Хтосьці чакае лета, каб адпачыць, пападарожнічаць, паляжаць на пясочку ля мора ці возера. Хтосьці шчыруе на градках і ў садзе, каб не толькі ўдосталь наесціся свежай гародніны ды фруктаў, але і на зіму запасаў нарабіць – такія ўжо мы, беларусы: спакойна і надзейна сябе адчуваем, калі кладоўкі са скляпамі ломяцца ад усялякага дабра. А ў некаторых летняя пара – час, калі можна істотна папоўніць сямейны бюджэт. Што цалкам лагічна: адпачыць цікава і з карысцю, калі ў цябе ёсць грошы, можна і вясной, і восенню. Лета ж праміргаеш – за хвост не зловіш.
Найбольш актыўныя жыхары раёна пачынаюць свой маленькі бізнес ужо з вясны – з продажу расады гародніны і кветак. Далей рэалізуюцца ўжо плады – у некага лішкі, а хтосьці саджае гуркі-памідоры, капусту ці часнок спецыяльна на продаж. Капейку гэтую лёгкай не назавеш: не толькі вырасціць-дагледзець усё патрэбна, але і пэўны час патраціць, каб прадаць. Лясныя ягады, вядома, даглядаць не трэба, але ж назбіраць іх, асабліва ва неўраджайны год, – на такія подзвігі цягне далёка не кожнага. Таму калі чуеш асуджальнае: “Ну ж і цэны накручваюць гэтыя прадаўцы, што на трасе стаяць!”, хочацца запярэчыць: а вы спрабавалі падняцца на досвітку, бо днём і горача, і камар’я ды сляпнёў поўна, дабрацца да лесу, і добра калі да месца на машыне, а то ж на веласіпедзе ці пехам, а там пакланяцца кожнай ягадцы, пабегаць у пошуках грыбоў? А затым вярнуцца, перабраць здабытае, пачысціць, надаць, так сказаць, таварны выгляд і паўдня адстаяць на дарозе, чакаючы пакупнікоў.
Таццяна Казачонак з Докшыц (на здымку) лічыць, што, калі ёсць здароўе і ты не гультай, так зарабляць можна і трэба. Прыпыніліся каля гэтай маладой мілавіднай жанчыны, едучы з Порплішча. Таццяна прадавала мёд розных гатункаў з сямейнай пасекі, часнок новага ўраджаю, буйныя і сакавітыя чорныя парэчкі, маліны, агрэст. А побач з імі – дары лесу: чысцюткія, адна ў адну чарніцы і лісічкі, што ўрэшце выкінуліся пасля дажджоў. Сёлета не ўсюды растуць тыя ягады ды грыбы, але ў Таццяны, як у вопытнай ягадніцы, якая свой водпуск праводзіць у лесе, свае запаветныя мясцінкі. Кажа: ёсць жа выраз – грошы пад нагамі. Што датычыцца ягад ды грыбоў, дык гэта ў прамым сэнсе. Чаму ж іх не падняць?
Тэкст і фота Алены НЕСЦЯРОНАК.
Для пополнения семейного бюджета за счет даров леса использует отпуск докшичанка Татьяна Казаченок
14.07.2019
—
Разное