Аб захаванні і развіцці духоўнай спадчыны беларускага народа. Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Слонімскія чытанні 2019” праходзіць у сталіцы Дня беларускага пісьменства
31.08.2019
—
Разное
Дзень беларускага пісьменства — гэта не толькі яскравыя канцэрты і выставы. Свята мае і больш сур’езную мэту — аб’яднаць навуковы і тэарэтычны патэнцыял айчынных даследчыкаў, абмеркаваць сённяшні дзень беларускага кнігадрукавання і актуальныя пытанні і тэмы пісьменніцкай галіны. Таму знакава, што сёння ў Слоніме ў межах XXVI Дня беларускага пісьменства з’ехаліся вядомыя і аутарытэтныя эксперты з ўсей рэспублікі.

Дарэчы, нацыянальнае свята заўсёды пачынаецца з такога мерапрыемства, якое прымеркавана да ўнікальных асаблівасцей таго рэгіёна, дзе праводзіцца Дзень пісьменства і з улікам яго гісторыка-культурнай спадчыны. Гэтым разам такой падзеяй стала рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Слонімскія чытанні 2019”.
Тым часам і прадстаўніцтва навуковых колаў даволі шырокае і з розных сфераў. На гэты раз канферэнцыя ўключае 26 дакладаў,шматлікіх прадстаўнікоў з розных галін навукі: літаратуры, гісторыі, археалогіі, этнаграфіі.
Асаблівасць форуму, як падкрэсліваюць удзельнікі, у яго інтэграваным характары. У канферэнцыі ўдзельнічаюць не толькі вядомыя вучоныя, а таксама прадстаўнікі рэгіёна, а менавіта Слонімшчыны, – настаўнікі, краязнаўцы і нават маладыя таленты са школ раёну. Па выніках работы навукова-практычнай канферэнцыі будзе і рэальны вынік — мяркуецца падрыхтаваць зборнік.
Адкрыў нараду дырэктар філіяла “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Ігар Капылоў. Асноўная мэта навуковага форуму – захаванне і развіццё духоўнай спадчыны беларускага народа, папулярызацыя нацыянальнай культуры і традыцый.

Ігар Капылоў адзначыў, што сёння заслужана свята прыйшло ў Слонім, у адзін з прыгажэйшых гарадоў Беларусі са слаўнай гісторыяй, метафарычна кажучы горад, які быў калыскай для славутых пісьменнікаў і навуковых дзеячаў, такіх як Алег Лойка, Алесь Якімовіч, Сяргей Дарожны, Янка Саламевіч і інш.
У сваю чаргу, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя перадаў прывітальны адрас ад старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара эканамічных навук, акадэміка НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова. Ён падкрэсліў, што навукоўцы супрацоўнічаюць з экспертнымі профільнымі арганізацыямі з 90 краін, і сення навука зяўляецца рухавіком стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы, а інтэлект нацыі – галоўнае багацце краіны.


Сярдэчныя словы павагі беларускаму слову і сенняшняй сталіцы Дня беларускага пісьменства адрасавалі намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, старшыня грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд культуры” Тадэвуш Стружэцкі, беларускі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч.
Ад імя Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі былі ўручаны граматы і падзякі слонімцам: Сяргею Клёсаву, Веры Фядута, Ірыне Радзецкай, Васілю Ракуцю, Ірыне Шпырковай, Сяргею Чыгрыну.







