Асіповічы: хроніка здарэнняў
РАУС
13 ліпеня паступіла інфармацыя пра двайное забойства. У сваім доме ў Асіповічах знойдзены трупы двух мужчын. Адзін забіты стрэлам у галаву, другі — двума стрэламі ў галаву і грудзі.
У той жа дзень рабочы філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына” ў стане алкагольнага абстынентнага сіндрому ўпаў на асфальт і атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму.
8 ліпеня шпіталізаваны рабочы прыватнага лесаперапрацоўчага прадпрыемства: пры рабоце на пілараме — пранікаючае раненне жывата фрагментам дошкі.
За мінулы тыдзень адбылося 3 крадзяжы (прадукты харчавання, пральная машына) і рабаўніцтва. У непрацуючага жыхара райцэнтра група таксама беспрацоўных зламыснікаў гвалтоўным чынам адабрала пляшку гарэлкі.
РАСК
Узбуджана 8 крымінальных спраў. Адна — за парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду непрацуючым асіпаўчанінам, які знаходзіцца на ўліку крымінальна-выканаўчай інспекцыі. 2 — па фактах захавання наркарэчываў у аг. Вялікі Бор.
Сярод маёмасных злачынстваў — спроба махлярскім чынам завалодаць мабільным тэлефонам коштам 1298 руб. Яшчэ — знікненне інструменту на суму 2318 руб. з неахоўваемага памяшкання сховішча філіяла “Бабруйскія цеплавыя сеткі” РУП “Магілёўэнерга” ў п. Татарка.
ДАІ
Выяўлена 87 парушэнняў правілаў дарожнага руху, прыцягнута да адказнасці 3 вадзіцелі ў нецвярозым стане, 5 — не маючых права кіравання транспартнымі сродкамі, 12 “бясфлікерных” пешаходаў і 1 веласіпедыст. Здарылася 7 ДТЗ.
Апоўнач 9 чысла ў вёсцы Вялікая Гарожа вадзіцель “Фольксвагена”, які рухаўся заднім ходам, наехаў на мясцовую жыхарку. Пацярпелая атрымала траўмы галавы, пералом 7 рэбраў, касцей таза, ступні, пашкоджанне лёгкіх і пазваночніка.
ІАЖіРС
Складзена 2 пратаколы на браканьераў-рыбакоў і 1 — захавальніка забароненых прылад для лоўлі.
12 ліпеня на тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі Асіповіцкага УМГ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” знойдзена забітая са стрэльбы самка дзіка.
Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да раней судзімага асіпаўчаніна, які з дапамогай забароненых прылад здабыў з Асіповіцкага вадасховішча 124 асобіны рыб розных парод, чым нанёс прыродзе шкоду ў памеры 3289 руб.