У Магілёве хаваюць застрэленага невядомымі 22-гадовага міліцыянта
Еўрарадыё
У Магілёве хаваюць інспектара ДПС, 22-гадовага лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча, якога знайшлі застрэленым 16 траўня. Цырымонія развітання пачалася раніцай 18 траўня ў ў абласным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.
На развітанні прысутнічае шмат супрацоўнікаў міліцыі: уся вярхушка абласнога УУС, начальнік абласной ДАІ Міхаіл Неўмяржыцкі, былыя аднагрупнікі, сябры і родныя загінулага хлопца.
На першай лаве, побач з труной, у атачэнні сваякоў і сяброў сям'і сядзіць яго мама Вольга. Крыху далей — тата Мікалай.
Калегі і сваякі лічаць за лепшае не размаўляць з прэсай.
Сяброўка сям'і Святлана прыйшла на развітанне з дачкой: дзеці дзвюх сем'яў гадаваліся разам.
— Сёння сонечны дзень. Жэня назаўжды застанецца для нас сонейкам, — кажа жанчына. — У яго шмат сяброў, выдатныя бацькі. Ён заўсёды быў вельмі ўсмешлівы. Выбачайце, калі ласка. Нічога больш не магу сказаць. Гэта вельмі цяжка, гэта трагедыя для нас.