22 мая протаіерэй Віктар Валашчук прымаў віншаванні з 25-годдзем службы ў храме іконы Божай маці «Усіх смуткуючых Радасць»
22 мая Праваслаўная царква ўспамінала аднаго з самых любімых у народзе святых — Мікалая Цудатворца, або Мікалая Угодніка. Яго шануюць як вялікага лекара, які здольны вылечыць хваробы. Святога Мікалая завуць апекуном падарожнікаў, маракоў, купцоў і дзяцей. Здаўна верылі, што ў гэты дзень прыходзіць сапраўднае цяпло, бо набліжаецца лета.
Паўсюдна ў праваслаўных храмах у гэты дзень прайшлі святочныя літургіі. Вернікі з самага ранку спяшаліся да царквы. Урачыстае набажэнства адбылося і ў храме іконы Божай маці “Усіх смуткуючых Радасць”. Спачатку побач з царквой настаяцель храма протаіерэй Віктар Валашчук, прачытаўшы словы малітвы, асвяціў ваду, акрапіў ёю вернікаў. А дзявятай гадзіне пачалася ўрачыстая літургія. Дзясяткі людзей прыйшлі ў той дзень, каб памаліцца Святому Мікалаю Угодніку. Разам з бацюшкам маліліся і пажылыя, і дзеці, разам прасілі ў яго заступніцтва і абароны.
22 мая для прыхаджан царквы іконы Божай маці “Усіх смуткуючых Радасць” стаў вельмі адметным днём. Справа ў тым, што роўна 25 год назад айцец Віктар пачаў настаяцельскую службу ў дадзеным храме. Час быў вельмі складаны. Неабходна было аднаўляць паўразбураны часам і людзьмі храм. Усё царкоўнае начынне: іконы, іканастас, іншыя прадметы зніклі бясследна. Была разбурана званіца, прадзіравілася страха, стаялі пашкоджаныя сцены. Трэба было пачынаць аднаўляць шаркаўшчынскую святыню, што і зрабілі сумеснымі намаганнямі мясцовыя вернікі. Неяк адна з прыхаджанак сказала: “Бацюшку мы адразу заўважылі, калі ён да нас яшчэ дыяканам прыязджаў: малады, прыгожы. Мы вельмі радаваліся, калі ён быў прызначаны настаяцелем нашай царквы”.
Айцец Віктар аднаўляў храм, фарміраваў прыход, ніколі не скардзіўся на цяжкасці, а толькі маліўся і казаў, што няма нічога больш важнага для праваслаўнага чалавека, чым малітва, асабліва ў храме.
Па бацькоўскай лініі протаіерэй Віктар Валашчук — свяшчэннік у пятым пакаленні, а па мацярынскай — ажно ў сёмым. Нарадзіўся ён 1 кастрычніка 1965 года ў г. Лепель. Яго бацька, протаіерэй Аркадзій Валашчук, быў для дзяцей прыкладам самаадданага служэння Богу, Царкве і людзям. Самыя лепшыя якасці ён перадаў сваім дзецям. Калі Маленькаму Віктару было ўсяго 6 год, памерла маці. Таму бацька адзін выхаваў 6 дзяцей— трох сыноў і трох дочак. Усе яны звязалі свой лёс, сваё жыццё з рэлігіяй.
У школе Віктар праяўляў сябе старанным вучнем. Ён паспяхова вучыўся, добра праявіў сябе ў спорце, музыцы. Валодае ігрой на гітары, піяніна і трубе, мае цудоўны голас. Закончыў Полацкае музычнае вучылішча. Праходзіў тэрміновую службу ажно на Байкануры. І толькі пасля Віктар паступае вучыцца ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, каб цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу.
Разам з матушкай Ірынай, вернай спадарожніцай жыцця, нарадзілі і выхавалі дзвюх дочак — Кацярыну і Ангеліну. Дарэчы, Кацярына нарадзілася 6 лістапада, на прастольнае свята нашага храма.
Айцец Віктар валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Калядныя спектаклі кожны год праходзяць з яго непасрэдным удзелам. 19 студзеня, на Вадохрышча, ён разам з іншымі вернікамі і сам акунаецца ў рачную ваду. Протаіерэй адным з першых адгукнуўся на ўдзел вучняў Нядзельнай школы ў праваслаўным фестывалі “Язненскі Дабравест” у Міёрскім раёне.
Па благасалавенні айца Віктара з 2012 года сабрана нямала грашовых сродкаў для цяжкахворых дзяцей. Іх збор ажыццяўляецца менавіта пры храме. За такую высакародную справу арганізацыя “Шанц” узнагародзіла прыход царквы Падзячным пісьмом.
Протаіерэй першым працягнуў руку дапамогі ўдаве айца Уладзіміра матушцы Яўгеніі, калі свяшчэннік, настаяцель царквы Святога прарока Іллі, адышоў у вечнасць. Дзякуючы яго дапамозе, быў арганізаваны збор грошай на выраб і ўстаноўку помніка свяшчэннамучаніку Канстанціну Жданаву.
Нягледзячы на шматлікія клопаты, жыццёвыя праблемы, протаіерэй Віктар з’яўляецца для паствы ўзорам жыццялюбства і аптымізму. Бацюшка з лёгкасцю можа заставіць усміхнуцца самотнага, супакоіць запальчывага і паглядзець на самога сябе з боку.
Дзякуючы айцу Віктару, які служыць на шаркаўшчынскай зямлі ўжо чвэрць стагоддзя, храм іконы Божай маці “Усіх смуткуючых Радсць” з’яўляецца адным з найпрыгажэйшых помнікаў архітэктуры гарадскога пасёлка, яго аздабленнем.
Пасля святочнай літургіі прыхаджане царквы павіншавалі протаіерэя Віктара Валашчука з 25-годдзем служэння ў храме. Падзякавалі свяшчэнніку за чуласць да вернікаў, за адданасць і вялікую любоў да шаркаўшчынскай зямлі і яе жыхароў. Да віншаванняў далучыліся таксама падлеткі і маленькія дзеці, якія наведваюць храм. У вершаванай форме кожны з іх пажадаў айцу Віктару і надалей несці людзям слова Божае, заставацца такім жа чулым, добрым і спагадлівым.
Айцец Віктар сказаў, што на заканчэнне свайго зямнога жыцця тата падарыў яму ікону Божай маці “Усіх смуткуючых Радасць”. І вось праз пэўны час Віктар Валашчук праехаў у Шаркаўшчыну, дзе і стаў настаецелем храма, які носіць такую ж назву. Гэту акалічнасць свяшчэннік не лічыць звычайнай выпадковасцю. Па яго словах Усявышнім быў прадвызначаны яго будучы лёс — жыць і маліцца дзеля шчаслівай будучыні людзей у шаркаўшчынскай царвке “Усіх смуткуючых Радасць”.