Здаўна суседзі на Беларусі, калі яны сапраўдныя суседзі, жылі і жывуць між сабой нярэдка лепш, чым сваякі. І ў шчасці разам, і ў горы – дапамога адзін для другога, на вёсцы – жывёлу выпусціць з хляўчукоў на пашу, калі гаспадары адсутнічаюць, агарод у спёку паліць, за дзецьмі прыглядзець… Хто ж, як не суседзі! А калі ўжо свята на двары — разам і спяваюць, і гуляюць, і частуюцца. Шкада, але ў мітуслівым жыцці мы губляем добрую звычку хадзіць да суседзяў у госці. Дзякаваць Богу, яе некалькі гадоў таму назад аднавілі культработнікі раёна. Гэтыя цудоўныя суседскія адносіны ўзвялі ў ранг свята. І назвалі яго “Добры дзень, суседзі!”.
2 чэрвеня ў 16 гадзін у вёсцы Бакшты звінела гэтая цудоўная ўрачыстаць. Традыцыйна ўжо ў клубных установах свята праходзіць улетку й выклікае цікаўнасць наведвальнікаў.
“Добры дзень суседзі!” – гэты брэнд культработнікаў прыносіць і артыстам, і гледачам шмат добрых і светлых хвілін, напаўняе душы дадатнымі эмоцыямі. .
Канцэртнымі суседзямі сталі культработнікі вёскі Бакшты і аграгарадка Лелюкі і, безумоўна, кіраўнікі гэтых сельскіх рэгіёнаў – старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў.
Суседзяў бакштане сустракалі ў пачатку вёскі хлебам-соллю.
— Вітаем вас , даражэнькія суседзі! Паглядзіце, як жывём мы ў Бакштанскім краі. Мы звычай продкаў сваіх зберагаем, зараз суседзям хлеб-соль уручаем. Будзьце як дома ў гасцях у нас, зычым ад сэрца:”У добры час!”
А паколькі Бакшты – партызанская сталіца, а год сёлета знамянальны для Беларусі юбілейнай датай вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, то і стылізавана тут шмат чаго было пад тыя часіны. У ваеннай форме, з біноклем, як сапраўдны камандзір партызанскай старонкі, выглядваў гасцей, а потым і сустракаў старшыня сельвыканкама Аляксандр Іванавіч Буляк. Частка канцэртнай праграмы таксама была прысвечана гераічнай тэме Вялікай Айчыннай вайны.
Свята гуляла шырока і звонка.Напачатку яго вітаў гасцей, а таксама сваіх землякоў старшыня Бакштаўскага сельвыкванкама, а потым зрабіў нечаканую прапанову старшыні Лелюкінскага сельсавыканкама Станіславу Станіслававічу Алешчыку распілаваць разам бервяно. Чым не праверка суседа на надзейнасць?!
Ладзілі канцэрт калектывы аматарскай творчасці сектара аддзелаў культурна-масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты і аграгарадка Лелюкі, а таксама ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Лаздуны 1.
Прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, забаўляльныя конкурсы, выставы народнай творчасці “Скарбы маёй Радзімы”.
Цудоўныя словы роднай зямлі сказалі вядучыя свята:
— Родная зямля… Твой запаветны бераг, да якога імкнешся ў цяжкія, адчайныя хвіліны жыцця. Тая ціхая прыстань у бурлівым жыццёвым моры, якая цярпліва чакае з усіх далёкіх вандровак. Зямля, па якой я зрабіла першыя крокі, у сінюткім небе пачула першую песню жаўрука. Мая родная зямля – мае Бакшты, маленькая кропачка на карце Беларусі, маленькая парушынка ў Сусвеце – і самая дарагая майму сэрцу. І ўсе мы – родныя, блізкія. Нашы лёсы непадуладныя часу, бо ў нас ёсць найлепшая ў свеце Радзіма, і мы маем гонар любіць яе. Калі гэтую зямлю пабачыш хоць раз ў жыцці – не забудзеш. Калі з чыстых яе крыніц вып’еш глыток вады – прыбавіцца сіл і радасці. Калі пройдзеш па гэтай зямлі – палюбіш яе. А калі нарадзіўся на гэтай зямлі, то дзе б ні апынуўся, сэрца будзе неадступна клікаць да лясных азёрных даляў, да духмянага чабору на ўзгорку, да жытнёвага полю. Будзеш бачыць родную зямлю то цяжкім коласам, то сенажаццю, то бульбай, спечанай у попле вогнішча і чуць яе песні – сумныя і вясёлыя, жаўрукова – радасныя, з маленства і на ўсё жыццё – родныя!
Вось такімі пачуццямі, такой радасцю было напоўнена свята ў Бакштах.
В. ГУЛІДАВА.