На “Нафтане” знайшліся загадкавыя балоны, якія засталіся ад будаўнікоў завода

naftan.by
14 жніўня падчас будаўнічых работ на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага завода ў Наваполацку адкапалі балоны з невядомым змесцівам. Ахова НПЗ і выратавальнікі тэрмінова вывезлі іх з прадпрыемства.
На заводе Еўрарадыё распавялі, што балоны, якія адкапалі падчас будаўнічых работ, аказаліся пустымі. Мяркуецца, што іх выкарыстоўвалі зваршчыкі, калі будавалі НПЗ.
“Некалькі дзясяткаў гадоў праляжалі балоны, — адказаў намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Нафтан” па сацыяльным развіцці Сяргей Яўтушык. — Хутчэй за ўсё, з моманту будаўніцтва завода. Падобны на тыя, з якімі працуюць зваршчыкі, але дакладна нельга сказаць. Няма ніякіх апазнавальных знакаў. Магчыма, пры будаўніцтве завода іх нехта выкінуў.
Спецыялісты МНС у спецыяльных касцюмах вывезлі ржавыя балоны, пад вадзяной заслонай іх адчынілі. Балоны аказаліся пустымі”.
Знойдзеныя балоны пойдуць на металалом, бо не нясуць гістарычнай каштоўнасці.
Будаўніцтва “Нафтана” пачалося ў 1958 годзе. Прадпрыемства з’яўляецца горадаўтваральным для Наваполацка, які пачалі будаваць пазней. “Нафтан” — адно з двух нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі.