Студэнт з Конга ў бойцы адкусіў жыхару Наваполацка частку падбародка
БЕЛТА
Канфлікт паміж афрыканскімі студэнтамі і жыхарамі Наваполацка скончыўся лякарняй для аднаго з іх, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама.
Два замежныя студэнты падрыхтоўчага аддзялення ВНУ бавілі вечар са знаёмай дзяўчынай з Наваполацка. У нейкі момант, па звестках міліцыі, адзін са студэнтаў пачаў сварыцца з дзяўчынай. Выпадковы мінак, які стаў сведкам канфлікту, заступіўся за суайчынніцу. І падчас бойкі ўраджэнец Дэмакратычнай Рэспублікі Конга ўкусіў апанента за падбароддзе. Пасля гэтага хлопца шпіталізавалі і зрабілі яму аперацыю.
У каментары "Нашай ніве" прадстаўнік афрыканскіх студэнтаў Полацкага ўніверсітэта Ян Комба агучыў іншую версію. Па яго словах, студэнт з Конга адпачываў у клубе з дзяўчынай. Калі яны выйшлі на вуліцу, мясцовыя жыхары сталі абражаць хлопца і пытацца ў дзяўчыны, чаму яна ходзіць з неграм. У выніку пачалася бойка, падчас якой студэнт і ўкусіў аднаго з мясцовых жыхароў.
Пасля здарэння афрыканцы і іх знаёмая паспяшаліся схавацца і выклікалі таксоўку. Калі кіроўца адмовіўся іх везці, дзяўчына пачала граміць аўтамабіль.
Паведамляецца, што міліцыя затрымала кангалезскага студэнта і ягоную беларускую спадарожніцу. Праверкай інцыдэнту займаюцца міліцыянты. Матэрыялы на 33-гадовую новапалачанку накіраваныя ў Следчы камітэт.