Надзея Мікалаеўна Парчук: Паэзія – мой лёс

Источник материала:  
22.08.2019 10:52 — Разное

Надзея Мікалаеўна Парчук – жанчына складанага лёсу і, тым не менш, чулая, лагодная, спагадлівая, разважлівая і верная свайму духоўнаму прызначэнню. Яна паэтка, публіцыст, літаратурны крытык, рэцэнзент, перакладчык, з 2009 года сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі; аўтар васьмі кніг паэзіі, каля сотні публікацый у розных выданнях.

Надзея Мікалаеўна Парчук: Паэзія – мой лёс

Надзея Мікалаеўна вельмі паважаная ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі Брэста, дзе жыве ўжо амаль дв а дзесяткі год. Сёння смела можна сказаць, што ўсё літаратурнае жыццё Брэстчыны віруе вакол яе. Яна і майстар мастацкага слова, і настаўніца, і дарадца і “хросная маці” маладога пакалення мясцовых літаратараў. Даволі высока ацэнена творчасць Надзеі Парчук і ў сталіцы. У 2016 годзе яна ўзнагароджана медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”.

Сёння Надзея Мікалаеўна Парчук наш шаноўны госць.

– Надзея Мікалаеўна, вы скончылі Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. Чвэрць стагоддзя адпрацавалі ў банкаўскай сістэме. І раптам жыццё гэтак крута мяняецца, перад вамі раскрываецца шлях да высокага мастацкага слова, да літаратуры. Як вы пішаце самі, аднойчы раскрылася «акно ў вялізарны свет творчасці…” Дык што здарылася? Ці былі ўсё ж для гэтага нейкія перадумовы?

Надзея Мікалаеўна Парчук: Паэзія – мой лёс

– Калі мець на ўвазе літаратурныя здольнасці, то, адпрэчыўшы ўсялякую сціпласць, можна сказаць: так, хоць нязначныя, але былі, дзякуй Богу. Ды я пра іх тады не задумвалася. Ну, пісала навыдтна школьныя сачыненні, ізлажэнні (пераказы), удзельнічала ў літаратурных конкурсах, калі трэба было да якога школьнага мерапрыемства ці свята – складала вершы, песні. Дык гэта ж дзеля адзнакі ці па просьбе настаўнікаў. Ні пра які творчы талент ці дар Божы я тады і думаць не магла. Больш таго, мне нават ніхто з настаўнікаў не гаварыў ці, можа, і не падазраваў, што ў мяне ёсць нейкія творчыя задаткі, што іх патрэбна паглыбляць, развіваць. Таму пасля школы мы з братам падаліся ў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, пасля заканчэння якога, мая праца была цесна звязана з фінансамі, а не з творчасцю.

Да вершаскладання ў перыяд працы я звярталася толькі ў тых выпадках, калі трэба было кагосьці з сяброў павіншаваць са святам ці днём народзін. Занатую, бывала, свае рыфмаваныя радкі на паштоўцы і адпраўлю імянінніку, а сабе нічога не пакіну, бо і ў галаву не прыходзіла зберагаць тое, што выказалася душой. Гэта мне пазней, пасля выдання некалькіх кніг, некаторыя скажуць, што я пры нараджэнні была “пацалавана Богам”, што гэта Ён надзяліў маю душу творчым агнём.

Надзея Мікалаеўна Парчук: Паэзія – мой лёс
У шчаслівыя школьныя гады і ў перыяд руплівай, напружанай працы мне нават не снілася, што ў маім жыцці настане такі пераломна балючы момант, такі невыносна пакутны час, калі я, як да сваёй выратавальніцы, звярнуся да паэзіі, а праз некаторы час вырасту ў паэта, стану прызнаным майстрам мастацкага слова.

