У кожнага народа ёсць месца, якое з’яўляецца яго сімвалам, месцам нацыянальнага пакланення, прымірэння, памяці. У беларускага народа гэта Хатынь. Назва беларускай вёскі стала сімвалам трагедыі беларускага народа ў ХХ стагоддзі.
На гэтай пляцоўцы, дзе сёння схілілі свае галінкі белыя бярозы, 50 гадоў таму быў запалены Вечны агонь. Ішлі гады, міналі дзесяцігоддзі. Але не спынялася людская плынь, што цякла і цячэ да гэтага месца. Кіраўнікі дзяржаў, звычайныя грамадзяне, кіраўнікі партый і грамадскія актывісты, святары і вайскоўцы, ветэраны вайны і маленькія дзеці – шмат каго бачыла “Хатынь” за гэты час. Больш за 37 з паловай мільёна чалавек наведалі мемарыял, які з самага пачатку зрабіўся народным, нацыянальным. Не па форме, але па духу. Сюды, на “Могілкі спаленых вёсак”, прыязджалі людзі з раёнаў, садзіліся на сімвалічныя магілы. З простых торбачак даставалі выпіўку і закуску, паміналі загінуўшых землякоў, з’язджалі. Гэтыя людзі захоўвалі памяць. І тую перадалі сваім сынам і ўнукам, сваім нашчадкам.
Хоцін, Хотынь, Хатынь… Назва беларускай вёскі на працягу паловы тысяч гадоў мянялася некалькі раз. Але як і спрадвеку тут жылі людзі, сеялі жыта, расцілі дзяцей. Ствараліся і знікалі дзяржавы і імперыі, не раз вораг выпальваў хатынскую зямлю. Сталася так, што гісторыя непрыкметнай вёскі Хатынь шмат у чым падобная на вялікую гісторыю Беларусі.
У трагічны чорны дзень 22 сакавіка 1943 года нацыстамі была спалена вёска Хатынь. 149 чалавек, з іх 75 дзяцей.
Чорны дым Хатыні, крывавы прысак Шунёўкі, Росіцы, Шавулічаў, Алы, Борак, Пераходаў… Колькі іх было! 619? 5545? 9200? А колькі людскіх душ – старых, кабет, юнакоў, дзяцей! Колькі? Памяць пра нашы незлічоныя ахвяры ў камянях Хатыні, у помніках і мемарыялах. Бо кожны, хто прыходзіць сюды, забірае з сабою, нават не усведамляючы гэтага, маленькі агеньчык вялікай памяці беларускага народа. Пякучы боль Хатыні – гэта боль усёй Беларусі.
Спачатку была вёска Велье, што на Віцебшчыне. Там, як і ў сотнях беларускіх вёсках, гітлераўскія каты спалілі жывымі людзей. Разам з дзецьмі. Менавіта на гэтым месцы у 1966 годзе нарадзілася ідэя ўвасобіць у велічным помніку памяць аб знішчаных людзях.
На думку тагачаснага першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі Пятра Машэрава ажыццявіць праект трэба было як мага бліжэй да сталіцы: Сёмкаў Гарадок, Дальва, Хатынь, іншыя месцы, дзе адбываліся трагедыі. Абрана была Хатынь.
У сакавіку 1966 года Саюз архітэктараў Беларусі аб’явіў конкурс на праект мемарыяла. Удзельнікі конкурса наведалі месца, дзе стаяла Хатынь, каб адчуць трагедыю і сустрэцца з адзіным ацалелым дарослым сведкам – Іосіфам Камінскім. Тады ўпершыню на пустым полі прагучаў апровяд пра той страшэнны дзень…
Лепшым быў прызнаны праект групы маладых архітэктараў Юрыя Градава, Валянціна Занковіча і Леаніда Левіна. Стварыць скульптуру запрасілі народнага мастака БССР Сяргея Селіханава.
