Міліцыянтам давялося ўжыць зброю, каб затрымаць пружанскага дэбашыра з сякерай

brest.mvd.gov.by
Ужыць зброю давялося міліцыянтам у Пружанскім раёне пры ўтаймаванні хулігана, паведамляе прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама.
На нумар 102 затэлефанавала 37-гадовая жыхарка вёскі Слабудка. Яна распавяла, што грамадзянскі муж пагражае ёй сякерай. На месца здарэння адправіліся міліцыянты.
Каля шматпавярховіка яны пабачылі мужчыну з сякерай. Міліцыянты запатрабавалі пакласці сякеру на зямлю і добраахвотна здацца. Аднак мужчына пайшоў у іх бок з сякерай у руках.
Праваахоўнікі некалькі разоў стрэлілі ў паветра для папярэджання. Пасля гэтага мужчына спалохаўся і паспрабаваў уцячы ў бок гаражоў. Але мінак, які ішоў яму насустрач, дапамог міліцыянтам затрымаць яго.
Выявілася, што раней судзімы мужчына быў п'яны. Праваахоўнікі праводзяць праверку інцыдэнту.