Знаёмцеся! Дружная сям’я Дзмітрыя і Анастасіі Тусікавых

Источник материала:  
15.05.2019 — Разное

Знаёмцеся! Дружная сям’я Дзмітрыя і Анастасіі ТусікавыхДзень сям’і. Першае, што прыходзіць у галаву ў сувязі з гэтым днём — Новы год, Раство ці Вялікдзень. Бо ў большасці краін свету гэтыя святы з’яўляюцца традыцыйна сямейнымі.

Магчыма, не ўсе ведаюць, што ёсць у календары дзень, які не проста адзначаецца ўсёй сям’ёй, а менавіта свята сям’і. 15 мая ва ўсім свеце абвешчана Міжнародным днём сям’і. Заснаванае Генеральнай асамблеяй ААН у 1993 годзе, з той пары свята адзначаецца кожны год у многіх краінах, у ліку якіх і наша Беларусь. А добрых сем’яў, на якія варта звярнуць увагу, шмат і ў нашым раёне. У іх ліку і дружная сям’я, якую вы бачыце на гэтым здымку.

Анастасія і Дзмітрый Тусікавы з Шаркаўшчыны выхоўваюць траіх дзяцей: 9-гадовага Данілу, 6-гадовую Машу і малодшага ў сям’і хлопчыка Мацвея, якому яшчэ толькі 4 годзікі. Маладыя бацькі ў ліку тых нешматлікіх у наш час, якія не пабаяліся стаць шматдзетнымі. Гаспадар дома вырас у сям’і, дзе бацькі выхавалі пяцёра дзяцей. У сям’і Насці дзетак было трое. Таму і сёння Тусікавы ўпэўнены: гэта так цудоўна, калі ў доме шмат звонкага дзіцячага смеху, а паўсядзённыя турботы накіраваны, у асноўным, на клопат аб падрастаючым пакаленні. Якія планы ў маладой сям’і на будучыню і ці разлічваюць сучасныя маладыя бацькі на падтрымку дзяржавы? Пра гэта наш сёняшні матэрыял.

Першы хлопчык у сям’і Тусікавых, Даніла, з’явіўся на свет, калі мама яшчэ была студэнткай 2 курса Віцебскага дзяржаўнага універсітэта, дзе вучылася па спецыяльнасці “сацыяльная педагогіка і псіхалогія”. Вучобу прыйшлося адкласці на некаторы час. А на першы план выйшлі абавязкі маладой маці. Тым больш што за наступныя пяць  гадоў у сям’і нарадзілася яшчэ двое дзетак.

Два гады назад Анастасія выйшла з дэкрэтнага водпуску, за перыяд якога яна закончыла вучобу ва ўніверсітэце і атрымала вышэйшую адукацыю. Шматдзетная мама працуе спецыялістам па сацыяльнай рабоце ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН: наведвае людзей з абмежаванымі магчымасцямі на даму, фарміруе банк дадзеных у аддзяленні і праводзіць заняткі ў гуртках сацыяльнай адаптацыі інвалідаў Муж Анастасіі Дзмітрый Тусікаў апошнія 10 гадоў з’яўляецца міліцыянерам-вадзіцелем дзяжурнай часці Шаркаўшчынскага РАУС.

— У вялікай сям’і клопатаў, безумоўна, шмат, але мы спраўляемся, — прызнаецца Анастасія. — Муж Дзмітрый працуе пазменна, па графіку суткі праз двое. Калі ён на працы, усе абавязкі па дому даводзіцца выконваць мне. А калі Дзіма дома — мы ўсё робім разам. Муж для мяне — апора і падтрымка ва ўсіх справах, ён і любую справу па дому можа зрабіць, калі я не паспяваю. І клопаты пра маіх дзяцей мы стараемся дзяліць напапалам. Нашу вялікую сям’ю аб’ядноўваюць каханне і клопат, падтрымка і дабрыня. А калі ў сям’і ёсць каханне і ўзаемаразуменне, з любымі праблемамі можна справіцца.

Дзеці нашы ўсе вельмі розныя. У кожнага свой характар, свае здольнасці і звычкі.

Пакуль што адзіны вучань у нашай сям’і Даніла заканчвае 3 клас Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2. Даня вельмі ўважлівы і самы спакойны з усіх нашых дзяцей. Ён добра вучыцца ў школе і з вялікім задавальненнем наведвае Шаркаўшчынскі цэнтр дзяцей і моладзі, дзе вучыцца іграць на гітары. Першакласніцай у верасні стане і 6-гадовая дачушка Маша — актыўная і гарэзлівая дзяўчынка, якая вельмі любіць танцаваць і вучыцца гэтаму ў дзіцячым садку.

Маша, гледзячы на старэйшага брата, стараецца не адставаць ад яго і развіваецца вельмі хутка. І самы маленькі ў сям’і Мацвей таксама вучыцца ўсё рабіць і знаёміцца з навакольным светам. Паміж сабой дзеці вельмі дружныя, яны — галоўнае ў нашым жыцці. Адной іх усмешкі часта бывае дастаткова, каб мы, дарослыя, забыліся на ўсе свае праблемы і непрыемнасці.

А надзейнай падтрымкай для нашай цяпер ужо шматдзетнай сям’і заўсёды з’яўляюцца  бацькі, якія і з дзецьмі нам заўсёды гатовы дапамагчы, і проста падтрымаць, калі ў гэтым узнікае патрэба. І ўсе сямейныя святы, галоўныя з якіх дні нараджэння нашых дзетак, мы заўсёды адзначаем разам з роднымі.

А што датычыцца такога надзённага для маладой сям’і пытання, як уласнае жыллё, то яно у Тусікавых, практычна вырашана. У Шаркаўшчыне, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы шматдзетных сем’яў, яны ўзялі крэдыт на будаўніцтва і на вуліцы Юбілейнай будуюць уласны дом, у якім месца хопіць і дзецям, і дарослым. Справа гэта, канечне ж, няпростая. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі ствараюць. Пачатак пакладзены і ўжо шмат чаго зроблена. Тым больш, што асноўныя віды будаўнічых работ з дапамогай родных гаспадар дома і яго бацька выконваюць самі. А пакуль будаўніцтва не завершана, сям’я здымае 2-х пакаёвую кватэру ў нашым гарадскім пасёлку. Наперадзе шмат планаў і надзей, якія паступова, крок за крокам, ажыццяўляюцца.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика