Жатва-2019 в КУСХП «Глыбочаны»

Источник материала:  
27.08.2019 — Разное

“Пойдзе – не пойдзе”, – гледзячы на пахмурнае неба, гадалі хлебаробы КУСГП “Глыбачаны”, не прамінуўшы жартам папракнуць, што гэта мы прывезлі ім дождж. Моцны яшчэ не ішоў, аднак паспеў пацерушыць і так росную з раніцы збажыну зусім непатрэбнымі дадатковымі кроплямі.

“Нармальнай уборка не атрымаецца і сёння”, – з сумам зазначыў Сямён Міхайлавіч Мартыненка. За дваццаць год працы на камбайне механізатару не патрэбны барометры, каб вызначыць, пры якой вільготнасці вымалаціцца зерне. Яго і так шмат застаецца ў саломе, калі чысцяць забітыя рашоткі. “Праз дзве гадзіны ўборкі проста вымушаны рабіць прыпынак, абавязкова прачышчаць. Ну а на такім полі – тым больш”.

Яны пераехалі на вяркудскі бок, на азімае жыта, моцна палеглае, ужо прыкметна зарослае і ў дадатак з падсеянай каню­шынай. Самы горшы варыянт сёлетняга года – вільготнасць з усіх бакоў. Прычым нахіленыя да травы каласы механізатары лічылі самым меншым злом. “Гэта мы возьмем і без сцеблапад’ёмнікаў, на мінімум апусцім жняярку, матавіла зачэпіць каласы і пойдзе, – дадаў малады напарнік С.Мартыненкі Уладзімір Тараканаў. – Нас спецыяльна так паставілі, маладога і вопытнага, каб падказваў, калі што, дапамагаў”.Жатва-2019 в КУСХП «Глыбочаны»

Сямён Міхайлавіч і сапраўды папрацаваў на самых розных марках камбайнаў. Памятае і “Колас”, і “Ніву”, і “Енісей” на гусенічным ходзе. “Вось такі спатрэбіўся б сёлета. На многіх палях пакідаем нізінныя ўчасткі, куды пакуль не заехаць. Выбіраем спачатку сушэйшыя, потым вяртаемся. Непрадукцыйна гэта, а што зробіш. У параўнанні з мінулым годам ураджайнасць добрая, вельмі шкада глядзець, як адбірае яе непагадзь. І чым далей, тым больш”.

У дажджлівыя дні камбайнеры могуць браць выхадны. Аднак ім не рады, хоць нямала работы і дома. Самы час для заробкаў, якія залежаць выключна ад танажу. А атрымліваецца, як у прымаўцы: бачыць вока, ды ляжыць высока. У нашым выпадку, праўда, наадварот – вельмі нізка. Часам настолькі, што падсеяная канюшына ўжо абагнала яравы авёс.

“Яго б на корм адразу з травой пусціць – быў бы вельмі пажыўны. Ды шкада. Авёс сартавы, – паказваў здымкі з учарашняй уборкі дырэктар гаспадаркі Алег Аляксандравіч Ляшчынскі. – Спёка стаяла, калі расліны фарміраваліся, таму нізенькі, а травы наадварот падняліся падчас пастаянных дажджоў, вунь якія добрыя. Не жніво, а сапраўды барацьба за ўраджай, ні абмалаціць, ні заехаць, лужы стаяць”. І ў пацвярджэнне слоў механізатараў дадаў: “Гаворыць Прэзідэнт аб неабходнасці выпуску камбайнаў на гусенічным ходзе – і вельмі правільна, нам бы мінімум два такіх спатрэбілася”.

А паколькі няма, радуюцца і двум “Нью-Холандам”, якія перакінуў камбінат хлебапрадуктаў, каб не згубіць вырашчанае. У “Глыбачанах” ужо намалацілі 1150 тон, разлічваюць на ўдвая большы вал. І Алег Аляксандравіч патлумачыў, што для гэтага рабілі: “Летась гаспадарка чужымі камбайнамі сабрала ўсяго 530 тон, ураджайнасць была 12 цэнтнераў з гектара. Таму вясной мы паставілі перад сабой задачу павялічыць вал у чатыры разы і ад гэтага пакуль не адмаўляемся. На палях гэты танаж ёсць. Падкармілі азотнымі і калійнымі ўсе азімыя і палову яравых, правялі хімпраполку, ды і тэхналогія ўзворвання дыскапакам лепшая. Таму на асобных участках азімая пшаніца была па 50 цэнтнераў, а ў цэлым дала 31. У “Глыбачанах”, на жаль, практычна няма сваёй тэхнікі. Літаральна з лому падняў Генадзь Анатольевіч Чыграй МАЗ, нанялі яшчэ дзве прыватныя машыны. На трактары адвозіў Генадзь Леанідавіч Качан, яго былі вымушаны перакінуць на прасаванне. Нам бы яшчэ два прэсы вельмі дарэчы, прасіў у КХП, пакуль не могуць дапамагчы. Мы ж пашыраем статак, а тут дармавыя кармы – каштоўная аўсяная салома”.

Так, у “Глыбачанах” істотнае ажыўленне літаральна ва ўсіх напрамках вытворчасці. Аднак калі я пахваліла іх за добрую ўраджайнасць, Алег Аляксандравіч, аграном па адукацыі, толькі ўсміхнуўся: “Яно так, аднак калі я раней атрымліваў па 50 цэнтнераў на круг, то гэта для мяне больш чым сціпла”.

І нават на самых урадлівых палетках яе даводзіцца адваёўваць. “Так, 50 дала пшаніца за Быстрыкамі. Аднак і там суцэльнай уборкі, каб стаў і паехаў, не было. У самы пагодны дзень максімум 10 бункераў намалаціў”, – пацвярджае Сямён Міхайлавіч Мартыненка, якога ў гаспадарцы клічуць “наш Будзённы”. Хаця на легендарнага цёзку ён не падобны ні знешне, ні па характары: надзвычай спакойны, інтэлігентны чалавек, які пачаў працаваць у гаспадарцы адразу пасля заканчэння школы, атрымаўшы паралельна ў вучэбна-працоўным камбінаце правы трактарыста. За гонар было ў пачатку 80-х трапіць на работу ў “Глыбачаны”. Хаця трэба аддаць павагу і яму, і калегу Валодзю Тараканаву, які па ўзросце даводзіцца сынам, што не толькі не здраджваюць сваёй малой радзіме, але і лічаць працу на зямлі самай годнай. Сёлета яны перабралі свае дзевяцігадовыя камбайны, якія і ходзяць без сур’ёзных паломак. Калі што, напрыклад, працаёмкая замена рэменя, дапамагаюць адзін аднаму, як і выцягваць з гразі. “Мы хоць і на КЗС-1218, аднак не на такіх магутных, як новыя на “Маяку-Ушацкім”, – бойка зазначае Уладзімір, які летась працаваў там, а сёлета вярнуўся ў родную гаспадарку. – Марка адна, а магутнасць розная. З двума прывадамі прасцей пераадолець гразь. Ды і ачыстка рашотаў – не як у “Нью-Холандзе”, дзе дастаткова толькі кнопку націснуць. Толькі не падумайце, што мы скардзімся, працаваць усюды трэба. Горад без нас не пражыве, а мы без яго справімся”.

Трэба зазначыць, што ў гаспадарку прыходзяць маладыя кадры. Вось і для агранома, арэхаўскай дзяўчыны Наталлі Катушонак  “Глыбачаны” – першае працоўнае месца, як у свой час і для А.А.Ляшчынскага. І міжволі напрошваецца пазітыўная паралель. Ёсць у каго вучыцца, каб з часам вырасці ў такога ж аналітычнага прафесіянала, адданага роднай зямлі і хлебнай ніве.

Вольга Караленка.

←Лукашенко не поедет в Польшу на мероприятия по случаю 80-й годовщины начала Второй мировой войны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика