Менавіта да такой высновы прыйшла камісія з удзелам старшыні райвыканкама Алега Пінчука і старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч падчас праверкі таго, як падрыхтаваны ўстановы адукацыі раёна да новага навучальнага года.
У Бягомльскім яслі-садку, на рамонт якога па праграме развіцця малых населеных пунктаў было выдаткавана 300 тысяч рублёў, праведзены касметычны рамонт шасці груп, заменены дзверы, дах, каналізацыя, ацяпленне, сантэхніка, на першым паверсе пакладзена новая плітка. Супрацоўнікі ўстановы адукацыі стараюцца многія работы праводзіць самастойна, каб зэканомленых грошай хапіла яшчэ і на замену мэблі. На падрыхтоўку Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат было выдаткавана 385 тысяч рублёў. Ва ўстанове былі заменены вокны, пакладзены асфальт і ходнікі ля школы.
Бягомльская СШ атрымала звыш 600 тысяч рублёў, з якіх засвоена больш за 30 працэнтаў ад агульнай сумы. Акрамя праведзеных рамонтных работ, установа набыла новы камп’ютарны клас, абсталяванне для кухні, а таксама мэблю для сталовай, гардэроба і актавай залы.
Кіраўнік раёна зрабіў акцэнт на тым, што трэба разумна падыходзіць да карыстання выдзеленымі сродкамі і не марудзіць з рамонтнымі работамі, каб дзецям было камфортна вучыцца, пачынаючы з першага верасня. У прыклад была пастаўлена Парплішчанская СШ, калектыў якой з году ў год стараецца падтрымліваць установу ў добрым стане. Добрыя водгукі атрымала і Глінская СШ, якая ўдзельнічае ў рэспубліканскім праекце “Вёска будучага”. Сур’ёзная работа па падрыхтоўцы праведзена таксама калектывам Крулеўшчынскай СШ. Адрамантаваны камп’ютарны клас, піянерская, бібліятэка і карэкцыйна-развіваючы кабінет, абноўлены іншыя вучэбныя памяшканні. Змяніўся будынак раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, на рамонт якога было выдаткавана 12 тысяч рублёў.
Сітцаўская і Параф’янаўская СШ таксама на дастатковым узроўні падрыхтаваліся да сустрэчы з вучнямі. Сёлета ў Сітцах будуць вучыцца дзеці з Валкалатчыны, таму колькасць навучэнцаў складзе 99 чалавек. СШ №2 таксама актыўна рыхтуецца да новага навучальнага года: заменена 200 квадратных метраў даху, праведзены касметычны рамонт класаў, з’явіліся новы кабінет па вывучэнні англійскай мовы, дзве спартыўныя пляцоўкі. Дзякуючы паступовай замене вокнаў вырашаецца пытанне захавання тэмпературнага рэжыму ў класах. Старшыня райвыканкама звярнуў увагу на добраўпарадкаванне СШ №1 і на тое, як год ад году ўсё больш прыгажэе прышкольная тэрыторыя.
Прыемна здзівілі камісію сваім выглядам Прудніцкая ДС-ПШ і Барсукоўская БШ.
На рамонт яслі-садка №3 пайшло 7048 рублёў, з якіх 2956 рублёў было выдаткавана на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Алег Леанідавіч адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі дашкольнай установы да навучальнага года, аднак звярнуў увагу на нерабочыя слупы лініі электраперадач і даў загад прыбраць іх з тэрыторыі ў найбольш кароткі тэрмін. Значная сума выдаткаваных на рамонт яслі-садка №2 грошай пайшла на замену вокнаў, дзякуючы чаму ва ўстанове зараз цёпла і ўтульна. Яслі-садок №4 унесены ў план капітальнага рамонту на наступны год. У Параф’янаўскім дзіцячым садку №1 таксама створаны ўсе ўмовы, каб выхаванцам было камфортна займацца. Большая частка выдаткаваных грошай у Сітцаўскім яслі-садку была зрасходавана на бетанаванне пляцоўкі ля цэнтральнага ўваходу. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Крулеўшчынскага яслі-садка №1 было выдаткавана 1842 рублі.
Кіраўнік раёна спыніўся і на пытанні падтрымкі школ і садкоў з боку шэфскіх арганізацый. Так, ён даў распараджэнне, каб кожнае прадпрыемства закупіла спартыўнае і гульнёвае абсталяванне для падшэфных устаноў на суму, не меншую за тысячу рублёў. Установы, у сваю чаргу, не павінны чакаць дапамогі, а старацца дзейнічаць самастойна, ствараючы спрыяльныя ўмовы для навучання і выхавання будучых пакаленняў дакшычан.
Таццяна САКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: аглядавая камісія на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Пінчуком на тэрыторыі Бягомльскай СШ.
Фота аўтара.