В Ушачах прошёл творческий вечер, посвящённый юбилею поэтессы Тамары Бородёнок
Песняй на вершы Тамары Барадзёнак “Вітаем песняю вас, людзі добрыя” пачынае практычна кожнае сваё выступленне ансамбль “Талака” Віцебскай абласной філармоніі, які з канцэртамі аб’ехаў амаль усю Еўропу. Выкарыстоўваюць творы ўшацкай паэтэсы і ўдзельнікі групы “Рабінушкі” Брэсцкай вобласці, а таксама творчыя калектывы Магілёўшчыны, Міншчыны і гарадоў-суседзяў Полацка і Лепеля. Ну і, канечне, нямала прыхільнікаў яе творчасці ёсць на роднай Ушаччыне. Многія з іх завіталі на святочную вечарыну “З любоўю да роднай зямлі”, прысвечаную юбілею Тамары Дзмітрыеўны.
“Яе паэтычныя радкі настолькі меладычныя, што самі просяцца стаць песнямі!” – справядліва зазначыла старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская, віншуючы са святочнай датай Т.Барадзёнак. І сапраўды, у гэты вечар разам са шчырымі словамі паэтэса атрымала ў падарунак нямала кветак і песень на ўласныя вершы. За актыўны ўдзел у творчым і грамадскім жыцці раёна, патрыятычнае выхаванне моладзі старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка ўручыў жанчыне Ганаровую грамату райвыканкама і Ганаровую грамату ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама.
Як прызналася паэтэса, медык па прафесіі, кропкай творчага адліку лічыць сваю дэбютную публікацыю “Не прадам святое” на старонках “Патрыёта” ў 1992-м годзе. З таго часу з-пад яе пяра выйшлі сотні разнапланавых вершаў, якія друкаваліся ў рэспубліканскай перыёдыцы і аб’яднаны ў больш чым дзясятку зборнікаў.
– Нас з Тамарай Дзмітрыеўнай звязвае доўгае творчае жыццё, шмат чаго было напісана менавіта для “Матырынскай спадчыны”. Тэма захавання фальклорных традыцый ёй вельмі блізкая, бо яе маці Зінаіда Аляксандраўна стаяла ля вытокаў названага калектыву. У іх сям’і заўсёды гучалі прыпеўкі, добра ведалі народную творчасць, Тамара з маленства ўдзельнічала ў старадаўніх абрадах, – расказала Г.С.Рудзёнак.
А ўдзельніца хору народнага клуба “Ветэран” З.С.Хвошч прыгадала, што падчас канцэрта ў “Лясных азёрах” гумарэскі Тамары Дзмітрыеўны публіка з ліку расіян “разумела без перакладу і смяялася да ўпаду”. Гэта і не дзіўна – ну як, скажыце, не ўсміхнуцца подзвігам няўдачлівых гераінь баек “Памідоры” або “Бывае і такое”? Дарэчы, менавіта ўшацкай здраўніцы прысвечана апошняя гумарэска “Як добра ў “Лясных азёрах”. 18 мая на абласным свяце гумару “Смяяцца не грэх” у Шуміліне Л.М.Мядзведзева прачытала гэты твор і заваявала Дыплом лаўрэата трэцяй ступені.
На пытанне, як да Тамары Дзмітрыеўны прыходзяць ідэі камічных твораў, паэтэса, паціснуўшы плячыма, адказвае: “Узнікаюць раптоўна. Часта – у момант якіх-небудзь заняткаў: пакуль бульбу чысціла – у галаве бліснула думка, пакуль бульба смажылася – акрэсліўся сюжэт. Наогул жа мне вельмі прыемна чуць словы ўдзячнасці за напісаныя радкі. Калі твой верш сагрэў камусьці душу – значыць, ты робіш добрую справу”.
На мерапрыемства завітаў і адзін з самых верных прыхільнікаў юбіляршы – дачка Наталля. Ёй і сыну Дзмітрыю прысвечана нямала вершаў, а ўнукі Стасік і Юля наогул растуць на байках, вершах і цэлых п’есах, напісаных бабуляй.
Работнікі раённай бібліятэкі імя Е.Лось не толькі падрыхтавалі спецыяльную выставу, а і прэзентавалі свой верш, напісаны для паэтэсы. Самадзейны кампазітар С.У.Мядзведзеў сказаў, што прыйшоў на мерапрыемства адзначыць адразу дзве юбілейныя даты: дзень нараджэння Т.Барадзёнак і 20 гадоў іх плённага супрацоўніцтва.
– Мяне ўжо падводзіць здароўе, але не завітаць сёння да маёй сяброўкі я не магла! – казала яшчэ адна вядомая ўшацкая паэтэса Валерыя Гаўрылаўна Міхно. – У ёй нязгасна гарыць агеньчык творчасці – лірычны і гумарыстычны, патрыятычны і дзіцячы. Сёння прачытаю ёй свой верш і пажадаю, каб добры творчы настрой не пакідаў яе ніколі!
Скончыць жа аповед пра святочную вечарыну хацелася б словамі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.П.Котава: “Кожны юбілей – гэта своеасаблівая прыступка ў жыцці, за якой нешта новае. Упэўнены, што ў Тамары Дзмітрыеўны наперадзе яшчэ шмат значных і цікавых твораў!”
Вольга КАМАРКОВА.