Гэты час наступіў, калі я пахавала спачатку маці, потым бацьку і вымушана была звольніцца з працы, з’ехаць з роднай хаты, любай вёскі ў Брэст да брата, дзе ў мяне акрамя яго сям’і нікога не было, дзе мне, будучы інвалідам II групы, знайсці новую працу было немагчыма. Я аказалася, як дрэўца, вырванае з роднай глебы, завезенае на чужыну і пасаджанае ў цесным агародчыку… Столькі ўсяго страчанага! Дарагія бацькі, любімая праца, родны дом, прыветлівая вёска, шчырыя людзі, звыклае асяроддзе засталіся далёка ад мяне. Мілыя вобразы, маляўнічыя краявіды, вясковыя вулачкі, ціхмяная рачулка, палявыя сцежкі ўпарта ўсплывалі ў памяці, вярэдзілі душу. Думак – не перадумаць, часу вольнага – шмат, а куды яго падзець? Заняцца шыццём, вязаннем, якому навучылася ў вёсцы, а каму яно патрэбна ў наш час? Дый рук шкада, бо яны – мае ногі: хаджу на мыліцах. Вось тады я вымушана была звярнуцца да паэзіі, успомніць пра тую творчую іскрынку, якая па Божай міласці яшчэ хоць і квола, але цяплілася ў маёй душы.

Выходзіць, праўду сказаў адзін мудрэц: усяму свой час. А яшчэ кажуць, што калі Богам адбіраецца адно, то ўзамен пасылаецца нешта другое, каб чалавек выжыў. Мне ж хочацца дабавіць: паэта без складанага лёсу не бывае.

– Кажуць, што мастакам, літаратарам і шмат каму з адораных творчых асобаў адкрыта таямніца стваральнага працэсу, які схаваны ад звычайных смяротных. Рэалісты лічаць, што гэта чыстая выпадковасць, ідэалісты – што “дамоўленасць” з вышэйшымі сіламі. Дык што гэта такое, што ўкладваецца ў адно-адзінае слова – натхненне? Як вы можаце растлумачыць творчы працэс? Працуючы ў банку, вы наўрад ці задаваліся гэтым пытаннем… А цяпер?..

– Ды тут не адно пытанне, а некалькі. Прычым, усе філасофскія. Але пачнём з самага прыемнага – натхнення. Натхненне – гэта ўрачыста ўзнёслы стан душы, які надае чалавеку новае дыханне, лёгкасць, імкненне да ідэалізацыі, рамантызму, памнажае сілы, прыносіць радасць, узбагачае духоўна, акрыляе, бы птушку ў палёце. 

Творчае натхненне, лічу, можа прыходзіць любому чалавеку і на любой працы. Натхнёна можа працаваць не толькі мастак, паэт, кампазітар, але і вучоны, настаўнік, інжынер, канструктар, аграном, сейбіт, ляснік. Па Божаму промыслу і Яго святой волі кожнаму чалавеку даецца жыццё, лёс, тыя ці іншыя здольнасці, магчымасці, розум, талент. Але гэта не азначае, што ад самога чалавека нічога не залежыць. Яму трэба не быць промахам, не ленавацца, а самавыхоўвацца, працаваць над духоўным узрастаннем уласнай душы, прыслухоўвацца да яе голасу: а раптам з ёю гаворыць Бог. А Ён са святых вышынь дыктуе толькі чыстыя, светлыя, добрыя, жыццядайныя словы. Чалавеку-паэту ў такі шчаслівы час застаецца толькі паспець запісаць нечакана зляцелыя з таемных нябёс радкі, дапрацаваць верш можна і пазней; мастаку – нанесці на палатно прамільгнулыя ў галаве першыя штрыхі, каб пазней вымаляваць з іх цудоўную карціну; кампазітару – пакласці на ноты душой пачутыя дзіўныя гукі музыкі, пашырыць іх, каб сталі сапраўдным мастацтвам. Вось такая яна “таямніца творчага працэсу”, такая “дамоўленасць” з вышэйшымі сіламі. Такі сакрэт адораных асобаў, якім многа дадзена, але і самі яны працуюць, бы прыкаваныя да рабочага месца.

