Следчыя: Магілёўскі міліцыянт загінуў ад агнястрэльнага ранення ў галаву
Следчы камітэт
Смерць супрацоўніка ДАІ ў Магілёўскім раёне надышла ў выніку агнястрэльнага ранення ў галаву. Такое папярэдняе заключэнне вынеслі эксперты, якія расследуюць забойства міліцыянта. Пры гэтым чакаецца заключэнне судова-медыцынскай і іншых экспертызаў, якія цяпер аператыўна праводзяцца, паведамляе Следчы камітэт у сваім Тэлеграм-канале.
Паводле інфармацыі ведамства, за мінулыя суткі супрацоўнікамі міліцыі і экспертамі "праведзены каласальны аб'ём працы" з мэтай выяўлення ўсіх акалічнасцяў гібелі 22-гадовага Яўгена Патаповіча. Дапытаныя сваякі і знаёмыя загінулага, а таксама іншыя сведкі. Вывучаная і зафіксаваная следавая карціна на месцы знаходжання цела. Адабраныя і далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы рэчыўныя доказы: асабістыя рэчы, дакументы (у тым ліку службовае пасведчанне), мабільны тэлефон, табельная зброя.
На сёння следчыя разглядаюць некалькі версіяў здарэння, у тым ліку правяраецца версія аб выкраданні міліцыянта невядомымі асобамі на аўтамабілі чорнага колеру, але яна не з'яўляецца прыярытэтнай.
16 траўня каля 18:00 супрацоўнік ДАІ Яўген Патаповіч знаходзіўся каля чыгуначнага пераезду ў раёне вуліц Вакзальнай і Першамайскай у Магілёве насупраць будынку Аблспажыўсаюза. Там ён сеў у невызначаны аўтамабіль. Праз некаторы час маладога чалавека знайшлі загінулым.
Ніхто з падазраваных пакуль не затрыманы. Канчатковую прававую ацэнку інцыдэнту дадуць пасля выяўлення ўсіх акалічнасцяў.
Сёння ў Магілёве адбываецца развітанне з Яўгенам Патаповічам.