Тая ціхая прыстань у бурлівым жыццёвым моры… Родная зямля…

Источник материала:  
10.08.2019 — Разное
Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Родная зямля…

Той запаветны бераг,

да якога імкнешся ў цяжкія хвіліны. Тая ціхая

прыстань у бурлівым

жыццёвым моры, якая

цярпліва чакае цябе

з далёкіх вандровак.

Маленькая кропачка на карце Беларусі, маленькая часцінка ў Сусвеце —

вёска Затур’я. Я шчаслівая, бо са мной мая сям’я і мае шчырыя сябры…

Тая ціхая  прыстань у бурлівым  жыццёвым моры… Родная зямля…

 

 

Хораша, паэтычна апявалі малую радзіму вядучыя Сняжана Лукша і Таццяна Халопіца на свяце вёскі Затур’я.

На пляцоўцы каля Затур’янскага СДК у гэты дзень сабралася шмат вяскоўцаў. Ім цікава было паслухаць пра гісторыю Затур’і — бо хтосьці тут нарадзіўся і пражыў усё жыццё, а хтосьці пераехаў сюды, аба-снаваўся, прыкіпеў…

Свой летапіс Затур’я вядзе з 1586 года — тады гэта быў фальварак у Навагрудскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. У 1595 го-дзе гэта — фальварак і сяло, былі ў ім “41 валока зямлі і 44 дымы”, працаваў млын. Належалі яны князям Радзівілам. У 1748 г. Міхаіл Казімір Радзівіл выдаў прывілей шляхце на засценак Затур’я. У 1884 г. у вёсцы была адкрыта школа. У 1890/91 навучальным годзе ў ёй вучыліся 18 хлопчыкаў. У 1897 г. у вёсцы налічвалася 107 двароў, 507 жыхароў. Працавалі ветраны млын, кузня, майстэрня, хлебазапасны магазін. Побач знаходзіўся аднайменны засценак. У 1909 г. у вёсцы быў 61 двор, 508 жыхароў, у засценку — 70 двароў, 533 жыхары. Як бачна, вёска была даволі шматлюднай.

Гістарычныя падзеі ўсёй краіны наклалі свой адбітак на жыццё вёскі. У 1921 — 1939 гг. яна знаходзілася ў складзе Польшчы, у Гавязнянскай гміне Нясвіжскага павета. Налічвала 143 двары, 719 жыхароў. У 1939 годзе вёска ўвайшла ў склад БССР. з 1940 г. — у Нясвіжскім раёне Баранавіцкай вобласці, з 1954 г. — Мінскай вобласці. Належала яна Юшавіцкаму сельскаму Савету.

У 1940 г. вёска налічвала 165 двароў, 825 жыхароў. Працавала пачатковая школа.

Тая ціхая  прыстань у бурлівым  жыццёвым моры… Родная зямля…

У 1941 г. пачалася Вялікая Айчынная вайна. Яна не проста прыпыніла развіццё населенага пункта — яна забрала працаўнікоў зямлі, многіх забрала назаўсёды. Загінулі ці прапалі без вестак Пётр Ігнатавіч Камёнка, Вікенцій Антонавіч Клокель, Аляксандр Канстанцінавіч Ланкевіч, Іван Сцяпанавіч Мамонька, Вячаслаў Адамавіч Няверка, Іван Паўлавіч Пражэнік, Уладзімір Адамавіч Русак, Міхаіл Антонавіч Тур, Павел Сцяпанавіч Халопіца. Іх імёны з асаблівай пашанай і хваляваннем успамінаюцца сёлета, у год святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як і імёны тых, каму пашчасціла вярнуцца з фронту жывымі, але многім — інвалідамі. Яны працавалі на роднай зямлі, узводзілі будынкі, гадавалі дзяцей — адраджалі жыццё на скалечанай, знявечанай фашысцкім ботам Беларусі. Вядучыя свята назвалі гэтых ветэранаў. На жаль, іх ужо няма сярод нас. Але землякі памятаюць і ўдзячны Генадзю Юльянавічу Герману, Вячаславу Адольфавічу Главацкаму, Міхаілу Пятровічу Кавальчуку, Аляксандру Мікалаевічу Кручку, Пятру Мікалаевічу Кручку, Івану Антонавічу Кукулу, Фёдару Адамавічу Кукулу, Вячаславу Іванавічу Мазалько, Емяльяну Людвігавічу Мохарту, Міхаілу Іванавічу Русаку, Юльяну Афанасьевічу Стадубу, Юсіфу Іванавічу Судніку, Мікалаю Васільевічу Таратуту, Іосіфу Іосіфавічу Фядкевічу, Аляксандру Варфаламеевічу Хвіцьку, Івану Францавічу Цвірку, Антону Іванавічу Ратомскаму, Івану Антонавічу Шкоду, Канстанціну Адамавічу Шкоду, Мікалаю Іванавічу Шкоду, Вікенцію Аляксанд-равічу Янцэвічу. Як многа сваіх мужчын адправіла Затур’я на фронт, каб яны дабілі ворага і прынеслі Вялікую Перамогу! Землякі ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

У 1949 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас “Слава”, яго ўзначаліў В. І. Шкода. У сельгасарцель увайшло 155 гаспадарак. У 1978 г. адбылося аб’яднанне з суседнім калгасам “Зара”. Цяпер гэта — адкрытае акцыянернае таварыства “Юшавічы”. У 1957 г. у вёсцы Затур’я з’явіўся клуб, у 1962-м — жывёлагадоўчая ферма, у 1964-м — медыцынскі пункт. У 1989 годзе пабудавалі новую, 2-павярховую, школу. У 1994-м у вёску прыйшоў прыродны газ. У 2013 г. Затур’я стала адносіцца да Сейлавіцкага сельсавета. Сёння тут налічваецца 182 двары, пастаянна пражываюць 413 чалавек.