Як бачым – рэалісты памыляюцца. Выпадковага, без чалавечай напружанай працы, нічога не бывае, як і без Божага промыслу. Бо калі ты духоўна бедны, калі цвердакаменны, душэўнаглухі і лянівы, то як абудзіць цябе да высокай стваральнасці, як прабіцца да тваёй душы пяшчотнаму промніку? Хаця ён і пасылаецца Тварцом да цябе штодзённа.

А вось калі ў душы пасяліўся і жыве Бог, калі Яго там многа, калі сэрца поўніцца дабрынёй, любоўю, пяшчотай, то светлыя думкі, пачуцці, памкненні не могуць не нараджацца, бо ім там цесна, яны вырываюцца адтуль самі па сабе, разлятаюцца і зараджаюць, адорваюць жывой станоўчай энергетыкай сяброў, родных, блізкіх, прысутных людзей. Гэта і азначае, што такі чалавек благаслаўлёны святымі нябёсамі на высокую паэзію, прычым, у любой справе і ў якой галіне ён ні працаваў бы.

Цяпер я штодзённа займаюся творчым працэсам. Паспрабуй толькі адхіліцца ад яго, як табе тут жа сябры, калегі, чытачы, бібліятэкары, паэты-пачаткоўцы напомняць пра яго існаванне, папросяць дапамогі, уцягнуць у творчасць. Тут ужо няма калі задавацца філасофскімі пытаннямі, а рэальна працаваць прыходзіцца, акунацца ў творчасць з галавою.

Надзея Мікалаеўна Парчук: Паэзія – мой лёс

У дзяцінстве я марыла стаць настаўніцай. Пазней зразумела, што ў маім стане настаўнікаў не бывае. Таму прасіла ў Бога, каб паспрыяў мне знайсці хоць якую справу, але каб толькі не быць дармаедам, не сядзець на шыі ў бацькоў, дзяржавы, а быць карыснай грамадтву. І Бог пачуў мяне. Гэта па Яго міласці і ласцы на маім шляху заўсёды сустракаліся добрыя, спагадлівыя людзі, разумныя і адказныя начальнікі, з якімі мне было лёгка кантактаваць, прыемна супрацоўнічаць. Мабыць, на генным узроўні мне ад бацькоў і асабліва ад дзеда Косці перадалося ўменне жартаваць і ладзіць з людзьмі. Гэта ратавала мяне і маіх практыкантаў-стажораў ад нецярплівых кліентаў, якія стаялі ў чарзе і патрабавалі хутчэйшага абслугоўвання. У такіх выпадках я звярталася да незадаволенага радкамі з песні “Ямщик, не гони лошадей!..” Усе прысутныя ўзрываліся смехам. Такога кліента я не аддавала стажору, брала на сябе і адпускала яго, як кажуць, без чаргі. Былі і сярод кліентаў добрыя жартаўнікі. Адным словам, я любіла сваю працу, бо любіла і люблю людзей, таму кожны працоўны дзень прыносіў і прыносіць мне радасць і задавальненне.

– Ужо не сакрэт, што паэзія і жыццё ў светаўспрыманні творцы – “антыподы”. Можна быць па жыцці мудрым чалавекам, але не паэтам. А паэт у звычайным жыцці часам выглядае сціплым, “шэрым” чалавечкам… Але ён, як сказаў адзін добры наш паэт “умее палічыць і прачытаць усе складкі і лініі на да лоні… як радкі…” Вы адчуваеце гэтую розніцу, ці яе ўсё ж не існуе?

– Як можна процівапаставіць паэзію – жыццю? Жыццё – гэта і ёсць сама паэзія, прыгажосць, шчасце, Божая благадаць. Бог, калі ствараў жыццё на Зямлі – гэта і значыць, што займаўся вышэйшай паэзіяй, а вянец Ягонай паэзіі – сам Чалавек. Гасподзь не мог стварыць нешта антыподнае, а толькі бездакорна гарманічнае, суладнае. Жыццё і паэзія, па-Божаму, – неад’емныя. Без жыцця не бывае паэзіі і наадварот. На жаль, не кожны звычайны чалавек гэта разумее. І не трэба лічыць, што мудры чалавек не разумее і не прызнае паэзіі, не любіць яе, бо сам не паэт. Затое ён займаецца іншай карыснай справай і не забывае захапляцца творамі любімых паэтаў-класікаў, паэтаў-сучаснікаў. Усялякі мудрэц цікавіцца сабе падобным і знаходзіць яго ў паэце. Знайшоўшы вартыя радкі, выракі, афарызмы выпісвае сабе ў нататнік, цытуе ў сваіх філасофскіх і навуковых працах, запамінае і чытае пры нагодзе ў сяброўскім акружэнні. А колькі песень ведае і спявае гэты мудрэц! Без песень жыцця няма. Песні – тая ж паэзія.

