У Малой Бераставіцы адзначылі “Бульба-МЭБ”: свята бульбы, працы і людзей
На прыгожай летняй пляцоўцы ў цэнтры Малой Бераставіцы ўчора было як ніколі гучна і мнагалюдна – тут спраўлялі свята бульбы. Дарэчы, гэта падзея ў аграгарадку ўжо стала традыцыйнай, і нездарма: КСУП “Малабераставіцкі элітгас” славіцца сваімі элітнымі гатункамі бульбы, насенне для якіх ужо трыццаць гадоў вырошчваецца ва ўласнай мікракланальнай лабараторыі.

З прывітальным словам і шчырымі віншаваннямі са святам бульбы звярнуўся да прысутных дырэктар КСУП “Малабераставіцкі элітгас” Уладзімір Белы, які падзякаваў працаўнікам прадпрыемста за плённую працу, пажадаў поспехаў і добрага настрою не толькі на святочны вечар, але і на кожны дзень.


Не абышлі ўвагай і ўзнагародзілі памятнымі падарункамі і сямейную дынастыю сям’і Рыбалюк, якія сваёй працай з’яўляюцца добрым прыкладам землякам і уносяць значны ўклад у агульную справу нашай краіны. Агульны працоўны стаж работы дынастыі сям’і Рыбалюк на прадпрыемстве склаў 116 гадоў.



Пад гучныя і шчырыя апладысменты, віншаванні і падарункі атрымоўваў калектыў лабараторыі па мікракланальнаму вырошчванню бульбы прадпрыемства “Малабераставіцкі элітгас”, які адзначыў сваё 30-годдзе.

Прадоўжылася святкаванне гульнёва-забаўляльнай праграмай для малодшых жыхароў аграгарадка “Малабераставіцкая рассыпуха”, а далей жыхароў і гасцей Малой Бераставіцы чакала захапляльнае выступленне ансамбля з горада Мінска “Гуляй, Бульбаш”. Дарэчы, на працягу ўсяго выступлення ў адрас ансамбля не сціхалі гучныя апладысменты і шчырыя словы падзякі.
А вось неверагодна вясёлую абстаноўку на летняй пляцоўцы стварыў парадыст з Гродна Дзмітрый Буланаў, у асобе якога мясцовыя жыхары і госці свята маглі ўбачыць Мікалая Баскава, Алу Пугачову, Сафію Ратару і іншых вядомых зорак Расійскай эстрады. Далей усіх чакала не менш захапляльнае выступленне шоў-балета Аляксея Запруцкага з Мінска.
Падчас усяго святкавання кожны мог пацешыцца выставай элітных сартоў бульбы “Ах, бульба, бульбачка, расці, галубачка!”, вырабамі з бульбы “Бульбяны бум”, наведаць бібліятэчную пляцоўку “Усё пра бульбу” а таксама завітаць на выставу-продаж вырабаў народных умельцаў “Народнаму век векаваць”. Працавалі таксама гандлёвыя кропкі Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства, забаўляльныя атракцыёны і палаткі з цацкамі і прысмакамі для дзяцей.
Завяршылася мерапрыемства святочнай дыскатэкай і па-сапраўднаму чароўным фаер-шоў “Ergo-Bibamus”.

Аляксандр Пашкевіч з унукам Ягорам:

Муж і жонка Генадзь і Нвард Сукіасян:
-У першую чаргу хочацца падзякаваць арганізатарам, якія стварылі для нас такое цудоўнае свята. Гэта добрая нагода адпачыць, забыцца на хвілінку пра працу і клопаты, цікава правесці час, паслухаць любімыя песні. Прыемна, што шмат добрых слоў сказана ў адрас работнікаў, нялёгкая праца якіх сёння была адзначана кіраўніцтвам, дарэчы, мы таксама мелі гонар атрымаць Граматы і падарункі.Hey

Юзэфа Красоўская з дачкой Янай:
— Мне, як маме, у першую чаргу спадабалася тое, што задаволена мая дачушка. Бо для дзяцей сёння сапраўднае раздолле — гульні, атракцыёны, салодкая вата, папкорн, цацкі — усё, што трэба для шчасця маленькім дзеткам. Мяне, да прыкладу, захапіла ўсё! Наогул, паўсюль у паветры лунае атмасфера свята і дабра, ад чаго на душы цёпла і спакойна.