В «Лесных озерах» появилась фотозона и строятся новые коттеджи
Санаторый “Лясныя азёры” летась стаў пераможцам раённага конкурсу па добраўпарадкаванні. Але тут не спачываюць на лаўрах і ажыццяўляюць новыя задумы, каб выглядаць яшчэ больш прыцягальна.
Салдаты і салд-аўт
“За мной, у атаку!” – прагучала з-за кустоў, і гурт хлапчукоў, узброены пісталетамі з галінак, прамчаўся ад карпусоў у бок гульнявой пляцоўкі. Прама як у нашым дзяцінстве. Праўда, як патлумачылі мне юныя воіны, гуляюць яны не ў рускіх і немцаў, а вызваляюць дзяўчат ад касмічных дэманаў. І ніякіх табе планшэтаў ды айфонаў – на радасць татам і мамам.
Адзін з хлопчыкаў, пяцігадовы Глеб, бегае не так хутка, але стараецца не адстаць ад свайго “ўзвода”. Яго бабуля Яўгенія Андрэеўна, якая назірае за дзецьмі з ганка катэджа, расказвае, што ў малыша праблемы з апорна-рухальным апаратам, а ў наш санаторый яны прыязджаюць з Масквы ўжо чацвёрты раз, бо бачаць адчувальную карысць ад лячэння. Хлопчык, які пару год таму амаль не мог хадзіць, зараз бегае з сябрамі, а на ганку стаяць самакат і веласіпед. “Для персаналу санаторыя мы ўжо як родныя, бо праводзім тут усё лета, падабаюцца вашы цудоўныя натуральныя прадукты, а нумар, які пастаянна здымаем, лічым сваім другім домам”, – расказвае жанчына.
У жніўні ў “Лясных азёрах” заўсёды “салд-аўт” – такім модным словам называюць зараз з’яву, калі прададзены ўсе білеты. А каб пасяліцца ў адным з 18-ці катэджных нумароў, браніраваць месца трэба яшчэ зімой. Хоць такія апартаменты каштуюць даражэй, аднак попыт на іх асаблівы, а таму адміністрацыя здраўніцы прыняла рашэнне пабудаваць яшчэ пяць катэджаў. Іх узвядзенне пачалося ў ліпені, але ўжо зараз на палянках паміж сосен абрысоўваюцца контуры новых збудаванняў: пракладзены сеткі, заліты падмуркі. Па словах дырэктара здраўніцы Віктара Мікалаевіча Грынкевіча, калі ўсё пойдзе па плане, да Новага года два домікі будуць здадзены ў эксплуатацыю. Таксама сёлета пасля рамонту сталі больш камфортнымі 9 нумароў у карпусах.
Ёсць нават фотазона
Дадалося новых прыгожых аб’ектаў і на тэрыторыі здраўніцы. Калі былі тут зімой на Дні адчыненых дзвярэй, старажытная танцавальная пляцоўка яўна выбівалася з агульнага антуражу: зараз жа яе не пазнаць – афарбоўка, новы цокаль і агароджа пераўтварылі аб’ект, на якім у цёплыя дні праходзяць канцэрты і дыскатэкі.
А яшчэ насупраць адміністрацыйнага будынка нядаўна з’явілася брэндавае месца. “У маі быў аб’яўлены галіновы конкурс па добраўпарадкаванні, і мы задумаліся: што можна яшчэ дадаць і палепшыць на нашай тэрыторыі, – расказвае дырэктар. – Спыніліся на моднай зараз фотазоне”. Гэта невялікая пляцоўка, упрыгожаная кветнікамі, каменнай дарожкай, маленькім вадаёмам, пергаламі – драўлянымі апорамі, па якіх у хуткім часе будзе віцца вінаград, і лавачкай з прымацаванай над ёй назвай сайта санаторыя. Ідэя менавіта такога надпісу, які будзе фігурыраваць на безлічы фотаздымкаў і такім чынам рэкламаваць здраўніцу і яе старонку ў сеціве, належыць маркетолагу Сяргею Сляцкаму, прыгожая падсветка зоны – справа рук загадчыка гаспадаркі Аляксея Полазава, планіроўку аб’екта рабіў сам кіраўнік, ну а высадкай раслін займаліся прыбіральшчыкі тэрыторыі Таццяна Фурманёнак і Людміла Жалейка. Па словах В.Грынкевіча, падобнай фотазоны пакуль не мае ніводная здраўніца сістэмы “Белпрафсаюзкурорта”. Прыгожы куток адразу стаў мясцовай славутасцю: фатаграфуюцца тут не толькі адпачываючыя, прыязджаюць нават вясельныя картэжы!
Лепшая дыпламатыя
У час нашай размовы з Віктарам Мікалаевічам да яго падышлі некалькі элегантных мужчын – павіталіся, паціснулі руку. Аказалася, гэта нашы госці з Ізраіля, якія прыехалі паглядзець здраўніцу, а пасля экскурсіі заказалі нумары. Геаграфія кліентаў санаторыя даволі шырокая: адпачываюць тут прадстаўнікі ўсіх прыбалтыйскіх краін, Украіны, Казахстана, Германіі. Ёсць нават пастаянны кліент са Злучаных Штатаў! Аднак большасць пуцёвак выкупаюць расіяне. Прычым, не толькі тыя, хто прыбыў на лячэнне. У жніўні, напрыклад, нумары зарэзервавалі бацькі і трэнеры юных спартсменаў з Расіі, што прыязджаюць у спарткомплекс “Юнацтва- Ушачы” на зборы. Санаторый у сваю чаргу пастаўляе кліентаў спартыўнаму аб’екту. Маленькі Глеб, пра якога прыгадвала ў пачатку, расказаў, што вельмі любіць плаваць у басейне. Ну а яго бабуля прызнаецца, што проста закахалася ў Беларусь.