Да нашай Каралевы і любай Маці — у Тракелі
Пелігрымка — гэта бласлаўлёны час, які дазваляе спазнаць сябе, свае сілы на шляху да Бога, цуд сустрэчы з Дзевай Марыяй. Гэта святая крыніца, з якой можна бясконца чэрпаць Божыя ласкі. Так у Тракелях засведчылі пелігрымы. А таксама зазначалі, што прыйшлі да Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, каб выказаць Ёй вялікую ўдзячнасць за ўсемагчымыя дары, якія атрымліваюць ад Яе нашы сем’і.
Сёння гэтыя словы гучалі лейтматывам праз усю святую ўрачыстую імшу, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. У службе таксама прынялі ўдзел архіепіскап-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, біскупы Беларусі, святары, у тым ліку тыя, якія раней працавалі ў тракельскім санктуарыі. Разам з вернікамі маліліся прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Розумам, генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк.
Нават надвор’е спрыяла сумеснай малітве. Сонейка шчодра сагравала прысутных. А тыя, напоўненыя верай да Бога, любоўю да бліжняга, ад усяго сэрца дзякавалі Найсвяцейшай Панне Марыі за цуд у Тракелях, які з’ядноўвае сотні вернікаў у адзіную каталіцкую сям’ю.
— Праз стагоддзі гучыць у Тракелях малітва, — адзначыў Мікалай Розум. — Шчырая, адухоўленая. Бо яна за плён у нашай Бацькаўшчыне, малой радзіме, за нашых людзей і іх дабрабыт.
У канцы службы да пелігрымаў звярнуўся настаяцель тракельскага санктуарыя Юрый Бяганскі і заклікаў іх:
— Нясіце ў вашы дамы, вёскі, гарады, вашым родным, знаёмым людзям атрыманую сёння ў Тракелях надзею на святасць. Няхай і яны спазнаюць яе, іх сэрцы напоўняцца верай у тое, што з Божай і Дзевы Марыі дапамогай у іх усё атрымаецца, што мары споўняцца, адыдзе самота. Тыя, хто адзінокія, створаць сем’і, а сужанцы спазнаюць бацькоўства… Ідзіце дадому з Богам у душы. Толькі не згубіце ў паўсядзённых буднях надзею на святасць.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.