«Маладая Беларусь»
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў, у 2019 годзе плануецца правесці ў панядзелак, 2 верасня. Тэмай першага ўрока стане радок з верша Янкі Купалы «Маладая Беларусь» — «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!». Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.
Плануецца, што ў новым навучальным годзе вучыцца пачнуць 1 млн 30 тыс. школьнікаў, у тым ліку 115 тыс. першакласнікаў. Усе ўстановы адукацыі будуць забяспечаны педагагічнымі кадрамі. У 2019 годзе на работу сюды накіравана 4,3 тыс. маладых спецыялістаў. Да новага навучальнага года ў Беларусі расчыняць дзверы восем школ-новабудоўляў на амаль 7,3 тыс. месцаў. Напярэдадні новага навучальнага года ва ўсіх рэгіёнах краіны арганізавана работа больш як 500 школьных базараў, кірмашоў. Праводзяцца пашыраныя продажы, выстаўкі-продажы, працуюць дадатковыя гандлёвыя месцы, аформлены куткі для першакласнікаў.
Як паведамлялася, пашпарты гатоўнасці ўстаноў адукацыі, інтэрнатаў да новага навучальнага года неабходна падпісаць да 23 жніўня.