Цяпер пра сціплага, “шэрага чалавечка-паэта”. А што, калі паэт сціплы, то ўжо нямудры чалавек? Не мысліцель? “Умее палічыць і прачытаць усе складкі і лініі на далоні” і раптам – нямудры, недалёкі… Таленавіты творца, але нямудры… Як гэта разумець? Я, напрыклад, сабе не ўяўляю такое сумяшчэнне ў адной асобе. Так не бывае! Мудрэц і паэт, выходзіць, – не роўныя для грамадства людзі? Адзін дастойны, слаўны чалавек, а другі “шэры чалавечак”? А перад Богам хто з іх вышэй або слаўней? А хіба ж не мудрыя, а легкадумныя наступныя радкі паэта-мысліцеля Рыгора Сітніцы?

П’едэстал, трыбуна ці турма,

Кайданам блішчэць ці эпалетам –

У паэта выбару няма,

Акрамя як толькі быць паэтам.

Так што не трэба раздзяляць і судзіць асоб, адораных Богам рознымі талентамі і пакліканых на важную канкрэтную справу. У кожнага з іх – свая місія. Нам трэба паважна ставіцца да заслужанага мудраца і сціплага творцы красамоўнага паэтычнага слова.

– Ці можаце што-небудзь сказаць пра гісторыю стварэння некаторых вашых твораў? Як усё ж яны прыходзяць да вас? Адкуль з’яўляюцца вобразы, думкі, словы, рыфмы?

– Амаль у кожнага майго твора, бы ў госцейка, – свая нагода ці прычына прыйсці да мяне, свая гісторыя напісання. Бывае, хапае аднаго выпадкова пачутага ці прачытанага звонкага залатога слоўка, каб душа прачнулася, ажыла, заспявала і ад нечаканай знаходкі, ад нахлынутай на яе радасці нарадзіўся новы верш. Напрыклад, чытаючы неяк газету “ЛіМ”, упершыню наткнулася на мілагучнае слова яснота. І так яно мне запала ў душу, што захацелася яго не толькі дапісаць ў арфаграфічны слоўнік, але тут жа скарыстаць у вершы, які на дзіва лёгка стварыўся, як быццам кімсьці быў прадыктаваны.

Яснота на нябёсах,

Святочнасць на зямлі,

І травы ў чыстых росах,

І ў золаце палі,

Лясы – у зеляніне,

Азёры ў серабры,

І туманы ў даліне,

І шчэбет у бары.

Любуйся, чалавеча,

Спрадвечным хараством,

Малі, каб высі вечна

Адорвалі святлом.

А вось другі штуршок да напісання лірычнага верша: выглянула вяснавой раніцай ў акно, а там вішанька – уся белая-белая, такая святочная, урачыстая, як нявестачка, прыбраная да шлюбу. У мяне ад такой красы аж вочы асляпіліся і дух пераняло, а з душы паліліся радочкі:

Абсыпана кветам галіначка кожная,

Бы снегам пушыстым зімой.

Якая ж ты, вішанька, сёння прыгожая! –

Век бы стаяла з табой.

Так бы і дыхала водарам слодычы,

Душу гаіла красой,

Сэрца чуллівае пахам спатолячы,

Травы вітала б з расой. 

Было і такое: сяджу ў ціхай адзіноце і думаю аб сваім жыцці-быцці і раптам чую – душа прамаўляе шчырыя, філасафічныя радкі:

На добрых мне людзей шанцуе

Заўжды, куды б я ні пайшла,

Іх, як гасцінцы, лёс даруе,

Бо імі поўніцца зямля.

