Работники районного центра детей и молодёжи делают детские праздники незабываемыми!
Прыбраных малышоў з паветранымі шарамі, кветкамі, цацкамі ўсё часцей можна ўбачыць ля раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Паслугай па арганізацыі святочных мерапрыемстваў для юных ушачан актыўна карыстаюцца многія. Яно і не дзіўна: не трэба ламаць галаву, чым здзівіць і парадаваць сына ці дачушку, іх сяброў, – гэтую задачу возьмуць на сябе спецыялісты.
За адносна невялікую плату з улікам узросту віноўніка ўрачыстасці, колькасці запрошаных і пажаданняў бацькоў работнікі ўстановы распрацуюць сцэнарый двухгадзіннага мерапрыемства, упрыгожаць залу, падрыхтуюць адмысловую фотазону. У вызначаны ж час, пераўвасобіўшыся ў герояў розных казак і мультфільмаў, яны сустрэнуць гасцей, правядуць для іх інтэлектуальныя віктарыны, цікавыя конкурсы – з песнямі, танцамі, карагодамі.
Па словах намесніка дырэктара цэнтра па вучэбна-выхаваўчай рабоце А.Футарман, адзначыць такім чынам можна не толькі дзень нараджэння дзіцяці, але і заканчэнне ім дзіцячага садка, пачатак канікул і іншыя падзеі. Прычым, зрабіць гэта рэальна ў любы дзень, у тым ліку выхадны. У выключных выпадках педагогі могуць прыехаць да заказчыка на дом.
– Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца тэматычныя праграмы, – расказвае педагог-арганізатар Ірына Ціханава. – Скажам, пірацкія, шпіёнскія ці на аснове навамодных кінафільмаў. Дзецям загадзя прапануем апрануцца адпаведным чынам, некаторыя элементы вобразаў падбіраем на месцы. Выдатны настрой у малых ствараюць і “касметычныя” працэдуры – нанясенне на твар аквагрыму.
Удзельнікам мерапрыемства, бацькам можна не хвалявацца і пра падарунак для віноўніка свята. Выбраць штосьці асаблівае – арыгінальны выраб з саломкі, канзашы, тапіарый і іншае – ён самастойна зможа ва ўстанове. Ёсць таксама магчымасць загадзя заказаць канкрэтную сувенірную прадукцыю.
Атрымаць больш падрабязную інфармацыю аб паслугах цэнтра можна па нумары 2-72-40. Зрабіце жыццё сваіх дзяцей больш яркім, вясёлым, насычаным!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.