Двайняты пад Столінам атруціліся дзедавымі таблеткамі

brest.mvd.gov.by
Пяцігадовыя двайняты ў вёсцы Гарадзец пад Столінам атруціліся таблеткамі, піша прэс-служба УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Хлопчык з дзяўчынкай адправіліся да свайго старэйшага 23-гадовага брата. Хлопец прыбіраў хату дзеда-нябожчыка і не мог належным чынам кантраляваць маленькіх гасцей. Каб не замінаць старэйшаму, дзеці пайшлі гуляць на двор. Там яны пабачылі пакеты са смеццем, якія брат выносіў з хаты.
Малеча палезла ў пакеты, знайшла там дзедавы таблеткі і вырашыла імі пачаставацца.
Праз пэўны час дзеці адчулі сябе нядобра і пайшлі дадому да мамы. Тая пабачыла іх стан, распытала пра здарэнне і выклікала "хуткую".
Двайнятак шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне Столінскай цэнтральнай раённай лякарні. Іх жыццю ўжо нічога не пагражае.
Праверкай здарэння займаюцца праваахоўнікі.