Першую частку свайго аповеду пра ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Пятровіча Чурылу з вёскі Саска Ліпка я прысвяціла яго франтавым будням, калі з гарачых баёў з фашыстамі яму шанцавала выйсці жывым і здаровым. Ветэран расказваў пра іх з падрабязнасцямі і як бы здзіўляўся:
— Гэта ж трэба. Сённяшняе можа забыцца. А пра тое, што было некалі, так добра памятаю.
Аповед яго быў цікавым і хвалюючым.
І зараз хочацца расказаць чытачам другую частку нашай гутаркі з ветэранам. Уладзімір Пятровіч нагадаў, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца ім, навабранцам, у 1944-м годзе, калі стаялі ў запасным палку ў Бабруйску:
— Усё разбіта, у Беразіне вада пасля баёў брудная, у ёй плавалі целы загінуўшых. Харчаваліся мы слаба, пасля супу на салёных селядцах вельмі хацелася піць. Бачок вады пітной прыносілі — і ён тут жа пусцеў. Выбіраліся да калонкі і — пілі, пілі, пілі…
Пачула ўспаміны і іншага кшталту. Больш гераічнага. Як, напрыклад, “выкурвалі” фашыстаў з іх сховішчаў у Берліне ў 1945-м:
— Гэта было, здаецца, 7 мая. Гітлераўцы сабраліся ў тупіку ля будынка і не здаваліся. Нашы паслалі парламенцёраў на мірныя перагаворы. Тыя вярнуліся ні з чым: немцы не згадзіліся ка-пітуляваць. Тады ў дом выстралілі, снарад нанёс разбурэнні — і сталі вылазіць нашы праціўнікі. Зброю — на зямлю, рукі — уверх.
І сам той факт, што Перамогу салдат сустрэў у Берліне, у логаве фашызму — гэта асаблівы радок у яго біяграфіі.
З усмешкай расказаў Уладзімір Пятровіч яшчэ пра такі выпадак. Чырвонаармейцы хацелі што-небудзь прывезці з Германіі дамоў. Зайшлі салдаты ў разгромлены берлінскі магазін. “Думаю: вазьму рулон сукна. А сам загружаны амуніцыяй, цяжка, нязручна. Кінуў той рулон. Вырашыў: буду жыць — куплю”, — распавядае мой суразмоўца.
Ведаючы, што Уладзімір Пятровіч — добры гарманіст, я пацікавілася, ці даводзілася яму іграць на фронце.
— Была такая справа. Камандзір дывізіёна ўзяў у магазіне акардэон, прапанаваў мне пайграць.
— Якія мелодыі Вам больш даспадобы?
— Многія. Асабліва — маршы. “Развітанне славянкі” любіў. Наогул, я быў вясёлым хлопцам, і граць мне вельмі падабалася.
А ў дзяцінстве колькі слёз праліў, пакуль бацька купіў яму гармонік. Так хацелася хлапчуку навучыцца іграць. І вось, нарэшце, ужо 14-гадоваму сыну бацька купіў простую двухрадку. Уладзімір хадзіў вучыцца да вясковага музыканта: “У адну нядзельку ён паказаў мне паўполькі і паўвальса. Ішлі мы з сябруком дадому (а дарога — тры кіламетры), у адной хаце вяскоўцы спраўлялі хрэсьбіны, запрасілі пайграць — і я іграў. Як умеў. А ў другую нядзелю мой настаўнік правёў яшчэ адзін урок. І я навучыўся”. Пасля Уладзімір набыў уласны інструмент. Працаваў у мясцовым клубе, шмат займаўся з дзецьмі, вечарамі ладзіў танцы для моладзі. Вучыўся ў Нясвіжскай музычнай школе, дзе выдатна здаў выпускныя экзамены: “Чыста, хораша іграў, выкладчыкі руку паціскалі”.
Заробак у клубе быў невялікі. А Уладзімір Пятровіч ужо меў сям’ю, трое дзяцей. Таму і пайшоў у калгасную будаўнічую брыгаду.
Ён і цяпер такі ж працавіты, няўрымслівы. Трымае дзвюх козачак. Сам доіць, сам корміць. Каза — не карова, шмат корму не патрабуе. Уладзімір Пятровіч косіць траву, сушыць на зіму сена. Яшчэ з жыўнасці на яго падворку — куры. Прысядзібны ўчастак, а гэта болей за 20 сотак, увесь запатрабаваны, увесь выраблены. Але, кажа гаспадар, трэба яго скарачаць: ураджай бульбы няма куды збываць. Вядома, дапамагаюць Уладзіміру Пятровічу дзеці, бо ўсё-такі бацькавы 94 гады — даволі паважаны ўзрост.
Шукаючы Уладзіміра Пятровіча Чурылу, каб пагутарыць, я даведалася, што ў нядзелю ён ездзіў з сынам у Нясвіж: трэба было на рынку пабываць, а яшчэ праведаць родную сястру, якая жыве ў райцэнтры — яна крыху маладзейшая за брата.
Кажуць, чалавек сам каваль свайго шчасця. Але ж, каб вярнуцца з кровапралітнай вайны дамоў нават не параненым, трэба, мусіць, мець анёла-ахоўніка. Уладзімір Пятровіч удзячны Богу за такі лёс. І жыве на роднай зямлі доўга і дастойна.
Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.