Пад Капылём разбілася "Таёта", якая не прапусціла машыну МНС: кіроўца загінула
17.08.2019 12:32
—
Разное

Ілюстратыўнае фота abw.by
Пад Капылём ля вёскі Бабоўня загінула кіроўца легкавіка "Таёта", якая не прапусціла машыну пажарных. Як паведамляе на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі, здарэнне адбылося сёння раніцай прыкладна ў 7:00 на трасе Р-91.
Машына выратавальнікаў спяшалася на пажар і рухалася па дарозе з уключанымі мігалкай і сігналізацыяй. З другаснай дарогі на трасу выехаў легкавік "Таёта" і адбылося сутыкненне.
Жанчына-кіроўца "Таёты" загінула, яе пасажыр-мужчына траўмаваны. Да прыбыцця хуткай выратавальнікі аказвалі людзям першую медыцынскую дапамогу.
Прычына і ўсе акалічнасці ДТЗ высвятляюцца.