Прэзентавалі медалі II Еўрапейскіх гульняў
24.05.2019
—
Разное
Прэзентавалі медалі II Еўрапейскіх гульняў
20 мая, роўна за месяц да пачатку II Еўрапейскіх гульняў, у Мірскім замку прайшла прэзентацыя ўзнагародных і памятных медалёў форуму. Месца правядзення ўрачыстай цырымоніі было абрана невыпадкова: у гэты дзень у Мір прыбыла эстафета агню “Полымя міру”.
У дызайне медалёў, распрацаваным стваральнікамі агульнай канцэпцыі брэнда II Еўрапейскіх гульняў – кампаніяй “Brama Branding”, знайшоў адлюстраванне галоўны сімвал Гульняў – чароўная “Папараць-кветка”.
Легенда медаля
Форма медаля – класічны круг, у сярэдзіне якога прамяністы элемент з невыразнымі абрысамі – менавіта так выглядае сонца яркім летнім днём, нагадваючы нам пра час правядзення Гульняў. Канец чэрвеня – самы гарачы перыяд беларускага лета, калі сонца нібы плавіцца на небасхіле. Таксама падобная “ўтульная” форма без рэзкіх кутоў ўвасабляе рысы беларускага народа: мяккасць, прыязнасць, лагоднасць, блізкасць да прыроды. Уражання хатняй утульнасці і цяпла дадасць чахол для медалёў, выраблены з натуральнага дрэва. Гэта выклікае асацыяцыю з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі, беларускай прыродай і, у прыватнасці, з лясамі. Тут, у самым сэрцы Еўропы, па легендзе, зацвітае цудоўная кветка – Папараць-кветка, выконваючы мары.
Корпус медалёў выкананы з адмысловага сплаву – тампака. Пры іх вырабе выкарыстаны каштоўныя металы – золата, срэбра і бронза. Для ўмацавання каштоўнага пакрыцця выкарыстаны таксама нанаалмазы (запатэнтаваная тэхналогія беларускіх распрацоўшчыкаў).
Працэс вырабу аднаго медаля, які спалучае ў сабе традыцыйныя тэхнікі чаканкі і нанатэхналогіі, займае каля 20 гадзін. Вага адной ўзнагароды складае каля 540 грамаў, дыяметр – 9,5 см, таўшчыня – каля 1 см.
Усяго для II Еўрапейскіх гульняў будзе выраблена 1084 медалі: па 329 залатых і срэбных, а таксама 426 бронзавых. Назва віду спорту і дысцыпліны, у якой уручаецца медаль, будзе выгравіравана на адваротным баку кожнай узнагароды.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня на 12 спартыўных аб’ектах. Больш за 4000 атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў 8 відах спорту стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 г. у Токіа (Японія).
Падрыхтаваў Аляксандр ШЭДЗЬКО.