Калі ў сэрцы святое – Радзіма. У Слоніме Саюз пісьменнікаў Беларусі прэзентаваў новы зборнік
01.09.2019
—
Разное
Урачыстая цырымонія гашэння канверта на галоўнай пляцоўцы свята саступіла месца літаратурна-мастацкай дзеі “Край бацькоўскі мой, край беларускі”, падчас якой Саюз пісьменнікаў Беларусі прэзентаваў зборнік “Мая Радзіма”. Ён рыхтаваўся менавіта да Дня беларускага пісьменства, і днямі пабачыў свет. Зборнік выйшаў тыражом 1000 экзэмпляраў. У яго ўвайшлі творы сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў, прысвечаных Радзіме, мове. Кожны твор — жыццёвая мініяцюра пра блізкае і дарагое.
Сярод імёнаў аўтараў — Міхась Башлакоў, Навум Гальпяровіч, Марыя Кобец. Людміла Кебіч, Міхась Пазнякоў, Алена Стэльмах. Сёння яны выйшлі на святочную сцэну, каб услых прачытаць, праспяваць прысвечаныя Радзіме радкі, пазнаёміць чытачоў са сваёй творчасцю. Некаторыя прыехалі сюды з Міншчыны. Са шчырым пачуццём яны чыталі вершы, выконвалі песні.
Сакавіта, пранікнёна, прыгожа гучала пісьменніцкае шматгалоссе. Вось дзе можна было наталіцца родным словам! У новай кнізе Саюз пісьменнікаў Беларусі сабраў не толькі лепшыя творы-прысвячэнні родным мясцінам майстроў мастацкага слова. Кранае і ўражвае багаты фотаматэрыял. Жывыя і выразныя сюжэты, маляўнічыя краявіды патрапілі ў аб’ектывы таленавітых фатографаў Яўгена Пясецкага і Уладзіслава Цыдзіка.