Зберагае і перадае народныя традыцыі
Напрыканцы мінулага года комплекс традыцыйных ткацкіх тэхнік вырабу каляровых посцілак і дываноў, што да сённяшняга часу захаваўся ў аг. Пагародна, папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Значная ў гэтым заслуга народнага майстра Беларусі Станіславы Вікенцьеўны Міхно. Жанчына не толькі захавала адметную для свайго рэгіёна тэхніку ткацтва, але і перадае яе маладому пакаленню. Сёлета за неацэнны ўклад у зберажэнне спадчыны ткачысе прысвоена званне “Чалавек года Гродзеншчыны-2018”.
Ткацтву Станіслава Міхно навучылася яшчэ ў дзяцінстве. “Настаўніцай” у яе была мама. Тады дзяўчынка не ведала, што ў жыцці гэтая звыклая для вясковых жанчын справа ў будучым дапаможа ёй падымаць на ногі дзяцей. Справа ў тым, што Станіслава Вікенцьеўна рана засталася без мужа — старэйшай дочцы было дзесяць год, а малодшай усяго чатыры месяцы. Канешне ж, адразу жанчына была ў роспачы: як пражыць з малымі за зарплату палявода. Уладкавалася на ферму даіць кароў — у той час гэта рабілі ўручную. У вольную гадзіну садзілася за кросны. Прымала заказы ад калег: у хаце кожная капейка была ў цане. Узоры для дываноў дзесьці падглядвала, часта прыдумвала сама. Рознакаляровыя, паўсядзённыя і святочныя, яны карысталіся попытам…
Сёння Станіслава Міхно тчэ для душы. Супрацоўнікі Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці вельмі ўдзячны жанчыне за тое, што яна дзеліцца сваімі набыткамі з імі і мясцовымі дзецьмі, моладдзю. Справа ткацтва добра наладжана. А пачыналася ўсё дзесьці дзесяць год назад.
Станіслава Вікенцьеўна неяк завітала ў Дом культуры. Паназірала за яго супрацоўнікамі, якія вырашалі, як аздабляць пакой-музей. І сціпла прапанавала: “Трэба ткацкі станок. Думаю, што яго знайду”. І стрымала сваё слова аж тройчы. Спачатку прыбылі два з навакольных вёсак, а затым яшчэ адзін — з Курчоўцаў. У руплівай і гаспадарлівай жанчыны душа забалела: “Няма чаго кроснам стаяць без справы!” Яе падтрымалі работнікі Цэнтра. І ўжо хутка Станіслава Вікенцьеўна ткала не толькі сама, але і вучняў прыдбала. Першай вучаніцай стала хармайстар Анжэла Ладыш. Пачакаўшы, вырашылі адкрыць студыю “Школа ткацтва”. Падцягнуліся туды дарослыя і дзеці. Юныя ткачыхі Лізавета Казілава і Мілана Кугелевіч і цяпер з задавальненнем сядаюць за кросны.
Госці аграгарадка Пагародна і экскурсанты не прамінаюць, каб атрымаць майстар-клас ад народнага майстра Беларусі. Жанчына дзелавіта паказвае і расказвае:
— Бачыце, двое кросен запраўлены. Адны ў тэхніцы двухбаковага перабору на двух нітах з дзвюма прыціскнымі ніткамі і двума кантраснымі па колеры ўткамі, другія — чатырохнітовага двухутковага ткацтва. У апошняй часцей ткалі ходнікі. Яны ішлі без узору, проста каляровымі палосачкамі…
Станіслава Вікенцьеўна пераконвае наведвальнікаў пакоя-музея ў тым, што ткацтва патрабуе ўважлівасці і кемлівасці. З зайздрасцю яны назіраюць, як лоўка і хутка яна прапускае чаўнок праз зеў, ашчадна націскае патрэбныя панажайкі, упэўнена “прыбівае” нітку. Калі здзіўляюцца ўменню майстрыцы, сціпла зазначае:
— Тут патрэбна практыка.
І цярпліва вучыць “нава-бранцаў”, як абыходзіцца з кроснамі, чаўнаком.
— Вельмі рада, што лёс прывёў мяне ў наш Цэнтр культуры і народнай творчасці, — дзеліцца Станіслава Міхно, — што перададзеныя мною тэхнікі сталі брэндам пагародзенскага старажытнага рамяства. Скажу шчыра, атрымліваю сапраўдную асалоду, калі сядаю за кросны, вучу ткацтву маладзейшых аднавяскоўцаў. Няхай ткуць, на здароўе! Спадзяюся, пройдуць гады — і мяне будуць успамінаць добрым словам: “Малайчына, што не дала сысці ў нябыт справе нашых дзядоў!”
Марына КАНДРАТОВІЧ.