П'яная кампанія на аўто абстраляла іншую машыну ў Віцебску (відэа)
Кадр з відэа
17 чэрвеня ў 1:30 ночы ў віцебскую міліцыю звярнуўся 18-гадовы навучэнец, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама.
Хлопец распавёў, што ехаў па праспекце Будаўнікоў, калі невядомыя асобы на машыне "Фальксваген Пасат" абстралялі яго з пнеўматычных пісталетаў. Сам малады чалавек атрымаў цялесныя пашкоджанні, акрамя таго зламыснікі пашкодзілі лакафарбавае пакрыццё і разбілі заднюю шыбу яго аўтамабіля. Амапаўцы затрымалі чатырох жыхароў Віцебска — 46, 21, 20 і 19 гадоў. Усе яны, акрамя кіроўцы, былі п'янымі.
Выявілася, што кампанія вярталася з Оршы, дзе сустракала сваіх знаёмых. На скрыжаванні Маскоўскага праспекта і вуліцы Петруся Броўкі яна параўнялася з "Жыгулямі" пацярпелага. У салоне "Жыгулёў" ехала кампанія з трох маладых людзей і дзяўчыны. Пакуль машыны стаялі на святлафоры, паміж кампаніямі пачалася сварка, а потым машыны сталі абганяць адна адну. У нейкі момант з "Фальксвагена" пачалі страляць з пнеўматыкі. Кампанія з абстралянай машыны затэлефанавала ў міліцыю і працягнула гонку за "Фальксвагенам". Калі ім удалося абагнаць канкурэнтаў, тыя пачалі прыцэльна страляць па "сямёрцы". У выніку аўтамабіль атрымаў некалькі прабоін.
Калі кампанію стралкоў затрымалі, у салона іх аўтамабіля знайшлі два пнеўматычныя пісталеты. На ўсю кампанію пачалі крымінальную справу за хуліганства.