Затрыманы за сямейны скандал мужчына здзейсніў суіцыд у міліцэйскай машыне
06.07.2019 13:19
—
Разное
Фота МУС з месца здарэння
У Кобрынскім раёне затрыманы міліцыяй мужчына скончыў жыццё самагубствам у службовай машыне. Пра гэта паведамляе ў сваім Тэлеграм-канале прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, у ноч на 6 ліпеня следча-аператыўная група Кобрынскага РАУС прыехала на выклік у вёску Стрыгава. На месцы разбіральніцтва ўзнік сямейны скандал. Затрымалі мужчыну 1986 года нараджэння — за адміністратыўнае правапарушэнне. Раней ён неаднаразова меў праблемы з міліцыяй з такой самай нагоды.
Праваахоўнікі змясцілі яго ў адсек для затрыманых службовай машыны "ГАЗ" і там мужчына здзейсніў суіцыд. Міліцыянты і медыкі хуткай спрабавалі яго рэанімаваць, але давялося канстатаваць смерць.
Кобрынскі РАСК праводзіць праверку на факце гэтага здарэння.