У Мсціслаўскім раёне ўбрана каля 900 гектараў рапсу
Надвор’е ліпеня не вельмі спрыяе палявым работам. Але працаўнікі сельскай гаспадаркі імкнуцца выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну, прыдатную для жніва. Па аператыўных дадзеных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама ў раёне ўбрана каля 900 гектараў рапсу, што складае 19 працэнтаў ад засеяных плошчаў.
На рапсавы палетак непадалёку ад Рожава выйшлі збожжаўборачныя камбайны адкрытага акцыянернага таварыства «СГЦ «Віхра». У гаспадарцы пасевы гэтай культуры складаюць 500 гектараў. Пры добрым надвор’і і бездакорнай рабоце тэхнікі, улічваючы, што на поле кожны дзень могуць выйсці 6 камбайнаў, — на тыдзень уборкі.
Так прыкідваюць, робячы няхітрыя падлікі камбайнеры, якія спынілі тэхніку на ўскрайку поля, чакаючы, пакуль абветрыцца рапс.
▪ Старшыя камбайнеры Віктар Казінскі і Андрэй Самулёў згодны: «Рапс паспеў і гатовы да малацьбы». Фота Валянціны Краўцовай
— На гэтым участку пасевы чыстыя, дагледжаныя, касіць іх — адно задавальненне, — кажа вопытны камбайнер Віктар Казінскі. — Працаваць мы ўмеем, палівам забяспечаны, тэхніку рыхтавалі якасна, усведамляючы, што падчас жніва дарагая кожная хвіліна. Будзем спадзявацца, што надвор’е ўсталюецца добрае і са жнівом справімся своечасова.
Яшчэ некалькі хвілін і камбайн ACROS-530 Віктара Віктаравіча, разам з якім у экіпажы працуе Сяргей Рыбакоў, павольна паплыў па полі. Услед за ім КЗС-10 упэўнена павёў сямейны экіпаж Андрэя і Яўгена Самулёвых.
Распачаўшы жніво, у сельгаспрадпрыемстве не спынілі работы па нарыхтоўцы кармоў. Тут працягваецца закладка сенажу з траў другога ўкосу, якога да задання яшчэ неабходна каля трох тысяч тон.
Валянціна КРАЎЦОВА.