За "крывавы салют" затрымалі супрацоўнікаў расійскага пастаўшчыка феерверкаў
Следчы камітэт
Па крымінальнай справе аб выбухах піратэхнічных вырабаў у Мінску затрымалі дваіх падазраваных. Як паведамляе Следчы камітэт у сваім Тэлеграм-канале, следства вызначыла, што ў працэсе зараджэння салютных установаў прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусцілі парушэнне парадку працы з феерверкавымі вырабамі.
"А менавіта ажыццяўлялі механічнае ўздзеянне на зарады піратэхнікі пры зараджэнні марціраў, не прадугледжанае правіламі абыходжання з імі", — гаворыцца ў паведамленні.
Гэта 28-гадовы і 25-гадовы мужчыны, якія прыбылі ў Беларусь спецыяльна для аказання тэхнічнай і іншай дапамогі пры падрыхтоўцы да святочнага салюта. У іх дзеяннях следчыя знаходзяць прыкметы злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 299 (парушэнне правілаў абыходжання з выбуханебяспечнымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, якое пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць чалавека) КК РБ.
Пастаўшчыком піратэхнікі для святочнага салюта з'яўляецца кампанія "Пиро-Росс", прадстаўнік якой раней паведамляў рэдакцыі Office Life, што з двума іх супрацоўнікамі няма сувязі і яны знаходзяцца на допытах.