Незабыўная Рыма

Источник материала:  
28.06.2019 — Разное

У Ліпені самым знакамітым земляком лічаць Рыму Кунько. Аб ёй ведаюць старыя і малыя, яе імя носіць піянерская дружына школы, ёй прысвечана мемарыяльная шыльда на будынку ўстановы, названы вуліцы ў аграгарадку і райцэнтры.Незабыўная Рыма

Дзеці местачковых настаўнікаў Кунько — Рыма і яе старэйшыя браты Уладзімір і Марк — нарадзіліся ў Рэчыцы Гомельскай вобласці. Вера Маркаўна выкладала матэматыку, а Уладзімір Данілавіч — белару-скую мову і літаратуру, затым стаў дырэктарам школы . Жылі ў невялічкай хаце на школьным двары, дзе зараз змяшчаецца музей баявой і працоўнай славы.

У 1938 годзе ў сям’ю прыйшло вялікае гора: аднавясковец напісаў на Уладзіміра Данілавіча данос. Яго арыштавалі 24 ліпеня. Падчас следства старэйшага Кунько абвінавацілі ў шпіянажы і прысудзілі да вышэйшай меры пакарання. Ён быў рэабілітаваны пасмяротна ў 1956 годзе.

Перажытае цяжка адбілася на здароўі жонкі. Дзеці ўгаварылі маці паехаць на аздараўленне ў санаторый, і 15 чэрвеня 1941 года яна адбыла ў Севастопаль. Ні Рыма, ні Валодзя не меркавалі, што бачаць маці ў апошні раз, а да пачатку Вя-лікай Айчыннай вайны заставаўся роўна тыдзень. Старэйшы брат Валодзя ў першыя дні чэрвеня здаваў сесію ў політэхнічным інстытуце, Марк удала справіўся з выпускнымі экзаменамі, Рыма займалася гаспадаркай.

Вайна пачалася знянацку. Марк і Рыма слухалі зводкі з Масквы, перажывалі за маці, бо Севастопаль бамбілі нямецкія самалёты.

Калі з Мінска вярнуўся Валодзя, браты вырашылі сястру адправіць да бабулі ў Дукору, аднак Рыма засталася з імі. У невялікую падпольную групу, акрамя братоў Кунько, уваходзілі Валодзя Сакольчык і Васіль Баразна. Хлопцы імкнуліся выйсці на сувязь з партызанамі. Дарэчы, начальнік Ліпенскага паліцэйскага гарнізона Лютар станоўча адносіўся да Кунько, запрашаў на службу ў паліцыю. Ён меркаваў, што тыя злуюць на савецкую ўладу за рэпрэсіўныя дзеянні ў адносінах да бацькі. Марк не спяшаўся расчароўваць яго і выкарыстоўваў добрыя адносіны Лютара на сваю карысць.

З часам групе, якая ўжо налічвала 20 чалавек, удалося звязацца з ляснымі байцамі. Падпольшчыкі займаліся напісаннем і распаўсюджваннем лістовак, зборам і перадачай зброі. У выкананні аднаго з заданняў прыняла ўдзел і 14-гадовая Рыма: пераправілі ў лес знойдзены кулямёт.

Першым у партызанскі атрад пайшоў Валодзя, а брат з сястрой заставаліся дома і выконвалі ролю сувязных. Па просьбе Марка Рыма сачыла за ліпенскай чыгункай (дзейнічала ветка Ліпень-Уборак). Побач жыла Пелагея Аляксандраўна Сакольчык, якая і перадавала сувязным інфармацыю. Партызаны імкнуліся забіць Лютара і ліквідаваць паліцэйскі гарнізон у мястэчку. Першы няўдалы замах на жыццё начальніка ажыццявіў Валодзя, другі, у выніку якога Лютар атрымаў сур’ёзнае раненне ў нагу, — Марк. Ён жа паспяхова справіўся і са знішчэннем камендатуры, пасля чаго з сястрой апынуліся ў партызанах. Напачатку ўсе разам знаходзіліся ў атрадзе імя Сталіна. Разам з Сакольчык Рыма займалася гаспадарчымі справамі. Не раз звярталася да кіраўніцтва, каб уключылі ў баявую роту. Марк вучыў яе акопвацца, хавацца ад праціўніка, поўзаць па-пластунску. Аднойчы зрабіла вылазку: побач з братамі было нястрашна.

Усё змянілася пасля гібелі Валодзі. Яго прынеслі з перабі-тымі выбухам міны нагамі, аднак ампутацыя абедзвюх ног не выратавала. Пасля пахавання брата Марк ужо не браў Рыму з сабой на заданні, але рашучая дзяўчына не магла проста сядзець і чакаць. Папрасіла перавесці ў суседні атрад імя Ракасоўскага, які размяшчаўся ў брыцалавіцкіх лясах. Узначальваў яго Рыгор Баразна, і Кунько адразу была залічана ў баявую роту.

Першая аперацыя на новым месцы — вывад са строю каля кіламетра шашы Бабруйск-Мінск. Але дыверсія расчаравала: хацелася змагацца з ворагам у адкрытых баях. Даведаўшыся, што ў атрадзе дзейнічае група падрыўнікоў на чале з былым маскоўскім школьнікам Барысам Дзмітрыевым, пачала цікавіцца падрыўной справай. Думка пусціць пад адхон эшалон усё больш авалодвала дзяўчынай. Спачатку вырашыла дзейнічаць легальна — па-прасілася пусціць яе на чыгунку разам з падрыўнікамі. Аднак камандзір атрада катэгарычна адмовіў юнай партызанцы. Тады вырашыла самавольна пайсці на заданне.

Калі пачынаеш задаваць пытанні сталым жыхарам Ліпеня аб подзвігах Рымы Кунько, амаль усе даюць спасылку на аповесць Галіны Васілеўскай «Маланка ўначы». Кажуць, раней гэты твор быў абавязковым для пазакласнага чытання ў мясцовай школе, а сама аповесць утрымлівае шмат факталагічнага матэрыялу і праўдзіва апісвае подзвігі юнай патрыёткі. Там ёсць і той першы самастойны паход на «жалезку»: «У сэрцы Рымы адно — помста за Валодзю, за пакуты ўсіх нашых людзей… Рыма выбрала гусцейшы кусцік і лягла, пільна ўглядаючыся перад сабой. Дастала катушку з шнурам, уваткнула ў снег і моцна замацавала тонкі кіёк на катушку, пачала чакаць». Дарэчы, чакаць давялося доўга, цэлых 3 дні на марозе: Рыме патрэбен быў не любы нямецкі цягнік, а які б рухаўся менавіта на фронт. Яна дачакалася эшалона і пада-рвала паравоз і 4 вагоны з салдатамі і афіцэрамі на перагоне паміж Асіповічамі і Татаркай.

Праз колькі часу камандзір роты назначыў яе кіраўніком падрыўной групы, куды ўваходзілі 4 дзяўчыны. Пра іх подзвігі пісалася ў раённай падпольнай газеце, лістоўках, рукапісных партызанскіх матэрыялах. Немцы абяцалі вялікую ўзнагароду за паімку Марка і Рымы Кунько. Лютар таксама выдаў падобны загад. Але здраднікаў сярод акружэння брата і сястры не знайшлося.

Па звестках кнігі «Памяць», на рахунку Рымы — 8 пушчаных пад адхон эшалонаў, актыўная дзейнасць па разбурэнні чыгуначнага палатна падчас «рэйкавай вайны», разгром фашысцкіх засад і знішчэнне варожых гарнізонаў у вёсках Чучча і Кассё.

Загінула юная патрыётка 75 гадоў таму, якраз падчас вызвалення раёна. Гэта былі цяжкія дні: ашалелы вораг рабіў адчайныя спробы прарыву з «Бабруйскага катла». Атрад Баразны атрымаў загад ісці на злучэнне з арміяй, якая дзейнічала ў раёне Асіповічаў. Калі пераходзілі шашу, нечакана сустрэлі нямецкую аўтакалону. Баразна загадаў узводу прыкрыць адыход атрада. Рыма з 6 паплечнікамі гераічна справіліся з пастаўленай задачай, але загінула ад варожай кулі. Пахавана ў брацкай магіле па вуліцы Абросімава ў Асіповічах.

Вольга Падвойская,

настаўніца гісторыі Ліпенскай СШ.

←Плюсы и минусы смесителей для кухни с выдвижной лейкой

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика