На Ушаччине стартовала Литературная неделя, посвящённая 95-летию со дня рождения Народного писателя Беларуси Василя Быкова
Юбілей нашага славутага земляка мы ўпершыню святкуем так шырока: значнай падзеі прысвечаны шэраг мерапрыемстваў, аб’яднаных у Літаратурны тыдзень. І гэта невыпадкова: з цягам часу ўсё больш асэнсоўваецца веліч спадчыны, пакінутай чалавецтву самым праўдзівым летапісцам Вялікай Айчыннай.
Сімвалічна, што распачаўся тыдзень на Кубліччыне: на роднай для Васіля Быкава зямлі дагэтуль жывуць яго продкі, гучыць яго слова, ушаноўваюць яго памяць. І, канечне, у кожнай хаце на паліцы стаяць кнігі Народнага пісьменніка, а мясцовая бібліятэка носіць імя Васіля Уладзіміравіча. Установа падрыхтавала ў гонар юбілею адмысловую выставу, а побач размясцілася экспазіцыя, што прапанаваў для прагляду музей народнай славы імя У.Е.Лабанка – у ёй можна ўбачыць здымкі з сямейнага архіву пісьменніка, яго франтавыя лісты, узнагароды, а таксама графічныя работы: як вядома, наш зямляк меў і выключныя мастацкія здольнасці.
Ну а стартавалі мерапрыемствы тыдня з раённага конкурсу вакальных калектываў “Спявай, душа!”. Гледачы, што запоўнілі пляцоўку ля сельскага Дома культуры, ахвотна падпявалі самадзейным артыстам, якія выбралі для канцэрта вядомыя ў народзе творы. Адметна, што большасць з іх гучала на нашай прыгожай роднай мове, на якой распавядаў свае ваенныя гісторыі Народны пісьменнік Беларусі. Імёны пераможцаў конкурсу журы агучыць 21 чэрвеня на закрыцці Літаратурнага тыдня. Ну а ключавое мерапрыемства праграмы святкавання юбілею праходзіць сёння ля музея-сядзібы В.Быкава ў яго роднай вёсцы Бычкі.