Международная выставка "Белагро-2019"
У міжнароднай выставе “Белагра-2019” удзельнічалі 560 кампаній з 29 краін. Беларускія вытворцы дэманстравалі больш за сотню адзінак тэхнікі. Навінкамі цікавіліся і аграрыі Міёршчыны.
Міжнародная выстава “Белагра-2019” афіцыйна адкрылася ў аўторак, 4 чэрвеня. На наступны дзень у Шчамысліцу накіравалася дэлегацыя з Міёршчыны, якую ўзначальваў першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віктар Гагалінскі. У складзе былі спецыялісты райсельгасхарчу і кіраўнікі гаспадарак – усяго 14 чалавек.
“Белагра” ўражвае. Невыпадкова праводзіцца ў Шчамысліцы, па-сутнасці, аграрным прыгарадзе сталіцы. Гарадскія гмахі побач за кальцавой аўтадарогай. А тут – прастора дагледжаных каласістых палёў і воддаль – вялікія сучасныя будынкі лагістычных цэнтраў.
Наваколле запоўнена тэхнікай, павільёнамі, стэндамі, выставамі, загонамі і клеткамі для жывёлы і птушак, рыбнымі садкамі, сцэнамі для выступлення творчых калектываў – усім, што адпавядае нашаму разуменню пра кірмаш. Пад дахам размясціліся вітрыны прадпрыемстваў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці. Як аказалася, нават палі былі аб’ектам для дэманстрацыі: беларускія селекцыянеры паказвалі, што мясцовыя гатункі многіх культур не ўступаюць замежным. Ва ўсялякім выпадку, больш адпавядаюць тутэйшым прыродным умовам і глебам.
Па афіцыйнай статыстыцы, у выставе ўдзельнічалі 560 кампаній з 29 краін. Нашы вытворцы дэманстравалі больш за сотню адзінак тэхнікі. Цікава пабачыць прадукцыю Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, а гэта вядучае прадпрыемства холдынга, у якое ўваходзяць многія гаспадаркі і апрацоўчыя прадпрыемствы Міёрскага раёна.
Што прыкмецілі на сёлетнім “Белагра” нашы аграрыі?
Віктар Гагалінскі, першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні:
– Мяне найперш цікавілі перспектывы развіцця раслінаводчай галіны. Таму звяртаў увагу на новыя ўзоры глебаапрацоўчай тэхнікі, айчынныя і замежныя. Параўноўваў магчымасці і цэны. Такія ж адносіны да тэхнічных сродкаў правядзення падкормак і хімічнай апрацоўкі пасеваў, асабліва высакасцеблавых.
Прыемна парадавалі дасягненні нашых селекцыянераў. Уразілі дэманстрацыйныя палі з азімымі зерневымі. Тым больш, што на іх побач размяшчаліся ўчасткі, засеяныя беларускімі і нямецкімі гатункамі. Айчынныя глядзеліся не горш, а ў некаторых выпадках нават лепш, бо прывазныя не заўсёды адаптаваны да нашых умоў, дрэнна зімуюць і больш паражаюцца хваробамі. Таму хочацца, каб на палі нашых гаспадарак хутчэй дайшла, напрыклад, азімая пшаніца “Элегія” – можа даць да 120 цэнтнераў зерня на круг. Уразілі новыя гатункі бульбы і іншых культур.
Вывад з пабачанага – наша насенне не горшае. Ужо цяпер маем сотні гатункаў зерневых і зернебабовых, траў і тэхнічных культур. Пад імі занята, да 80 % угоддзяў. Лічу, што такая тэндэнцыя захаваецца.
Аляксандр МЫШКО, намеснік начальніка аддзела вытворчасці сельгаспрадукцыі райсельгасхарчу:
– Першае ўражанне – сучаснае сельскагаспадарчае машынабудаванне арыентуецца на павышэнне магутнасці, тэхналагічных магчымасцей і прадукцыйнасці. Ці ж можна прайсці раўнадушна міма сапраўднага волата – трактара ад МТЗ “Беларус-5022” з рухавіком у 500 коней. Яшчэ ў яго здвоеныя колы, каб раней вясной выехаць у поле. Праўда, шыльдачка “Выпрабаванне” папярэджвае, што ў масавым парадку такі гігант з’явіцца не надта хутка.
