Хутка выйдзе трэці том чатырохтомнага выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі»
Шаноўныя сябры, аматары беларускай паэзіі, вось-вось павінен выйсці ў выдавецтве «Беларуская навука» 3-ці том акадэмічнага выдання «Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі», у якім вы зможаце пазнаёміцца з творамі паэткі, якія не ўваходзілі ў яе прыжыццёвыя зборнікі, прасачыць, як мужнеў талент беларускай зоркі, бо тут ёсць і пачаткоўскія вершы.
Для тых, хто пачынае першыя крокі ў паэзіі, гэтыя творы дадуць надзею і ўпэўненасць, што майстэрства прыходзіць з гадамі, дасягаецца працай. Для літаратуразнаўцаў, студэнтаў, вучняў добры матэрыял для даследавання.
Апрача вершаў, у том увайшлі ўспаміны 46 пісьменнікаў, журналістаў, знаёмых. Адзін з самых шчымлівых – гэта ўспамін маці паэткі, Марыі Андрэеўны Патапчук, у запісе М. Елянеўскага. Сем успамінаў друкуецца ўпершыню. І, канешне, каментарыі, уступны артыкул кандыдата філалагічных навук Святланы Калядкі, а таксама здымкі, некаторыя з іх нідзе не друкаваліся.
Вялікая падзяка ўсім, хто адгукаўся на запыты ўкладальнікаў. Асаблівая падзяка сыну – Андрэю Янішчыцу, пляменніцы Таццяне Міхайлаўне Ганчарык, стваральніку літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц Антаніне Паўлаўне Сідарук, землякам паэткі, газеце «Полесская правда», супрацоўнікам Пінскай раённай бібліятэкі імя Я. Янішчыц, а таксама паэту Сяргею Панізніку, які ашчадна захоўваў матэрыялы, звязаныя з імем палескай ластаўкі, і прадставіў укладальнікам выдання.
Тамара Аўсяннікава.
P.S. Трэці том выходзіць накладам 500 асобнікаў. І з’явіцца ў першую чаргу ў Акадэмкнізе ў Мінску, а таксама ў тых кнігарнях і бібліятэках, якія зробяць заказ. Жадаючыя набыць 3-ці том могуць звярнуцца непасрэдна ў выдавецтва «Беларуская навука» і атрымаць кнігу па пошце.