Семь овчарок помогают раскрывать преступления в Докшицком районе

Источник материала:  
20.08.2019 — Разное

Семь овчарок помогают раскрывать преступления в Докшицком районе
Гэтыя сабакі могуць быць лепшымі сябрамі чалавека, але як толькі пачуюць каманду атакаваць злачынцу, пачынаюць варожа рыкаць, уздымаюць вушы, імкнучыся як мага хутчэй выканаць сваё  службовае заданне. Размова ідзе пра чатырохлапы патруль, што дапамагае супрацоўнікам раённага аддзела Дэпартамента аховы лавіць правапарушальнікаў.

– Тэмперамент – адзін з асноўных крытэрыяў адбору службовых сабак, – патлумачыў камандзір спецыяльнай групы ўзвода міліцыі капітан міліцыі Дзмітрый Пусташыла. – У турмах, да прыкладу, могуць служыць і ратвейлеры, а вось нямецкія аўчаркі лепш паддаюцца дрэ­сіроўцы і здаўна дапамагаюць нашым праваахоўнікам раскрываць злачынствы.
Сёння ў райаддзеле Дэпартамента аховы працуюць сем міліцыянераў-кінолагаў, і ў кожнага з іх ёсць свой чацвералапы напарнік, які і служыць, і жыве разам са сваім гаспадаром. Мянушкі сабакам падбіраюцца простыя і гучныя, каб лягчэй было падчас дрэсіровак. Зараз гэта Амур, Забір, Зеўс, Найс, два Норды і дзяўчынка Полі.
Ва ўзросце чатырох месяцаў шчанюкі трапляюць у аддзел з цэнтральнага гадавальніка Віцебскага абласнога кіравання. Міліцыянеры-кінолагі самастойна выбіраюць будучых кампаньёнаў. Глядзяць, каб і здаровенькі быў, і шустры – наперадзе дзесяцігоддзе сумеснай службы. Як толькі шчанюк падрастае і дасягае дзесяці месяцаў, пачынаецца дрэсіроўка. Трэніруюцца на працягу ўсёй службы па чатыры гадзіны на тыдзень. Па словах вопытных міліцыянераў-кінолагаў, каб годна здаць штогадовы экзамен на прафпрыдатнасць, трэба займацца з сабакам значна болей і часцей. Падчас экзаменаў чацвералапым трэба здаць курсы агульнай і спецыяльнай падрыхтоўкі: выбраць чалавека, выбраць рэч, а таксама праявіць сябе пры затрыманні. За кожнае заданне жывёліна атрымлівае адпаведныя балы, якія ў комплексе ўплываюць на агульную ацэнку прафпрыдатнасці. Па словах Дзмітрыя Дзмітрыевіча, за восем гадоў пастаяннай службы і напружаных трэніровак сабакі, так бы мовіць, “зношваюцца”: губляюць нюх, слых, слабеюць. Калі ж падчас службы здараюцца любога кшталту траўмы ці захворванні, работнікі раённай ветстанцыі, з якой у Дэпартамента заключаны дагавор, хутка ставяць пацыентаў на ногі.
Усе сабакі, якія служаць з міліцыянерамі, утрымліваюцца ў адпаведных умовах, а таксама добра харчуюцца: жывёла павінна быць моцнай і здаровай. У сабачы рацыён абавязкова ўключаюцца мяса, гародніна, крупы і нават соль. Аднатыпная ежа службовым сабакам імгненна надакучае і значна запавольвае засваенне неабходных пажыўных рэчываў. У сувязі з гэтым рацыён заўсёды трэба ўсяляк разнастайваць. Штодзень на аднаго чатырохлапага “супрацоўніка” Дэпартамент выдзяляе 4,10 рубля.
За час сумеснай службы і сабака, і яго гаспадар так спрацоўваюцца, што пачынаюць разумець і адчуваюць настрой адзін аднаго без слоў. Таму жывёліна, якая страчвае свае прафесійныя навыкі і “звальняецца” са службы, часцей за ўсё застаецца ў таго супрацоўніка, за якім была замацавана.
– Сабакі раённага Дэпартамента аховы – сапраўдныя памочнікі ў барацьбе з правапарушальнікамі, – расказвае камандзір спецгрупы. – Яны неаднаразова даказвалі гэта, раскрываючы нават самыя жорсткія злачынствы. Некалькі з іх дапамог раскрыць сабака Дан, які служыў разам з міліцыянерам-кінолагам Мікалаем Церахам. Дзякуючы свайму фенаменальнаму нюху, сабака хутка “станавіўся на след”, пераадольваў кіламетры і знаходзіў злачынцу.
Тут Дзмітрый Дзмітрыевіч паглыбляецца ва ўспаміны і расказвае, як у 2011 годзе Дан знайшоў забойцу жыхаркі вёскі Гарадзішча. Злачынца ўжо пачаў замятаць сляды, аднак сабаку і вопытных супрацоўнікаў міліцыі падмануць не атрымалася. У наступным годзе – новае злачынства, якое было раскрыта ў лічаныя гадзіны. І зноў пастараўся Дан. З крамы, якая знаходзілася ў вёсцы Краснікі, быў скрадзены тавар. Сабака бег тры кіламетры і прывёў праваахоўнікаў аж у Замасточча, дзе і хаваўся злачынца з нарабаванымі прадуктамі. Некалькі месяцаў таму міліцыянер-кінолаг Міхаіл Яловік са сваім чатырохлапым кампаньёнам Амурам (на здымку) дапамаглі знайсці злодзея, які скраў кашалёк у пажылой жыхаркі райцэнтра. Зусім нядаўна нямецкая аўчарка Забір і яе гаспадар міліцыянер-кінолаг Ігар Азерскі таксама паспяхова правялі аперацыю. На гэты раз справа датычылася крадзяжу аўтамабіля.
Пасля выдатна выкананай работы сабакі могуць атрымаць заахвочванне ад сваіх гаспадароў у выглядзе костачкі або якіх-небудзь іншых прысмакаў. З такімі прыемнасцямі чатырохлапаму патрулю ніякай зарплаты не трэба.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота аўтара.

←Вещатель CNN в России оштрафован за громкость звука на $3 тыс.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика