Активисты «Экабума» не только пробежались возле Шумилинского озера, но и убрали мусор
07.06.2019
—
Разное
За смеццем – на старт!
Сусветны дзень навакольнага асяроддзя актывісты грамадскага аб’яднання па садзейнічанні ўстойліваму развіццю рэгіёна “ЭкаБум” адзначылі на Шумілінскім возеры. Ім удалося зацікавіць сваёй ініцыятывай многіх, хто спякотны вечар 5 чэрвеня бавіў ля вады. У выніку акцыя атрымалася не толькі інфармацыйна насычанай, але і надзвычай карыснай для любімага месца адпачынку гараджан. Ва ўсялякім разе, у тым, што на беразе не засталося смецця, вы можаце не сумнявацца.
Гэта было не толькі хутка і якасна, але і надзвычай азартна. Дзеці і дарослыя выйшлі на старт па плогінгу. Гэты шведскі трэнд зусім нядаўна прыйшоў ў Беларусь, але яго папулярнасць абароты набірае надзвычай імкліва. Плогінг мяркуе адначасовы клопат пра ўласнае здароўе і навакольнае асяроддзе. Для гэтага трэба прыхапіць на прабежку пакет і ў ходзе трэніроўкі збіраць смецце. Так, кажуць, і калорый больш спальваецца.
Удзельнікі забегу вярнуліся на зыходную з поўнымі пакетамі – кожны змагаўся не толькі за чысты бераг, але і за перамогу. Больш смецця – больш шанцаў. Хочацца верыць, што гэты трэнд знойдзе прыхільнікаў і ў нашым раёне. Дарэчы, сабранае смецце было рассартавана і адпраўлена ў адпаведныя кантэйнеры.
Таксама ў гэты дзень былі падведзены вынікі фота-конкурсу “Да малой радзімы з любоўю і на веласіпедзе” а работы пераможцаў прэзентаваны на фотасушцы. Адзначылі прызамі і тых, хто збіраў накрыўкі і батарэйкі. Больш за ўсіх накрывак ад пластыкавых бутэлек у агульны кантэйнер высыпала Таісія Фамянок.
– Гэты кантэйнер мы размесцім у магазіне “Еўраопт”, і кожны жадаючы зможа пакідаць там пластыкавыя накрыўкі, – адзначыла старшыня праўлення “ЭкаБума” Ірына Кулікава. – Гэта зусім не складана, згадзіцеся, але такім чынам кожны з нас можа далучыцца да вельмі добрай справы, бо грошы ад сабранага пластыку пойдуць на закуп інвалідных калясак.
11 вожыкаў – па колькасці здадзеных батарэек – выратавала 10-класніца раённай гімназіі Яна Іванова. Уладзі-слаў Калеснікаў з СШ № 1 – 10.
– Для батарэек у нас дома стаіць спецыяльная шклянка, і для накрывак таксама, – кажа Уладзіслаў. – Я нават макулатуру для наступнага навучальнага года падрыхтаваў – 14 пакетаў па 20 кілаграмаў.
Чаму нельга карміць птушак на вадаёме, як правесці тэсціраванне вады, чаму лепш адмовіцца ад кавы – пра гэта і многае іншае даведаліся ўдзельнікі акцыі. Закончылася ўсё сумесным чаяваннем. Можна не сумнявацца, што нават тыя, хто трапіў на мерапрыемства выпадкова, зменяць свой погляд на прывычныя рэчы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №44 ад 07.06.2019 г.