Шоу-пародыя ў Высокім сабрала цэлую залу
Пра тое, што ў Высокае прыедзе “новое вокально-умористическое пародийное шоу Верки Сердючки” (юбілейны тур народнага артыста) жыхары горада даведаліся з яркіх рознакаляровых афіш і адразу ж выправіліся ў касы абноўленага Дома культуры па білеты, якія каштавалі… 6 рублёў 95 капеек. Чаму не 7? Ды таму, што свята гумару мусіць пачынацца загадзя… І 2 чэрвеня зала ДК была поўная.
Адразу павінна адзначыць той факт, артыст, які выконваў ролю Веркі Сярдзючкі, выдатна ўжыўся ў вобраз. Атрымалася, як кажуць, адзін у адзін. Дапамагалі тут і сярэбраная зорка на галаве, і бліскучыя ўборы (адзін з іх упрыгожвала фота маладой Алы Барысаўны), і характэрныя паводзіны на сцэне, і каларытныя слоўцы, па якіх мы пазнаём Верку, і ўсім знаёмы зварот “Девчули!”, і галасавое падабенства, і песні, тэксты якіх нікому не трэба было падказваць…
Цікавым ходам сталі спецэфекты, якімі карысталася артыстка. Сярод іх былі і пальчатка, што выпраменьвала святло; і электроннае табло з бягучым радком, дзе часам “перадавалі” нават аб’явы куплі-продажу; і перанасны апарат для разліву шампанскага ў пластыкавыя шклянкі; і “пісталецік”, што страляў… далярамі (шкода, што несапраўднымі).
Верка Сярдзючка сыпала жартамі, спявала свае самыя папулярныя песні, а таксама падтрымлівала ажыўлены дыялог з гледачамі, сярод якіх нават займела сяброўку – выхавальніцу дзіцячага садка Тамару Леанідаўну. Высакаўчане ахвотна выходзілі на сцэну, танцавалі і спявалі разам з любімай артысткай (дарэчы, тое ж шоу ўжо прыязджала ў горад 4 гады назад, спадабался і вярнулася; для сёлетняга канцэрта Верка Сярдзючка і дырэктар ГДК Алег Грыпічук абралі з немалога рэпертуру спявачкі самае падыходзячае). Артыстка ахвотна фатаграфавалася з прыхільнікамі прама ў зале падчас выканання чарговага хіта, з радасцю выйшла на біс у канцы канцэрта, і такія ўважлівыя адносіны да слухача былі вельмі прыемнымі. Высакаўчане не шкадавалі апладысментаў ні Верцы, ні сваім землякам – нованароджанаму дуэту “Разам”, які выступіў у перапынку паміж дзвюма часткамі канцэрта. Дзве гадзіны праляцелі як адно імгненне. І былі яны напоўнены смехам, радасцю, цудоўным настроем.
Два пытанні для Веркі
– Як вам спадабаўся высокаўскі глядач?
– Вельмі душэўны! Мне спадабалася, па-першае, тое, што ў нас склаўся кантакт. Па-другое, люблю маленькія залы, яны дапамагаюць стварыць сапраўды сямейную атмасферу падчас канцэрта. Заўважце, за час майго выступлення мы з высакаўчанамі сталі сваімі адно аднаму.
– Што пажадаеце ім?
– Жыць СЁННЯ. Усё наша жыццё – гэта толькі сёння. Учора мінула, якім будзе заўтра, мы не ведаем. Максімальна жывіце сёння! І ўсміхайцеся!
Верка жартуе
Мужчына павінен быць надзейным: сказаў: “Пазваню!” – пазваніў, сказаў: “Прыеду!” – прыехаў, сказаў: “Жыць без цябе не магу!” – пайшоў і здох…
Настасся НАРЭЙКА.
Фота Наталлі КАЎПАНЬКА.