Где отдыхают шумилинские дети?
07.06.2019
—
Разное
І адпачынак,
і праца,
і валанцёрста
Заняць летам дзяцей, накіраваць іх бурную энергію ў карыснае рэчышча – найважнейшая задача для сям’і і педагогаў. Мы раскажам, якія арганізацыйныя крокі ужо зроблены і робяцца ў гэтым накірунку.
“Пунсовы ветразь”
Галоўны кругласутачны аздараўленчы лагер для шумі-лінскай дзятвы – “Пунсовы ветразь”. Традыцыйна ён размесціцца на базе раённай гімназіі ў Лескавічах. Лагер будзе працаваць у дзве змены, расказала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Далецкая. З 16 чэрвеня па 3 ліпеня – першая змена, з 6 па 23 ліпеня – другая. Кожная змена зможа прыняць па 70 дзяцей.
– Ці можна яшчэ набыць туды пуцёўку?
– Усе пуцёўкі ужо разабраны, – паведаміла спецыяліст, – яшчэ каля 20 жадаючых засталіся за бортам. Паколькі для дзяцей з прыёмных, шматдзетных, замяшчаючых сямей, для іншых сацыяльна абароненых катэгорый адпачынак у лагеры бясплатны, то тут каля 80% пуцёвак аддадзена менавіта такім.
Поўны кошт адной пуцёўкі ў “Пунсовым ветразі” складае ад 443 да 464 рублёў. 196 рублёў складае дзяржаўная датацыя. Бацькі (у каго няма льгот) аплачваюць ад 247 да 268 рублёў.
Дзённыя, на базе ўстаноў адукацыі
Такіх лагераў у раёне створана 12 – у Шуміліне (СШ №2 і яслі-сад №3), у Обалі (СШ і яслі-сад), а таксама ў Башнях, Мішневічах, Мікіцісе, Кардоне, Амбросавічах, Слабадзе, Мішкавічах, у Крывым Сяле. Дзённыя лагеры ўжо працуюць з 4 чэрвеня, іх работа арганізавана ў тры змены (не ўсіх адразу, а па чарзе), трэцяя заканчваецца 6 жніўня. Аздараўленне ў іх пройдуць 370 дзяцей.
– У гэтых лагерах дзеці харчуюцца адзін раз? – пытаюся ў В. Р. Далецкай.
– Не, тут арганізавана трохразовае харчаванне, – папраўляе яна, – А ў “Пунсовым ветразі”, дзе дзеці знаходзяцца кругласутачна, кормяць 5 разоў.
Бацькоўская плата за дзённы лагер на базе ўстановы адукацыі складае 22 рублі.
Адпачыць і заробіць
89 падлеткаў (ад 14 да 18 гадоў) будуць не толькі бяс-платна адпачываць, харчавацца, але і змогуць зарабіць грошы ў лагеры працы і адпачынку. Такіх у нашым раёне 7 – У Шумілінскай СШ №2, Обальскай, Башнёўскай, Мікіціхінскай, Кардонскай, Амбросавіцкай і Слабадской школах. Работа гэтых лагераў таксама арганізавана ў тры змены. Некаторыя працуюць з 4 чэрвеня.
– Праблемныя падлеткі таксама знойдуць сабе справу ў гэтых лагерах?
– У першую чаргу, – кажа Вольга Рамасаўна. – І арганізацыя другаснай занятасці ў гэтых лагерах стала магчымай дзякуючы камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.
Валанцёрства вітаецца
Валанцёрства набірае сілу. І ўжо чатыры валанцёрскія лагеры будуць працаваць гэтым летам у раёне – пры Шумілінскай СШ №2, раённай гімназіі, Обальскай і Башнёўскай школах. Старт першаму ўжо дадзены 4 чэрвеня. Тут таксама прадугледжана 3 змены, якія закончацца 6 жніўня. Бацькам за прабыванне дзяцей у такім лагеры плаціць не трэба, а за добрыя справы 80 валанцёрам грамадства скажа дзякуй.
Розны ўзрост
Каб больш дзяцей ахапіць увагай, ствараюцца рознаўзроставыя лагеры. 15 такіх лагераў будуць працаваць на базе ўстаноў адукацыі. Яшчэ 5, дзе няма ні школы, ні дзіцячага сада, – з дапамогай устаноў культуры. У прыватнасці, такія аб’яднанні ствараюцца ў Ляжнях, Сіроціне, Пабедзе, Грудзінаве і Язвіне. Дзеці будуць збірацца раз на тыдзень на пэўнае мерапрыемства: паход, спаборніцтвы, конкурс і г. д.
Падвоз дзяцей
Упершыню, паведамілі ў аддзеле па адукацыі, у раёне арганізаваны падвоз дзяцей у лагеры. Так, школьны аўтобус будзе падвозіць дзяцей з Язвіна ў Баші, з Вялікіх Ляжнёў – у Амбросавічы, з Сураўнёў – у Мішневічы, з Андрэева, Мікалаёва і Мішкавіч – да Кардона.
Мы не забылі пра спартыўныя лагеры, пра іх мы раскажам у наступны раз.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.