Святлом праменяцца іх вочы,

А ў промнях тых – душы цяпло,

Якое грэе ўдзень і ўночы,

Каб і ў маёй дабро.ўзышло

Вобразы і тэмы мне падказвае жыццё, сябры, добрыя людзі, дыктуюць абставіны, часцей за ўсё пішу спецыяльна да творчых сустрэч.

– А ў якім месцы трэба паставіць кропку альбо шматкроп’е?.. Іншымі словамі: як вы адчуваеце, што твор завершаны? Бо ведаю, што, звычайна, майстры вучаць паэтаў-пачаткоўцаў своечасова спыніцца, каб не быць шматслоўнымі…

– Верш не павінен быць на 2-3 старонкі. Трэба ўмець укладваць сваю думку ў 3-4 страфы. Гэта самы лепшы і аптымальны памер. Канешне, бываюць і выключэнні. Гэта залежыць ад важнасці выбранай тэмы. Калі ты прысвячаеш верш маці, роднаму гораду, любаму краю і цябе перапаўняюць прыгожыя эмоцыі, сыноўнія пачуцці, то не тармазі іх, вылівай на паперу. Потым, калі твор адстаіцца, перачытай яго і падумай – можа, з яго можна зрабіць два творы? Бо выкінуць добрыя радкі шкада. Вопытныя майстры слова кажуць, што верш лепш пакідаць крышку незавершаным, каб чытачы самі дадумвалі ход тваёй думкі і логікі, каб маглі паспрачацца паміж сабой.

– Пісьменнік Данііл Хармс пісаў: “Ідэальны чытач -- гэта той, хто разумее напісанае лепш, чым ён сам”. Надзея Мікалаеўна, а якім на ваш погляд павінен быць ідэальны чытач – ваш адрасат?

– Дык як жа можна быць яшчэ нейкім лепшым за ідэальнага? Куды ўжо вышэй і хто ўжо лепшы за ідэаліста? Хіба што святыя. Гэта па-першае. А па-другое, я сабе чытачоў не падбіраю. Хай самі шукаюць мяне. Мой клопат – стварыць і выдаць у свет варты зборнік. Не мая справа мірыць, судзіць ці крыўдаваць на чытачоў. Я за справядлівую крытыку дзякую свайму чытачу, бо яна мяне ўдасканальвае, на наўмысны разнос ці асуджэннне – гляджу раўнадушна, а цёпламу водгуку свайго прыхільніка – моўчкі радуюся. 

Па-трэцяе, чытачы – гэта людзі. А людзі бываюць розныя па характары, гусце, выхаванасці, адукацыі, па духоўнаму развіццю. Усім дагадзіць цяжка. Усім спадабацца немагчыма. Ад злоснага крытыкана кнігу не вырвеш з рук і не перадасі ідэальнаму прыхільніку. Дый ці бываюць ідэальныя чытачы? Людзі ж не святыя… Няхай чытаюць усе, хай абмяркоўваюць, спрачаюцца, ставяць адзнаку, хто якую хоча. Абы толькі чыталі. Нешта ж, ды спадабаецца чалавеку, хоць штосьці, ды западзе ў душу, кране за жывое. Дзеля іх мы, пісьменнікі, і стараемся тварыць. Не аўтара справа – улюбляць у сябе чытача. Лічу, што ідэальны чытач – гэта літаратуразнаўца. Да яго не кожнаму пісьменніку, паэту ўдаецца прабіцца, тым больш – з перыферыі. Так што чытаюць мяне не ідэалісты, а аматары мастацкага слова, прыхільнікі паэзіі.

– Як літаратурны крытык, рэцэнзент, якіх аўтараў кнігі вы выдзелілі б, што б вы адзначылі і чаму?