Тая ціхая  прыстань у бурлівым  жыццёвым моры… Родная зямля…

І сярод іх — старэйшая жыхарка Ніна Антонаўна Клокель, якая сёлета адзначае свой 90-гадовы юбілей. Доўгажыхарку павіншавалі з нагоды такой паважанай даты і ўручылі падарунак.

З сярэбраным вяселлем віншавалі і віталі на свяце сямейныя пары, якія чвэрць стагоддзя крочаць разам па жыцці: Аляксандра і Ганну Траякуравых, Аляксандра і Алену Лазоўскіх, Алега і Святлану Лашук.

У бягучым годзе, а дакладней — 4 сакавіка ў вёсцы нарадзіўся самы маленькі на сёння яе жыхар — хлопчык Савелій. Вядучыя прывіталі маладых бацькоў — Алякандра і Хрысціну  Гурбан — і ўручылі іх сыночку цацку — трактар. Вяскоўцы жартавалі: вырасце — стане механізатарам, як і тата. У гэты дзень Савелія якраз хрысцілі, і ўсе яго родныя і госці завіталі на свята вёскі. Маладыя бацькі прымалі на сцэне віншаванні, а дзіця соладка спала ў калясцы.

У Затур’і заўсёды жылі добрыя, дбайныя гаспадары. І сёння многія сядзібы вылучаюцца акуратнасцю, чысцінёй і кветкавай прыгажосцю. На свяце былі адзначаны самыя лепшыя падвор’і: Іосіфа і Алены Цвірка і Вольгі Анішчык. Іх за-прасілі на сцэну, каб уручыць падарункі.

Квітнее гэты маленькі куточак Нясвіжскай зямлі — вёска Затур’я. Яе працавітыя людзі вырошчваюць збажыну, гадуюць жывёлу, ствараюць сем’і, нараджаюць дзяцей. У іх гонар на свяце гучалі прыгожыя, звонкія песні. Іх дарылі мясцовыя артысты, аматары сцэны Вольга Міхайлава, Юзэфа Цвірка, яе ўнучкі Таццяна Цвірка і Вераніка Цвірка, Ала Мішчанка, Алена Цвірка, Генадзь Русак, Элеанора Батурыцкая, Наталля Лукша, Сняжана Лукша, Ірына Зуйкевіч, Таццяна Халопіца і Зінаіда Халопіца. Спявалі сольна, дуэтамі і вакальнай групай.

Артысты сардэчна падзякавалі таксама дырэкцыі гаспадаркі за дапамогу, разуменне і супрацоўніцтва. Гаспадарка ўзяла на сябе матэрыяльныя затраты на правядзенне свята (падарункі, музыка), а таксама на прывядзенне ў належны стан тэрыторыі каля будынка СДК. Дырэктар адкрытага акцыя-нернага таварыства Алег Вінаград у гэты дзень прысутнічаў на раённых зажынках у ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі”. Але шчырыя словы падзякі прагучалі ў яго адрас на свяце вёскі. Гэта супрацоўніцтва прыносіць добры плён.

У суботу я патэлефанавала ў СДК, каб удакладніць некаторыя дэталі для гэтай публікацыі. Артысты вакальнай групы збіраліся выязджаць, каб выступіць з невялікім канцэртам перад удзельнікамі жніва. А вярнуўшыся, загадчык Дома культуры Сняжана Лукша расказала:

— Выступалі мы сумесна з аматарамі самадзейнай творчасці Юшавіцкага СДК. Пабывалі на збожжавых таках у Затур’і і Юшавічах падчас абе-дзеннага перапынку хлебаробаў. Да камбайнаў у поле не паехалі — там кожная хвілінка дарагая, напярэдадні пасля дажджу ім давялося прастаяць. А хочацца ж хутчэй убраць збажыну…

Над збожжавым токам плылі прыгожыя мелодыі. Вясковыя артысты выканалі песні “Гарманісты”, “Калінка-ягада”, “Млын”, “Рамонак белы”, “Пажаданне”. У адказ гучалі апладысменты і шчырае “дзякуй”. Развітваючыся, артысты запрасілі хлебаробаў на новую сустрэчу — на дажынкі, якія будуць ладзіцца зноў каля Затур’янскага сель-скага дома культуры. Пакуль  камбайнеры шчыравалі ў полі, дзяўчаты ўзяліся вязаць снапы — да свята дажынак. Мясцовых і раённых.

Так і праходзяць дзень за днём. Будні і святы.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Здымкі прадастаўлены

Затур’янскім СДК.

 


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

←На базе Несвижского РОЧС прошли соревнования среди добровольных пожарных дружин организаций (предприятий) района

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика