Гарачыя вугольчыкі з гарніла Вялікай Айчыннай
Менавіта да слаўнай Перамогі нашага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў, а тым больш да юбілейных дат, у Беларусі выдаюцца і перавыдаюцца ёмістыя кнігі, эпапеі, калектыўныя зборнікі, мемуары нашых празаікаў, паэтаў, гісторыкаў аб той далёкай чалавечай трагедыі.
Брэсцкія пісьменнікі дабравольна і з вялікай адказнасцю далучаюцца да гэтай патрэбнай і важнай творчай працы, прымаюць актыўны ўдзел у зборы інфармацыі аб тых страшных ваенных падзеях на свяшчэннай, шматпакутнай зямлі роднай Брэстчыны. Пажаўцелыя дакументы франтавікоў і партызан, дзённікі камандзіраў, пісьмы-трохвугольнікі, паштоўкі, канверты, паведамленні і “пахаронкі” з фронту, вестачкі з тылу на фронт, успаміны жывых сведкаў ваенных падзей служаць асновай для напісання новых літаратурна-мастацкіх твораў, гістарычна-дакументальных раманаў, аповесцяў, апавяданняў, прысвячаных подзвігу і гераізму нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў.
І адным з такіх шчырых і адданых патрыётаў-літаратараў, заўзятых збіральнікаў бясцэннай інфармацыі і стваральнікаў кнігі-помніка мужнаму пакаленню пераможцаў з’яўляецца наш нястомны руплівец – сябра Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Валковіч. Для ўвекавечання народнай памяці і з мэтай выхавання маладога пакалення ў духу высокага патрыятызму, любові і павагі да сваіх вызваліцеляў – абаронцаў міру, не шкадуючы сябе і часу, Аляксандр Міхайлавіч шмат зрабіў і прадаўжае рупіцца на неабсяжнай літаратурнай ніве.
Шчаслівай літаратурнай падзеяй для нас стала і тое, што перад самым галоўным і важным святам нашага народа – Днём Незалежнасці і 75-гаддзем вызвалення Беларусі ад карычневай чумы пабачыла свет яго дапоўненае і перапрацаванае другое выданне ўнікальнага гістарычна-дакументальнага, публіцыстычнага, ілюстраванага зборніка “Письма войны” (Брэст, “Альтернатива”, 2019). Першае выданне выйшла ў свет у 2010 г. па ініцыятыве аўтара кнігі і абласной газеты “Заря” пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама. Дапоўненае і дапрацаванае выданне прысвечана таксама 75-годдзю вызвалення Брэсцкага раёна – і невыпадкова яго актыўна падтрымаў Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт.
Краіна ўрачыста і з гонарам адзначыла слаўную дату, ушановала жывых вызваліцеляў, аддала даніну павагі і памянула загінуўшых у барацьбе і памерлых ад цяжкіх ран сыноў, подзвігам каторых ганарыцца, і прадаўжае радавацца міру, вольнай, стваральнай працы і залатому сонцу… А я з пяшчотай, як дарагое дзіцятка, як святую рэліквію, з нахлынутым шчымлівым трымценнем трымаю ў руках дасланую мне кнігу-падарунак “Письма войны”, удумліва і з засяроджанай цікавасцю ды ўвагай гартаю яе старонкі, вывучаю кнігу, як найцэнны скарб народнай мужнасці, як неаспрэчную сведку, як неабвержны доказ аб страшнай праўдзе, аб крывавым далёкім часе на свяшчэннай брэсцкай зямлі.
О, колькі апісана тут фактаў і падзей, колькі сабрана болю і смутку, гора і пралітых слёз, колькі прасочваецца, перадаецца светлых пачуццяў, памкненняў, жаданняў, надзей, любові і чалавечай веры ў дабро і святло, у Перамогу і мірнае жыццё! І колькі ў салдацкіх пасланнях гучыць і разносіцца ў вечнасць пракляцця вайне і тым, хто яе развязаў!
Змястоўную, вартую прызнання і высокай адзнакі прадмову да зборніка напісаў сам пісьменнік. Атрымалася яна ў яго даволі грунтоўная, добра прадуманая, па-сапраўднаму патрыятычная, а самае галоўнае – да болю ўразлівая і кранальная, як быццам сам пісьменнік сваімі нагамі прайшоў праз тыя вогненыя дарогі і выпрабаванні, праз пажарышчы і пекла вайны. Бачна, што Аляксандр Валковіч – прафесіянал у публіцыстыцы і мастацкай прозе; адчуваецца, што тэма вайны ім да болю перажыта і пражыта, падаецца, што ўсе героі ягонай кнігі – блізкія і дарагія яму людзі. Ці не таму, што аб жахах вайны будучы празаік наслухаўся яшчэ з дзяцінства – ад уласных бацькоў, шматлікіх родзічаў? Бацька пісьменніка, Валковіч Міхаіл Ільіч, – удзельнік вайны, ордэнаносец; маці, Лідзія Іларыёнаўна, два гады адбатрачыла ў нямецкіх працоўных лагерах. Таму чытаць аўтарскую прадмову з раўнадушнасцю і без слёз немагчыма. Здаецца, стрымліваеш сябе, а сэрца ў грудзях усё роўна – шчыміць і перапаўняецца гонарам за свой народ, за вызваліцеляў, за такога сумленнага, вернага свайму пісьменніцкаму доўгу беларуса – майстра мастацкага слова. Перадыхнеш крышку і зноў вяртаешся да прачытанага і – здзіўляешся чалавечай сардэчнасці, праніклівасці, духоўнасці і патрыятычнай выхаванасці аўтара, не гаворачы ўжо пра яго высокі ўзровень пісьменніцкага прафесіяналізму.
Патрэба ў перавыданні кнігі, як тлумачыць сам аўтар, узнікла таму, што далёка не ўсё сабранае раней змагло трапіць у першае выданне (з-за аб’ёму рукапісу, друкарскіх затрат), а тут яшчэ дабавілася і новая важная інфармацыя: пісьменніку пашчасціла сабраць шмат дадатковага ваенна-дакументальнага, эпісталярнага, ваенна-гістарычнага матэрыялу. Адазваліся ажно з Падмаскоўя сваякі лейтэнанта Айзіка Іофе – абаронца легендарнай Брэсцкай цытадэлі, імя якога навечна выбіта на плітах Мемарыяла крэпасці-героя… Хацелася ўсё свежае як хутчэй данесці да шырокага кола чытачоў.
Увага і перавага на гэты раз больш надавалася ваенным гісторыям і лёсам воінаў-змагароў, публікацыі іх простых, але шчырых і цёплых пасланняў родным людзям – клапатлівых пісьмаў-прызнанняў, пісьмаў-развітанняў, напісаных паспешлівым почыркам у акопе ці ў партызанскай зямлянцы, на лясной паляне ці ў сырым бліндажы; пісьмаў з абгарэлымі краямі ад цыгары або самакруткі, з капелькамі крыві ці пота, са слядамі горкай салдацкай ці жаночай, а нярэдка і дзіцячай слязы. І ва ўсіх пажаўцелых ад часу, зачытаных, працёртых агрубелымі рукамі лістах яскрава прысутнічае сапраўды істотная вялікая любасць да Айчыны і цвёрдая вера ў Перамогу.
Геаграфія франтавой карэспандэнцыі і дакуметацыі, уключаная ў зборнік, даволі шырокая. Разнастайнасць архіўных, музейных матэрыялаў падзелена на раздзелы і главы і размеркавана ў храналагічным парадку: 1941-1945 гады, не прыдаючы розніцы грамадскаму палажэнню, ваенным званням, баявым ці іншым заслугам аўтараў пісьмаў. Выключэнне было зроблена толькі матэрыялам, звязаным з вызваленнем Беларусі і Брэстчыны, што само па сабе апраўдана. Бо вайна, як піша Валковіч, “не дазіравала смярцей і страт, а адпускала кожнаму рэгіёну і чалавеку спаўна”. Асаблівая ўвага ў кнізе прыдаецца пісьмам нашых землякоў-партызан, удзельнікам знакамітай вызваленчай аперацыі “Баграціён”.
Тэкст зборніка падзелыны на шэсць глаў. У першую главу, як і павінна быць, уключаны малавядомыя адсканіраваныя пісьмы абаронцаў Брэсцкай крэпасці – вестачкі на радзіму, напісаныя ў апошнія мірныя дні. Дні, калі чорная хмара драпежніцкай вайны няўмольна насоўвалася да граніц нашай вялікай дзяржавы, пагражаючы страшэннай бядой і разрухай. Дыханне гэтай навалы ясна адчувалася і ў пісьмах воінаў-пагранічнікаў.
Асобнымі главамі прадстаўлены гісторыя дзённікаў, запісных кніжак і сшыткаў-нататнікаў пісьменніка-патрыёта Сяргея Смірнова, партызанскія дзённікі і малюнкі, пісьмы з няволі маладых вязняў-беларусаў, вывезеных у Германію на прымусовую працу. Дарэчы, па завяшчанні Сяргея Сяргеевіча амаль увесь пісьменніцкі архіў, пася яго смерці, быў перавезены ў Музей абароны Брэсцкай крэпасці, і дзе Аляксандр Валковіча, як дакументаліст, пачарпнуў сабе нямала карыснай інфармацыі.
У кнізе прадстаўлены ўсе раёны Брэсцкай вобласці – пісьмамі-пасланнямі франтавікоў з ліку ураджэнцаў кожнай мясціны, іх баявых сяброў, мацярок, жонак, нашчадкаў. Вялікай падборкай сабраных пісьмаў прадстаўлена Піншчына, Століншчына, адкуль дзесяткі тысяч маладых людзей і малалетак былі прымусова вывезены ў германскае рабства. Пра нечалавечыя адносіны немцаў да нявольнікаў сведчаць і шматлікія іншыя ўцалелыя дакументы і акты, пісьмы былых вязняў. Дарэчы, арыгіналы гэтых дакументаў пісьменніку пашчасціла адшукаць у Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці, у адкрытым друку яны прадстаўлены ўпершыню.
Горка чытаць пра трагічны лёс выхаванцаў дзіцячага дома пасёлка Дамачава Брэсцкага раёна, знішчэнне якіх адбылося 23 верасня 1942 года, а таксама – расповед уратаванай выхаванкі гэтага ж дзіцячага прытулку – полькі Люцыны Хлюдзінскай, якую праз шмат гадоў адшукаў аутар кнігі…
Са смуткам і абурэннем прачытваеш крывавыя падзеі 18 верасня 1942 года, якія былі ўчынены гітлераўцамі і паліцаямі перад расправай з дзецьмі-сіратамі ў Дамачаве: за адзін толькі дзень акупанты растралялі 2700 мірных жыхароў паёлка. Такім жа чынам карнікі расправіліся і з вязнямі гета пасёлка Тамашоўка.
Ад болю замірае сэрца, калі чытаеш перадсмяротную запіску мужнай беларускай дзяўчынкі Каці Сусанінай з г. Ліозна Віцебскай вобласці, якая, будучы даведзенай да адчаю гітлераўскім памешчыкам, у дзень свайго 15-годдзя (12 сакавіка 1943 г.) рашылася на самагубства, каб толькі не ехаць у праклятую Германію.
Родную матулю пісьменніка таксама не абмінула цяжкая доля рабскай працы на чужыне. Лідзія Іларыёнаўна Валковіч была вывезена ў нямеччыну ў жніўні 1943 года, прайшла праз працоўныя лагеры Германіі, Аўстрыі, Італіі і толькі летам 1945 года была вызвалена амерыканцамі. Яе ўласныя ўспаміны аб фізічных пакутах і душэўных муках, падчас блукання па еўрапейкіх лагерах, сын дазволіў сабе размясціць толькі напрыканцы зборніка, у 6-й главе. Хутчэй за ўсё аўтар так паступіў з-за празмернай чалавечай сціпласці.
Унікальнасць зборніка – бяспрэчна. Аб гэтым гаворыць не толькі сама назва кнігі, сцвярджае ўдалы падзагаловак, але і сведчаць бясцэнныя дакументы-арыгіналы, копіі, праўдзівая хроніка-летапіс ваеннага часу, сапраўдныя, а не выдуманыя імёны аўтараў пісьмаў – удзельнікаў ваенных падзей. Дыханне рэальных баявых абставін, франтавога побыту, пералік гераічных паступкаў воінаў, партызан і камандзіраў, праблем і радасцей людзей тылу – усё гэта адлюстравана ў сабраных дакументах і ўвекавечана пісьменнікам у кнізе мужнасці.
Аўтар наўмысна і свядома суправадзіў свой праект характэрным падзагалоўкам “Хрестоматия патриотизма”, бо пісьмы, якія былі ўключаны ў кнігу, і ёсць не прыдуманая, а праўдзівая, дакладная летапіс-хрэстаматыя ваеннага часу – зборнік выбраных сапраўдных дакументаў або ўрыўкаў ад іх, дакладней кажучы, – вучэбны дапаможнік. Таму пісьменнік зусім не выпадкова лічыць, што тэрмін “хрэстаматыя” сугучны слову “хрыбет”. Патрыятызм – станавы хрыбет, аснова нашай агульнай Перамогі. І як філосаф-аналітык аўтар мае рацыю…
Франтавыя пісьмы – гэта гарачыя вугольчыкі, якія выкаціліся з топкі гіганцкага, лёсаноснага змагання пад назвай Вялікая Айчынная вайна. Яны і цяпер прадаўжаюць апальваць нашыя сэрцы.
Удумліва аналізуючы прачытанае, прыходзіш да вываду, што і праз дзесяцігоддзі жывым, гаварлівым струменьчыкам яскрава прасочваецца да нас, промнікам прабіваецца шчырая просьба і гарачы запавет загінулых продкаў-абаронцаў: пільна берагчы здабыты мір і заваяваную свабоду. Упэўнена, што і праз сотні гадоў гэты запаветны голас барацьбітоў будзе кранаць сэрцы і натхняць душы нашым наступнікам.
Несумненна, зборнік выбраных апублікаваных дакументаў будзе служыць вучэбным дапаможнікам, па якім нашчадкі будуць вучыцца патрыятызму, мужнасці, высакароднасці, ідэйнасці, загартоўваць свой маральны дух, выхоўваць цвёрдую веру і перакананасць. Менавіта гэтымі якасцямі валодалі нашы бацькі, дзядулі, прадзеды. Таму і выстаялі ў страшны час, адолелі лютага ворага.
Хочацца ўголас засведчыць: не, гэта не толькі кніга-прысвячэнне 75-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, 75-годдзю Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, гэта КНІГА-ПОМНІК усім барацьбітам і тылавікам той страшнай сусветнай бойні.
Але як бы старанна і падрабязна я не апісвала змест зборніка, а ўсё ж такі чытачу, каб лепей зразумець і адчуць той час і людское гора, трэба прачытаць кнігу асабіста – уважліва, удумліва і пранікнёна, бо кніга варта, каб яе чыталі, аб ёй пісалі, гаварылі.
Набыць яе можна ў выдавецтве “Альтернатива” г. Брэста ці ўзяць у бібліятэках Брэста і Брэсцкай вобласці.
Дарэчы, сродкі на перавыданне кнігі збіралі, як кажуць, усім мірам. У гэтай патрыятычнай справе прынялі удзел Саветы ветэранаў, арганізацыі, установы, сельгаспрадпрыемства і асабіста грамадзяне Брэсцкага раёна, вобласці, Рэспублікі Беларусь, а таксама прадстаўнікі Расіі, Украіны, Германіі, Ізраіля, ЗША. З гэтай мэтай былі выкарыстаны таксама магчымасці беларускай краудфандінгавай інтэрнэт-пляцоўкі Ulej.by.
Прэзентацыя зборніка Аляксандра Валковіча “Письма войны” адбудзіцца 27 ліпеня ў ДК аграгарадка Астрамечава, у дзень святкаваннем 75-й гадавіны вызвалення Брэсцкага раёна ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў.
Надзея ПАРЧУК, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі
|