– Па-мойму, паэтаў роўных Максіму Багдановічу, Нілу Гілевічу, Рыгору Барадуліну, Уладзіміру Караткевічу, не гаворачы ўжо пра Коласа і Купалу, няма. З іхняй народнай прастатой, палётам думкі, багаццем сюжэтаў, пачуццяў, вобразнасцю – хто стане ўзровень? З празаікаў кранальна шчыра і праўдзіва пісалі Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Кузьма Чорны, Іван Мележ. Чаго каштуе кніга І. Шамякіна “Сэрца на далоні”, В. Быкава “Знак бяды”, “Людзі на балоце” І. Мележа!..

– Напачатку свайго творчага шляху вы пісалі на рускай мове. Ваша першая кніга напісана па-руску. Потым цалкам перайшлі на беларускую мову. Адчуваецца, калі чытаеш вашы вершы, што гэтая мова прыносіць вам асаблівую асалоду. Напрыклад, якое цудоўнае словазлучэнне “раскрыліўся бусел над хатай…” Чаму такая перавага? Беларуская мова больш пявучая, больш жывая, багатая, песенная, чым руская? Ці таму што свая, родная?..

– Я так мала тварыла па-руску, што тых вершаў хапіла толькі на адзін зборнік “Я сердце людям подарю”. Дый выйшаў ён не першым, а другім па чарзе. Першай бала кніга “Жыццёвыя плыні” 2003. Рускамоўная ж пабачыла свет у 2004 годзе.

Сама, можа, я і не здагадалася б перайсці на беларускую мову, бо ўсё жыццё карысталася толькі рускай, але дапамог шчаслівы выпадак: у госці да мяне прыйшла знаёмая брэсцкая настаўніца, якая раней разам з маім братам прыязджала ў нашу вёску Ладараж у госці. На яе пытанне – чым займаюся ў Брэсце, я адказала, што творчасцю. Вядома, прыйшлося чытаць рускія творы. Яна моўчкі слухала мяне, не хваліла вершы і не асуджала, а потым кажа:

– Вось бы перайсці табе, Надзея, на нашу родную мову! Бо па-руску ўжо столькі ўсяго створана, столькі наварочана, а хочацца чымсьці свежанькім, дарагім душы і сэрцу падсілкоўваць нашых беларусікаў?.. Я ж зараз выкладаю беларускую мову ў старэйшых класах і ведаю…

– Але ж за такі доўгі адрэзак часу з маёй галавы выветрылася ўсё беларускае, уся школьная праграма, – адказала я.

– Так не бывае, – сказала Лілія Францаўна, – тое, што запала ў душу з дзяцінства – вечна там жыве і свеціць. Ты толькі паспрабуй, і ўсё атрымаецца, табе будзе нават лягчэй пісаць на роднай мове, чым на рускай. Я прынясу табе школьныя падручнікі за 6-8 класы, будзеш аднаўляць веды…

І я паспрабавала тварыць па-беларуску. А хутка адчула такі смак, такую асалоду, што больш ужо не вярталася да рускай мовы – ахвота адпала. Каб пашыраць беларускую лексіку, абагаціць запас засвоеных мною слоў і выразаў, хутчэй звыкнуцца, прырасці да свайго генітычна роднага, шчымлівага, пачала выпісваць беларускія выданні: штотыднёвік “ЛіМ”, “Маладосць”, “Полымя”.

Цяпер у маім сэрцы на першым месцы стаіць толькі родная беларуская мова. Сваёй мілагучнасцю, мяккасцю, звонкасцю, сакавітасцю, непаўторнай шчырасцю, багатым ззянем гукаспалучэнняў, адценняў – яна мне даражэй і мілей за ўсе славянскія. Лічу, што прыгажэй і багацей за яе няма на свеце. 

– Ваша чарговая кніга – выдатны духоўны зборнік “Святло няскоранай душы”. У ім выключна хрысціянскія матывы. І выдадзена яна ў гонар вялікамучаніка Георгія Перамоганосца, імя якога носіць праваслаўны храм у Брэсце. Таму па-першае, мне хацелася б, каб вы прыгадалі гісторыю стварэння гэтай кнігі. А па-другое, як вы ўвогуле рашыліся на стварэнне паэмы і вершаў пра жыццё Георгія Перамоганосца? А, між іншым, у кнігу таксама ўвайшлі прысвячэнні свяціцелю Мікалаю Цудатворцу, і Еўфрасінні Полацкай, і Сафіі Слуцкай, Афанасію Брэсцкаму… Хацелася б, каб вы прыгадалі гісторыю яе стварэння.

– Калі б мне ў рукі не трапіла кніга “Житие святых”, то зборніка “Святло няскоранай душы” на свеце не было б. Бо я амаль нічога не ведала пра гэтага святога. Адно толькі, што вобраз яго, ікона, як сямейная рэліквія, нам ад дзядулі і бабулі дасталася. Паспрыяла выданню тое, што я рэдагавала пачынаючай паэтцы Лідзіі Чайко са Шчучынскага раёна зборнік. Яна перадала мне рукапіс праз сваю дачку Святлану, якая жыве ў Брэсце. Вось гэтая Святлана і прывезла мне кнігу з Жыровіцкага манастыра. У кнізе апісваецца пра многіх святых, але мяне больш за ўсіх кранула за душу жыццё і лёс святога Георгія. А тут яшчэ недалёка ад нас нядаўна і храм узвялі ў гонар гэтага святога. Усе людзі ходзяць у храм, моляцца, аброк носяць, ахвяруюць. А я вырашыла прысвяціць гэтай Свята-Георгіеўскай царкве і святому Георгію Перамоганосцу сваю паэму, сваё прысвячэнне. Калі паэма была напісана і набрана ў макет, то, дзеля ёмістасці кнігі, я рашыла ўключыць у яе прысвячэнні іншым святым і ранейшыя вершы на духоўную тэму. Дарэчы, гісторыя стварэння зборніка падрабязна апісаны мною ў прадмове да яго “Непераможаная любоў”.

– Яшчэ адна адзначылася прыкметная рыса ў вашай творчасці – дзіцячая літаратура. Маю на ўвазе зборнік вершаў, загадак, казак для дзяцей “Венерын чаравічак”. Як нарадзіўся, адкуль прыйшоў ён, ваш “Венерын чаравічак”? Можа, з дзяцінства, з вуснаў народнай творчасці?

– Венерын чаравічак – гэта прыгожая кветачка, якая расце на палескіх балоцісых мясцінах, уздоўж рэк, у тым ліку і на Піншчыне. Яна занесена ў Чырвоную кнігу рэдкіх раслін, ахоўваецца дзяржавай і людзьмі. Пра гэту цудоўную кветку я чула даўно і палюбіла яе, смакавала яе назву ўголас, марыла прысвяціць ёй верш пад гэтай жа назвай, але ніяк не магла прыдумаць цікавы сюжэт, у якім годна і гарманічна раскрываліся б – мудрасць і душа народа, прыгажосць мовы, каштоўнасць кветачкі, значэнне і змест мастацкага твора. І вось аднойчы з Піншчыны ў Брэст прыязджае прыхільніца маёй творчасці і падказвае мне назваць будучую кнігу гэтымі паэтычнай словамі. Я зразумела, што далей адкладваць час напісання твора нельга, бо людзі ажно кнігі “Венерын чаравічак” чакаюць, а ў мяне і верша няма. І тады мне прыйшла ў галаву думка: а што, калі напісаць твор у казачнай форме? Дзеці ж любяць казкі. Так атрымалася арыгінальная і пазнавальная казка, бо ў ёй не адна, а некалькі кветачак з палескіх лугоў і палёў задзейнічаны: у казцы яны жыва расказваюць і абмяркоўваюць свае начныя сны. Пазней гэту назву атрымала і мая дзіцячая кніга.