“Гомсельмаш” прадэманстраваў самаходны зернеўборачны камбайн з гібрыднай сістэмай абмалоту і сепарацыі. Ён значна больш прадукцыйны, чым “Палессе”, па якасці не ўступае аналагічным замежным агрэгатам, а па цане нават выйграе.
Назваў толькі самыя запамінальныя айчынныя экспанаты, а іх шмат. Цікава пазнаёміцца з замежнымі ўзорамі тэхнікі. Заслугоўвае павагі самаходная касілка “Кроне”, здатная скасіць 300 гектараў травастою за суткі, кормараздатчык на электрычным ходзе, абсталяванне дакладнага высеву.
Новая тэхніка дарагая, яе набыць змогуць толькі высокаэфектыўныя гаспадаркі. Аддача будзе, калі даверыць яе механізатарам-суперспецыялістам. Такім бачыцца і наш заўтрашні дзень.
Ганна БАРЭЙША, намеснік дырэктара ААТ “Узмёнскі край”:
– Мяне таксама найперш уразіла сельскагаспадарчая тэхніка, асабліва трактар “Беларус-5022”. Але і каля загонаў з жывёлай затрымалася. Прыцягнулі ўвагу каровы: прыгожыя, дагледжаныя, а галоўнае – высокапрадуктыўныя. Напрыклад, Дубрава з СВК імя Дзеньшчыкова Гродзенскага раёна па выніках другой лактацыі дала 12 тысяч 105 кілаграмаў малака, найбольш за дзень – 58,7 кг. Паімкнулася даведацца, як атрымліваюць такія надоі. Спынілася і ля авечак.
У павільёне перапрацоўчых прадпрыемстваў прыемна здзівіў стэнд Талачынскага кансервавага завода. Не яго прадукцыя, а магчымасць набыць кусцікі буякоў, журавін, бружмелю. Гэтыя ягаднікі становяцца папулярнымі ў нашых садах. Аказваецца, на іх распаўсюджанні можна зарабляць.
Іван ЮРАШАК, дырэктар ААТ “Туркова”:
– Ставіў мэтай выбраць лепшыя ўзоры сеялак, культыватараў, граблей і іншай тэхнікі, у якіх мае патрэбу гаспадарка. Нават нязначная частка таго, што пабачылі, вырашае ўсе нашы патрэбы.
Леанід КРУКАЎ, дырэктар ААТ “Пад’ельцы”:
– На выставах “Белагра” бываў некалькі разоў з 2005-га. З кожным годам яна ўсё цікавей, а цяпер дасягнула па-сапраўднаму міжнароднага ўзроўню. Найперш прыцягнулі ўвагу перспектыўныя ўзоры тэхнікі. Нават крыху пазайздросціў гаспадаркам, якія ўжо цяпер могуць яе набываць.
Выстава сведчыць, якога ўзроўню можна дасягнуць у малочнай жывёлагадоўлі. Ды і іншыя напрамкі гаспадарчай дзейнасці, тая ж авечкагадоўля, перспектыўныя, калі імі займацца комплексна.
Алег ЯНУКОВІЧ, дырэктар ААТ “Чэрасы”:
– Наша сельгаспрадпрыемства нядрэнна забяспечана тэхнікай, таму мяне больш цікавілі перспектывы далейшага ўдасканалення машын, якія могуць прыйсці на палі ў бліжэйшы час, новыя тэхналогіі. У гэтым плане выставу “Белагра” лічу карыснай. Але ездзіў не толькі дзеля цікавасці. Празандзіраваў, як можна набыць рулонны прэс для нарыхтоўкі сена менавіта вытворчасці “Бабруйскаграмаш”.
Васіль КУХЦІНСКІ, дырэктар ААТ “Папшулі”:
– На выставе ў Мінску не ўпершыню, на ўласныя вочы пабачыў, як удасканальваецца яе арганізацыя. Калісьці «Белагра» праводзілася на чыстым полі, цяпер многія экспазіцыі схаваліся пад дах. Сярод таго, што асабліва зацікавіла, беларуская тэхніка, найперш вытворчасці МТЗ і “Гомсельмашу”. Імпартная не горшая, але дарагаватая.
У жывёлагадоўлі карыснае знаёмства з вопытам атрымання высокіх надояў у знакамітых на ўсю краіну гаспадарках “Сноў”, агракамбінат “Дзяржынскі” і іншых.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фотаматэрыял Леаніда МАТЭЛЕНКА.