50 гадоў таму пры ўдзеле Пятра Машэрава і ўсяго тагачаснага кіраўніцтва Беларусі быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Стваральнікі ансамбля — Юры Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін, Сяргей Селіханаў апярэдзілі свой час. Узнік мемарыял, якога дагэтуль не было. Мемарыял, які ўшаноўваў памяць не толькі спаленых жыхароў вёскі, але ўсіх вёсак, якія падзялілі лёс Хатыні, а таксама ўсіх жыхароў Беларусі, незалежна ад іх нацыянальнасці ці веравызнання, знішчаных нацыстамі ў час Другой сусветнай вайны: беларусаў і яўрэяў, рускіх і ўкраінцаў, палякаў, татараў, цыганаў…
Назвы месцаў, дзе знішчалі людзей і сёння захоўвае “Мур памяці”. А тады, 50 год таму, некаторыя гучалі нібы ўпершыню – Чырвоны Бераг, Масюкоўшчына, Азарычы, Трасцянец…
Калі ствараўся мемарыял, неабходна было зрабіць пэўны знакавы элемент, які б яго завяршаў і адначасова стаў бы кульмінацыйным пунктам. Сярод розных прапаноў спыніліся на ідэі Вечнага агню. Але якім будзе мастацкае рашэнне. Здавалася, усё проста, нават звыкла – гранітная пліта, пяціпрамянёвая зорка, з цэнтра якой б’е полымя.
Калі Пятру Машэраву паказалі гэты праект, ён застаўся незадаволены. Ён проста сказаў архітэктарам: «Тое, што зрабілі вы, мог бы зрабіць і я. Я чакаў ад вас большага». І тады маладыя архітэктары – Юры Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін – паказалі макет помніка, той праект, які быў ужо разгледжаны ідэёлагамі ЦК і мэтрамі архітэктуры і адхілены імі. На макеце было тры дрэўцы, тры бярозкі. Толькі тры дрэўцы, нібы жывыя людзі. І замест чацьвертага – Вечны агонь. Кожны чацьверты…
Калі Пётр Машэраў пабачыў праект, то ўсхваляваны зазначыў, што стваральнікі мемарыяла знайшлі той вобраз, які зробіцца сімвалам Беларусі. Сімвалам нашых страт і нашага жыцця…
Мемарыяльны комплекс “Хатынь” стаў, бадай, першым мемарыялам на прасторы былога СССР, які ўвасобіў памяць пра мірных людзей і пра тых, хто робіцца першай ахвярай любой агрэсіі, любой вайны – пра дзяцей. Нацысты знішчылі вёску Хатынь. Але яна засталася жыць.
Мемарыял на месцы знішчанай нацыстамі вёскі, як храм пад адкрытым небам, атрымаў нацыянальнае і сусветнае прызнанне.
Няма на Беларусі такой сям’і, якую б не закранула вайна. Кожны, хто загінуў некаму быў бацькам або маці, мужам або жонкаю, сынам або дачкою, братам або сястрою.
Самая крывавая вайна ХХ стагоддзя забрала з сабою 2 мільёны 230 тысяч чалавек. Кожны чацьверты жыхар Беларусі. Схілім галовы перад светлай памяццю ахвяр вайны – дарослых і дзяцей.
Што такое Хатынь? Іншым разам гавораць, што гэта могілкі, але гэта не так. Хатынь – гэта наша нацыянальная святыня, гэта храм пад адкрытым небам. І ісці сюды трэба моўчкі, з роздумам. Ускласці кветкі ці паставіць свечку. І прыгадаць усіх родных, якія перажылі гады жахаў, нягод і ліхалецця ці загінулі на той крывавай вайне.
Нездарма Пётр Машэраў казаў, што лепшага помніка загінуўшым беларусам ніхто не зрабіў і не зробіць ніколі – настолькі сціпла, разам з тым выразна, пранікнёна і велічна паказаны ахвяры беларускай зямлі, што аж шчыміць сэрца. Гэта месца – наша аголеная памяць.
Гісторыя Хатыні працягваецца і наўрад ці калі яна будзе завершана…