– На жаль, частка грамадства лічыць, што людзі з інваліднасцю не жывуць, а толькі змагаюцца за магчымасць жыць, як усе. Існуе стэрыатып, што калі ты менш здаровы і няздольны праводзіць насычанае знешнімі падзеямі жыццё з рамантычнымі прыгодамі ды адносінамі, сустрэчамі, расстаннямі, стратамі, перамогамі, дык ты – няшчасны чалавек. Але гэта няпраўда! І прыклад таму вы. Таму што вы проста жывяце, проста любіце дарагіх сэрцу людзей, веруеце, займаецеся любімай і высакароднай справай. Лічыце менавіта гэта галоўным, а не фізічныя слабасці ды пабытовыя цяжкасці. Скажыце шчыра: вы шчаслівы чалавек?

– У параўнанні з няшчаснымі плаксамі ды хныкачамі, то я вельмі шчаслівы чалавек, бо ўмею радавацца жыццю, мірнаму Божаму дню, святому сонцу, чыстаму небу, акаляючаму мяне свету, люблю і даражу любоўю маіх родных, блізкіх, сяброў, дзякую Богу за падораную магчымасць бачыць свет, вітаць сонечны блакіт, слухаць птушыны спеў, гаварыць з людзьмі, творыць дзеля іх, прыносіць ім радасць і задавальненне.

Нехта з мудрацоў сказаў: калі хочаш быць шчаслівым – будзь ім. Я, калі прачытала гэты вырак, – з задавальненнем усміхнулася. Гэта ж трэба так трапна і проста выказацца! І з гумарам, і з аптымізмам, і з запалам...

– А я так і раблю, дарагі і шаноўны мудрэц. І ў мяне атрымліваецца быць шчаслівай, – хочацца крыкнуць у вечнасць выдатнаму філосафу. А калі ён наш сучаснік, то сказаць: дзякуй табе, чалавеча, за параду, за веру і надзею, за жаданне ўратаваць тых няшчасных, якім багата дадзена, але хочацца яшчэ больш – грошай, долараў, золата, залатых жыл, раскошных муроў, незлічонага багацця, забаў, ігрышча … Бо здароўя ім нятрэба, яно ў іх ёсць.

– Надзея Мікалаеўна, як вы лічыце: чаго не хапае сучаснаму чалавеку? Галоўная прычына ўсіх яго няшчасцяў? І ці можа мастацкая творчасць, у прыватнасці паэзія, перамяніць свет?

– Сучаснаму чалавеку ў першую чаргу не хапае веры і духоўнасці, затым – дабрыні, спагады, жадання працаваць. 

Хаця храмаў за апошні час узведзена і ўзводзіцца нямала, але ходзяць да святых бажніц у асноўным пенсіянеры. Маладых людзей там пабачыш рэдка. Не прывучана моладзь пакланяцца ніякім сілам, дый не было з каго браць прыклад. Галоўная прычына ўсіх няшчасцяў заключаецца ў тым, што нашай моладзі не прывіта пачуццё адказнасці, не навучана яна самастойна рашаць хаця б свае праблемы. Іх за ручку вадзілі ў садок, добра накормленых, прыгожа апранутых адпраўлялі ці нават вазілі на дарагіх машынах у школу, стараліся ўсімі сіламі прапіхнуць у ВУЗ, потым знайсці прэстыжную працу ці пасаду, купіць дом, машыну… І ўсё бацькі, бацькі. І дзеткі прывыклі толькі браць, нічога нікому не аддаючы.

Гэтай праблеме сучаснымі пісьменнікамі прысвечана шмат розных твораў, напісана мноства кніг. Але на дзікім полі нашай бездухоўнасці, на запушчанай ніве нораваў і чалавечай маралі – працы ў творцаў не паменела. Бяда ў тым, што маладое пакаленне і чытаць развучылася. Толькі глядзець прызвычаілася ў тэлевізары, ноотбукі, смарфоны, дзе эфір перапоўнены ўсякім брудам, хлуснёй, фэйкамі. Задача пісьменнікаў – часцей сустракацца з маладымі людзьмі, знаёміць іх са сваімі творамі, якія вучаць дабру, веры і чалавечнасці.

– Дзякуй за змястоўную і цікавую гутарку!

←Как итоги андидемпингового расследования ЕЭК повлияют на цену оптоволокна в ЕАЭС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика