Следчы камітэт распавёў пра бойку на вяселлі ў Кобрынскім раёне
Ілюстрацыйнае фота / belrynok.by
Следчы камітэт распавёў пра бойку на вяселлі ў аграгарадку Гарадзец Кобрынскага раёна. Раней з'явілася неафіцыйная інфармацыя, паводле якой на вяселлі ў сталовай былі людзі не мясцовыя — з суседніх раёнаў. Двое мужчын, у тым ліку і бацька нявесты, выйшлі з будынка, на іх напала і збіла група мясцовых падлеткаў. Яны нібыта прасілі, каб ім вынеслі гарэлкі. У аднаго з мужчын пасля ўдараў мог здарыцца сардэчны прыступ.
Прэс-служба СК у Telegram інфармуе, што следчыя праводзяць праверку здарэння, якое адбылося позна ўвечары 13 ліпеня. Яны высветлілі, што загінулы, 61-гадовы жыхар Драгічынскага раёна, быў госцем на вяселлі дачкі свайго сябра. Разам з ім ён выйшаў з будынка, да іх падышлі маладыя людзі, якія папрасілі прадаць алкаголь. Здзелка адбылася, але з нейкай прычыны ўзнік канфлікт, а пасля адбылася сутычка. Мужчыны атрымалі цялесныя пашкоджанні і вярнуліся ў будынак (моладзь з месца здарэння сышла). Там госцю вяселля стала кепска і ён памёр — медыкі не змаглі выратаваць жыццё. Судова-медыцынскі эксперт папярэдне высветліў, што прычынай смерці стала сардэчна-сасудзістае захворванне. Бацька нявесты шпіталізаваны ў траўматалагічнае аддзяленне.