі. Аднак канчаткова з будучай прафесіяй вызначыўся ў выпускным класе, – расказвае былы вучань.
Наша размова адбываецца за паўтара тыдня да новага навучальнага года. Максім Філіповіч сустрэне яго ў якасці настаўніка гісторыі і грамадазнаўства.
За плячыма чатыры гады вучобы ва ўніверсітэце. Быў актыўным на занятках, таму залікі і экзамены нярэдка атрымліваў аўтаматам. Цікавай атрымалася археалагічная практыка пасля першага курса. У Шумілінскім раёне раскапалі скандынаўскую стаянку. Знайшлі крыжыкі, візантыйскія і арабскія манеты. Пасля другога курса вучыліся працаваць з дакументамі ў абласным архіве і музеі Шмырова.
З усмешкай прыгадвае ўчарашні студэнт, як першакурснікам сумаваў па доме. Аднакласнікі хто ў Полацк, хто ў Мінск паступілі. У Віцебску знаёмых не было. На самай першай пары сядзеў і думаў: «Калі ўсё гэта скончыцца?..»
Сваю мэту – атрымаць дыплом і ўладкавацца на працу – Максім дасягнуў. Будзе выкладаць у пяці- і дзевяцікласнікаў СШ № 3 імя Я. Томкі. Яшчэ паўстаўкі ў санаторыі «Расінка».
– Размеркаваннем задаволены, – заўважае малады настаўнік. – Многія аднагрупнікі хацелі ў Віцебску застацца. Для мяне непрынцыпова, у якой школе працаваць: сельскай ці гарадской. Вярнуўся б у сваю Цвецінскую, але яна зачынена.
Педагагічны вопыт атрымліваў на практыцы ў школе № 45 г. Віцебска. Прыгадвае, як у першы дзень падышла настаўніца гісторыі і сказала: «А слабо сёння ўрок правесці?» Быў з сабой ноўтбук і 40 хвілін часу ў запасе. Паспеў падрыхтавацца, урок гісторыі Беларусі ў шостым класе атрымаўся. У мінулым годзе праходзіў практыку ў Дзісенскай школе пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Ірыны Іосіфаўны Галуза.
Пасля трэцяга курса працаваў у летнім лагеры ў Шумілінскім раёне. Прызнаецца: весці ўрокі падабаецца больш, чым арганізоўваць вольны час дзяцей.
Паралельна з заняткамі на факультэце Максім скончыў ваенную кафедру. Запомнілася практыка ў вайсковых часцях у Віцебску і Заслонаве. Дарэчы, у апошняй застаўся служыць па кантракце старэйшы брат Арцём. Малодшы Уладзіслаў пойдзе ў сёмы клас.
Максім рады, што будзе працаваць непадалёку ад бацькоўскага дома. Хоць дабрацца да яго з Міёр на грамадскім транспарце праблемна. У райцэнтры жыллё знайшоў сам. Аплата за здымную кватэру – 100 долараў у месяц без уліку камунальных паслуг. Да бытавых і матэрыяльных складанасцей ставіцца з уласцівымі яму спакоем і разважлівасцю.
Гатовы да настаўніцкіх будняў. Прыступае да працы з трывалымі ведамі па прадмеце, з жаданнем вучыць і вучыцца. Цяпер мэта – сцвердзіцца ў абранай прафесіі.
Фота з архіва Максіма ФІЛІПОВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Пра Міёрскі раён ураджэнка горада Крычава Магілёўскай вобласці Вікторыя БАБІЧАВА мала што ведала да размеркавання. Першае працоўнае месца выпускніцы філалагічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава – Дзісенская сярэдняя школа.
Настаўнікамі не нараджаюцца – імі становяцца. Да такой высновы Вікторыя Бабічава прыйшла падчас практыкі ў адной з віцебскіх гімназій.
– Можна прачытаць мноства кніг пра тое, як весці ўрок, але пакуль не паспрабуеш, не навучышся, – заўважае малады педагог. – Памятаю, як пісала план-канспект урока і хвалявалася, ці змагу растлумачыць вучням матэрыял. Звінеў званок, заходзіла ў клас, віталася і ўрок ішоў сваім ходам.
Практыка падчас вучобы ва ўніверсітэце яшчэ больш распаліла цікавасць да настаўніцкай прафесіі, з якой вызначылася з малых гадоў.
Маленькай дзяўчынкай Віка прыходзіла на работу да бабулі, якая вяла ў школе гурткі. Падабалася атмасфера, што панавала ў навучальнай установе. Любоў да літаратуры перадалася ад другой бабулі. Разам чыталі кнігі з яе хатняй бібліятэкі і аналізавалі сюжэты і ўчынкі герояў.Закладзенае ў сям’і падтрымалі педагогі. Абодва класныя кіраўнікі былі філолагамі. Таму ў выпускным класе Віка дакладна ведала, кім хоча стаць. Толькі замест Магілёўскага ўніверсітэта вырашыла паступаць у Віцебскі.
– Хацелася новых гарызонтаў. Дома ўсё здавалася звыклым і знаёмым. Пасля сумавала па родных мясцінах, бо прыехаць атрымлівалася нячаста, – расказвае субяседніца. – Пра вучобу ва ўніверсітэце засталіся цёплыя ўспаміны. На факультэце панавала творчая атмасфера. Выкладчыкі былі на адной хвалі са студэнтамі, не існавала межаў у зносінах паміж курсамі.
Новая старонка ў жыцці Вікторыі адгарнулася 13 жніўня. Прыехала на работу ў Дзісну. Не ведала, дзе пераначаваць у незнаёмым гарадку. Знайсці часовы прыстанак дапамагла намеснік дырэктара школы. Пасадзейнічала адміністрацыя ў пошуку пастаяннага жылля. Здымная двухпакаёвая кватэра абыдзецца маладому спецыялісту ў 50 долараў. Прывыкае да новых умоў і гарадка, пра існаванне якога раней не ведала.
– Ехала сюды з негатыўным настроем. Аднак многае аказалася не такім, як уяўляла. У маленькім горадзе адпачываеш душой. Такой нязвыклай здавалася напачатку цішыня. Вельмі здзівіла, што за адзеннем і абуткам мясцовыя жыхары вымушаны ехаць у суседнія гарады, – дзеліцца ўражаннямі Вікторыя. – Цёпла прынялі ў калектыве. Спадабалася школа. Акуратная, дагледжаная. Па ўсім відаць, што яе вельмі берагуць.
Вікторыя будзе выкладаць рускую мову і літаратуру. Ва ўсіх класах, акрамя пятага. Да работы прыступае з энтузіязмам.
– Кожная прафесія мае нюансы. Пытанне ў тым, гатовы ты іх прыняць або не, – мяркуе настаўніца. – У сваёй справе трэба імкнуцца да пастаяннага развіцця і самаўдасканалення.
Фота з архіва Вікторыі БАБІЧАВАЙ.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.